У палітзняволенай Наталлі Хершэ адабралі дзённік і нататкі


Зняволеная ў Беларусі грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ паведаміла пра ўмовы свайго ўтрымання. Ейныя словы з ліста перадае радыё «Свабода».

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: Белсат

Што паведаміла Наталля Хершэ:

  • Яна ад 27 верасня адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4. Туды яе перавялі з гомельскай жаночай калоніі, дзе яна адмовілася шыць форму сілавікам. Яе пераводзілі проста са штрафнога ізалятара.
  • Новае месца «спадабалася»: «Далі добрую бялізну, добрую коўдру, але ў камеры прахалодна, пакуль не паляць. Харчаванне тут падобнае да харчавання ў калоніі, і, што вельмі важна, — ёсць выдатныя прагулачныя дворыкі».
  • Наталлі ў ейным строгім рэжыме дазволеная гадзіна прагулкі, атаварка на 29 рублёў, адно тэлефанаванне на месяц, адно кароткатэрміновае спатканне на год, адна бандэроль на год, адна пасылка на месяц з садавіной.
  • Наталля мае праблему з валасамі і мяркуе, што ёй патрэбнае гарманальнае лекаванне. Ёй на новым месцы прапанавалі кансультацыю спецыяліста.
  • Пасля этапавання ў Наталлі зніклі некаторыя рэчы: дзённікі, якія яна вяла ў ізалятарах і калоніі; партрэты, якія яна малявала ў калоніі; сшыткі з пазнакамі, якія яна рабіла, калі чытала кнігі; паштоўкі, падпісаныя па-нямецку; часопісы «Наша гісторыя», чыстыя аркушы паперы.
  • Ейныя першыя лісты да брата і дачкі не дайшлі. Першы ліст да дачкі не прайшоў турмовую цэнзуру: хоць там яна «не пісала на палітычныя тэмы», ён патлумачылі, што напісанае ў лісце «ганіць дзейную ўладу».
  • Яна не пісала прашэнне аб памілаванні, бо тады б «растаптала сябе духоўна».

«Калі разгледзець мой выпадак, то турма — гэта не самае горшае, што магло б здарыцца, і наогул, магчыма, дзякуючы менавіта гэтаму «горшаму» здарыцца нешта «лепшае», што без першага ніяк не магло б адбыцца», – піша Наталля ў лісце да дачкі.

Артыкулы
«Яна на ўсё глядзіць з аптымізмам». Брат Наталлі Хершэ – пра перавод сястры ў магілёўскую мужчынскую турму
2021.09.28 19:40

Зняволеная дадае, што атрымлівае асалоду ад жыцця, наколькі гэта магчыма ў няволі, і не адчувае адзіноты. Яна перакананая, што яе «немагчыма пакараць», бо яна знаходзіць у зняволенні нешта добрае.

«Ніколькі не хачу запісваць сябе ў пакутніцы, я не такая ўсё ж, весела ўспамінаю некаторыя выпадкі, якія адбыліся са мной у месцах майго папярэдняга знаходжання, – разважае яна ў лісце. – Думаю, кніга магла б атрымацца нядрэнная».

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 г. у Менску падчас Бліскучага маршу жанчын. Калі Наталлю цягнулі ў аўтазак, яна паспрабавала зняць з сілавіка балаклаву. У выніку на жанчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 363 КК РБ за «супраціў працаўніку ўнутраных справаў з ужываннем гвалту». 7 снежня суд Савецкага раёну Менску пакараў яе 2,5 гадамі зняволення ў калоніі. Наталля двойчы абвяшчала галадаванне як пратэст супраць таго, што яе пазбаўлялі карэспандэнцыі, ды іншых парушэнняў правоў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў