Хроніка эскалацыі. Як рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да магчымага ўступлення ў вайну


Belsat.eu распавядае, што робяць улады Беларусі пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войска Беларусі і Расеі.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе. Менск, Беларусь. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: president.gov.by

Падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі абвінавачаннямі на адрас Украіны, заявіўшы, што афіцыйны Кіеў нібыта плануе нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі. Ён паведаміў, што ў сувязі з гэтым і «абвастрэннем на заходніх межах» было прынятае супольнае з Уладзімірам Пуціным рашэнне разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка таксама аддаў загад падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча чалавек».

Хаця Лукашэнка сказаў, што фармаванне групоўкі «ідзе ўжо, па-мойму, цягам двух дзён», дагэтуль няма інфармацыі аб прыбыцці ў Беларусь новых расейскіх падраздзяленняў. Пра гэта пакуль не паведамляюць ні ўлады Беларусі, ні афіцыйны Кіеў, ні незалежныя медыі. Разам з тым ёсць звесткі пра перадачу Расеі танкаў Т-72 і іншай тэхнікі, што была на кансервацыі ў Беларусі. Паводле ўкраінскага камандавання, першая партыя беларускіх танкаў ужо накіраваная ў Белгародскую вобласць РФ.

Цікава, што былы кіраўнік Генштабу Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў заявіў 12 кастрычніка, што генеральныя штабы Беларусі і РФ зараз толькі «адпрацуюць склад» рэгіянальнай групоўкі, пасля чаго «пачнецца яе планавае стварэнне, калі вызначацца месцы разгортвання, задачы гэтай групоўкі, парадак матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гэтак далей».

«Мы павінны рэагаваць адэкватна і своечасова на ўсе рызыкі, выклікі і пагрозы, якія ўзнікаюць. Можа быць, вядома (і кіраўнік дзяржавы пра гэта гаварыў), яшчэ пункт кіпення не настаў. Але ў любым выпадку мы мусім дзейнічаць так, каб мы былі ў папераджальным стане», – заявіў Белаконеў.

Калі верыць словам Белаконева, атрымліваецца, што пакуль нават склад супольнай групоўкі і месца яе разгортвання ў Беларусі яшчэ не вызначаныя. Сябра Аб’яднанага кабінету Валерый Сахашчык, у сваю чаргу, лічыць, што на стварэнне супольнай групоўкі спатрэбіцца некалькі месяцаў.

Абноўлена
Валерый Сахашчык: на разгортванне сумеснай групоўкі войскаў РБ і РФ спатрэбіцца некалькі месяцаў
2022.10.12 08:30

Новая праверка Узброеных сілаў

Калі прыбыццё ў Беларусь новых расейскіх сілаў яшчэ не было зафіксавана, то ўзрастанне актыўнасці беларускіх вайскоўцаў адбылося ўжо на наступны дзень пасля нарады ў Лукашэнкі. 11 кастрычніка была абвешчана праверка Узброеных сілаў, падчас якой вайсковыя падраздзяленні будуць адпрацоўваць «пытанні прывядзення ў баявую гатовасць, здзяйсненне маршу, разгортванне ў прызначаных раёнах з выкананнем вучэбна-баявых задачаў».

Такія вучэнні – не новая з’ява для Беларусі. У пачатку траўня Мінабароны абвесціла раптоўную праверку сілаў рэагавання з абсалютна аналагічнымі задачамі: прывядзенне ў боегатовасць, марш, разгортванне і выкананне вучэбна-баявых задачаў. Тая праверка фактычна ператварылася ў няспынныя вучэнні і трэнаванні, з яўным акцэнтам на дзейнасці ў памежных з Украінай раёнах.

У чым розніца паміж травеньскімі і кастрычніцкімі вучэннямі – не зусім зразумела. Але цікава, што цяперашняя праверка праводзіцца на даручэнне Лукашэнкі дзяржаўным сакратарыятам Савету бяспекі, а не проста Міністэрствам абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natallia Ablazhei / Reuters / Forum

Увечары першага дня вучэнняў паведамлялася, што байцы 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады здзейснілі начное дэсантаванне на палігоне «Берасцейскі». Перасоўванне вайсковай тэхнікі таксама фіксавалася ў Берасці. На наступны дзень, 12 кастрычніка, Мінабароны распавяло, што вайсковыя падраздзяленні ўжо прыбылі ў прызначаныя раёны разгортвання і пачалі рыхтаваць рубяжы. У якія раёны былі перакінутыя беларускія падраздзяленні, не паведамляецца.

У памежным з Украінай Добрушскім раёне тым часам распачаліся «заняткі па мабілізацыйнай гатовасці» з удзелам органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і афіцэрамі-адстаўнікамі, паведамляе выданне «Флагшток». Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што заняткі планавыя і будуць праходзіць з 11 да 14 кастрычніка ва ўсёй Гомельшчыне.

Раней «Флагшток» звяртаў увагу на нетыповыя дзяржаўныя закупы ў некаторых памежных раёнах Гомельшчыны. Напрыклад, Брагінскі і Хойнікскі райвыканкамы закупляюць сотні мяшкоў для пакавання асабістых рэчаў вайсковаабавязаных. На думку выдання, гэта можа сведчыць аб рыхтаванні мабілізацыі. А Мазырскі памежны атрад закупляе таблічкі, на якіх адлюстроўваюцца падзеі, што адпавядаюць камандзе «Паветра» (напрыклад, мінанне мяжы замежнымі самалётамі і высадка дэсанту).

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Дыверсанты ў Ельску і 300 баевікоў ва Украіне

Адначасова з праверкай Узброеных сілаў зладзіла свае вучэнні і Міністэрства ўнутраных справаў. Як заяўляецца, падраздзяленні МУС і ўнутраных войскаў цяпер адпрацоўваюць барацьбу з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Вучэнні былі арганізаваныя ў памежным Ельску Гомельскай вобласці. Паводле легенды, дыверсанты расстрэльваюць пост супрацоўнікаў ДАІ, забіраюць зброю, а потым яшчэ нападаюць на трактарыста. Пасля чаго МУС праводзіць «контртэрарыстычную аперацыю для лакалізацыі праціўніка». У роліку, апублікаваным МУС, ніхто не хавае, хто разглядаецца ў якасці патэнцыйнага ворага: «дыверсанты» носяць жоўтыя стужкі (так часта робяць байцы ЗСУ), а на шлеме аднаго з беларускіх сілавікоў можна пабачыць георгіеўскую стужку. 

Тактычна-спецыяльныя вучэнні МУС на Гомельшчыне будуць працягвацца і ў наступныя дні. Першы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрый Назараў патлумачыў, што гэтыя захады звязаныя з тым, што «дэструктыўна настроеныя асобы, якія знаходзяцца за межамі краіны» заклікаюць да «падрыўной дзейнасці» і «актаў тэрарызму». 

«У тым ліку ў рамках так званага плану «Перамога» акцэнтуецца ўвага на падрыхтоўцы ўзброеных фармаванняў, задачы якіх звязаны з прамой пагрозай нацыянальнай бяспецы», – падкрэсліў Назараў.

Легенда вучэнняў у Ельску пераклікаецца з заявай старшыні Камітэту дзяржбяспекі Івана Церцеля, якую ён зрабіў 12 кастрычніка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1». Паводле Церцеля, замежныя спецслужбы нібыта падрыхтавалі ва Украіне «ад 100 да 300 баевікоў» для захопу райцэнтру ў Беларусі, які павінен стаць «плацдармам для далейшай наступальнай аперацыі». Баевікоў, як сцвярджае кіраўнік КДБ, таксама рыхтуюць у Польшчы і Літве – за гэтым нібыта стаіць ЦРУ і іншыя магутныя спецслужбы.

«Ёсць і іншыя сцэнары, – працягвае Церцель, – Яны прадугледжваюць у тым ліку падрыхтоўку да серыі тэрактаў на нашай тэрыторыі з улікам таго, што ў нас ствараецца супольная групоўка войскаў з Расейскай Федэрацыяй. Учыненне тэрактаў на чыгунцы, учыненне тэрактаў на шляху руху вайсковых фармаванняў нашых і нашых саюзнікаў».

Імаверна, КДБ цяпер у тым ліку рыхтуецца да аднаўлення акцыяў «рэйкавых партызанаў», якіх улады адразу ж абвесцілі «тэрарыстамі». Падкрэсліваецца, што «практыка стрымання тэрактаў з дапамогай агнястрэльнай зброі будзе працягнутая» – тут улады яўна намякаюць, што яны зноў гатовыя страляць на паражэнне па бяззбройных людзях.

Генеральскі тур

На нарадзе 10 кастрычніка Лукашэнка аддаў загад сваім генералам правесці інфармацыйную працу з прадстаўнікамі буйных прадпрыемстваў і дзяржаўных органаў, каб асабіста патлумачыць ім ваенна-палітычную абстаноўку і цяперашнія захады ўлады. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, асноўны мэсідж такіх сустрэчаў паўтарае галоўныя тэзісы дзяржаўнай прапаганды: Беларусь – у коле ворагаў, Захад і Украіна хочуць развязаць вайну, але панікаваць пакуль не трэба.

У Менску тур па прадпрыемствам узначалілі дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня КДБ Іван Церцель і старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо. 11 кастрычніка яны выступалі на МЗКЦ, 12 кастрычніка – на МАЗе і БелАЗе. Далей, як паведамляюць улады, у планах наведаць і іншыя «флагманы беларускай эканомікі».

Кіраўнікі сілавых ведамстваў выступаюць не толькі перад працаўнікамі прадпрыемстваў. Так, Вальфовіч, Хрэнін, Церцель і Лапо 11 кастрычніка правялі сустрэчу ў Доме афіцэраў з прадстаўнікамі органаў выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Вальфовіч, у прыватнасці, заявіў, што на Захадзе нібыта «пагаворваюць» пра нанясенне тактычных ядравых удараў па Беларусі. Цікава, што паводле ягоных словаў, «адной з нагодаў для выкарыстання вайсковай сілы супраць нашай краіны Захад лічыць магчымы ўваход ва Украіну новых расейскіх груповак з тэрыторыі Беларусі». Пры гэтым ён не ўдакладніў, ці сапраўды плануецца такі «ўваход».

Вальфовіч таксама казаў, што ЗША і ЕЗ «нарошчваюць падтрыманне дэструктыўных элементаў», а ва Украіне нібыта абмяркоўваецца ўдар па Беларусі сіламі палка імя Кастуся Каліноўскага.

Сакратар Савету бяспекі ў той жа дзень яшчэ паспеў выступіць перад байцамі 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Там ён таксама казаў пра «спробы калектыўнага Захаду развязаць вайну ў Рэспубліцы Беларусь».

На мясцовым узроўні палітінфармацыю праводзяць сілавікі рангам ніжэй. На Мазырскім НПЗ 11 кастрычніка выступаў начальнік галоўнай вайсковай інспекцыі генерал-маёр Іван Багуслаўскі. Багуслаўскі казаў пра нарошчванне сілаў NATO, абвастрэнне сітуацыі ўздоўж беларускіх межаў і імавернасць узброеных правакацыяў.

Генералы, імаверна, дэманструюць на гэтых сустрэчаў адну і тую ж мультымедыя-прэзентацыю. У сюжэце мясцовага тэлебачання пра выступ Багуслаўскага ў аб’ектыў тэлекамеры трапілі некаторыя слайды гэтай прэзентацыі. Напрыклад, інструментамі «антыбеларускай кампаніі» Захаду там называліся «Белсат», радыё «Свабода», NEXTA, «МотольКО помоги», праваабарончыя арганізацыі «Freedom House» і «Беларускі дом», фонды Сораса, Маршала і Адэнаўэра і г. д.

У Гомлі чалец Савету Рэспублікі, начальнік гомельскай мытні Фелікс Яшкоў тлумачыў неабходнасць разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ на моладзевым форуме супрацоўнікаў мытных органаў. Ён агучваў там стары прапагандысцкі наратыў, што віна за вайну ва Украіне ляжыць на ёй самой, а ўкраінскае кіраўніцтва нельга лічыць самастойным, бо ўсе рашэнні нібыта прымаюцца ЗША і краінамі NATO.

У сюжэце ТРК «Гомель», прысвечанаму гэтаму форуму, сцвярджалася, што «ваенізаваныя фармаванні» Украіны нібыта пастаянна ладзяць правакацыі на мяжы. Пры гэтым ні аднаго прыкладаутакіх правакацыяў прапагандысты не прывялі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў