Чэхія з 25 кастрычніка забароніць уезд расейцам з турыстычнымі візамі


З 25 кастрычніка ўлады Чэхіі забароняць уезд на тэрыторыю краіны расейцам з шэнгенскімі візамі, выдадзеныя з мэтай турызму, спорту ці культуры, незалежна ад таго, якая краіна выдала візу. Пра гэта 12 кастрычніка паведаміў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.

Сцяг Чэхіі. Крыніца: qirim.news

«З 25 кастрычніка мы ўводзім меры ў дачыненні да грамадзян РФ, якія атрымалі кароткачасовыя шэнгенскія візы з мэтай турызму, культуры і спорту. Ім будзе забаронены ўезд у Чэхію. Гэта датычыцца перш за ўсё расейскіх грамадзян, якія прыбываюць у аэрапорт у Празе», – заявіў кіраўнік МЗС.

Раней, 19 верасня, Эстонія, Літва, Латвія і Польшча ў мэтах аховы грамадскага парадку і бяспекі таксама забаранілі ўезд расейцам, у тым ліку тым, хто мае шэнгенскія візы, выдадзеныя трэцімі дзяржавамі, акрамя выключэнняў (дыпламаты, студэнты, работнікі сферы перавозак).

З 30 верасня Фінляндыя закрыла мяжу для расейцаў па турыстычных візах. Цяпер патрапіць у краіну можна толькі па гуманітарных прычынах. У Нарвегіі таксама задумаліся аб тым, каб абмежаваць уезд турыстаў з Расеі ў краіну праз сухапутную мяжу.

Пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме паміж Расеяй і Еўрапейскім звязам спыніла дзеянне 12 верасня. Яно было падпісана 15 гадоў таму. Цяпер для афармлення шэнгенскай візы грамадзянам Расеі трэба плаціць 80 еўра замест 35 еўра. Акрамя таго, максімальны тэрмін разгляду заяў на візы працягнуты да 45 дзён, а спіс неабходных дакументаў пашыраны.

Hавiны
ЕЗ прыпыніў пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме з РФ
2022.08.31 17:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў