Што азначае вызваленне 11 фігурантаў «справы Белгазпрамбанку»?


У аўторак, 12 кастрычніка, стала вядома, што на свабоду выйшлі 11 фігурантаў «справы Белгазпрамбанку». Яны знаходзіліся пад вартай з лета 2020 года, але іх справы так і не былі перададзеныя ў суд. Belsat.eu разбіраўся, хто гэтыя людзі і чаму ўлады вырашылі іх вызваліць.

11 кастрычніка з-пад варты былі вызвалены Святлана Купрэева, Дзмітрый Карака, Дзмітрый Жардзецкі і Уладзімір Сажын. Іх затрымалі яшчэ ў чэрвені 2020 года па падазрэнні «ва ўхіленні ад выплаты падаткаў».

Святлана Купрэева – сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі, хросная ягонай дачкі. Падчас выбарчай кампаніі была каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па адным з раёнаў Менску. 11 чэрвеня мінулага году была затрыманая КДБ, яе звінавацілі ў нанясенні шкоды дзяржавы амаль на $ 4 млн. Падчас следства абарона Купрэевай хадайнічала аб змяненні меры стрымання, за сяброўкі Бабарыкі былі гатовыя асабіста паручыцца пісьменнікі Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў і Леанід Галубовіч (Святлана – дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева). Але суд скаргу не задаволіў.

Артыкулы
Падпалкоўнік, былы памежнік, вучыўся ў Акадэміі ФСБ. Што вядома пра палітвязня Дзмітрыя Караку
2020.07.09 18:49

Дзмітрый Карака – былы вайсковец, падпалкоўнік памежных войскаў. Пачаў кар’еру на берасцейскай заставе, а завершыў начальнікам сектару арганізацыі аператыўнага пошуку ў Дзяржаўным памежным камітэце. Мае медали «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ ступені, якія ён атрымаў у адпаведнасці з указамі Лукашэнкі. У 2014-м Карака выйшаў на пенсію і ўладкаваўся ў «Белгазпрамбанк» памочнікам старшыні. А ў 2020-м далучыўся да выбарчай кампаніі Бабарыкі.

Дзмітрыя Жардзецкага называюць сябрам Бабарыкі, ён быў дырэктарам дзвюх фірмаў, якія фігуравалі ў «справе Белгазпрамбанку». Уладзімір Сажын раней працаваў дарадцам Бабарыкі і зʼяўляўся сябрам праўлення «Белгазпрамбанку» цягам 14 гадоў.

Белгазпромбанк.
Фота: Белсат

У прэс-службе Бабарыкі распавялі belsat.eu, што не ведаюць, на якіх умовах адбылося вызваленне Купрэевай, Каракі, Сажына і Жардзецкага і ці пісалі яны, напрыклад, прашэнне аб памілаванні.

Таксама стала вядома пра вызваленне яшчэ 7 фігурантаў справы. Гэта экс-супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» Уладзімір Дрозд, Андрэй Грыгаровіч і Дзмітрый Шаўчук, акцыянеры «ПрыватЛізінгу» Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка, Антон Марозаў і сябра назіральнай рады кампаніі «Кентаўр» Вольга Радзецкая (Бабарыка ў свой час характарызаваў узаемадзеянне «Кентаўра», «ПрыватЛізінгу» і «Белгазпрамбанку» як «партнёрскую экасістэму»). Гэтыя 7 чалавек выйшлі на свабоду яшчэ ў верасні, але медыі даведаліся пра гэта толькі цяпер.

Як развівалася «справа Белгазппрамбанку»

Віктар Бабарыка.
Фота: Белсат

Пераслед Віктара Бабарыкі і звязаных з ім людзей распачаўся ў чэрвені 2020 года. Справа развівалася вельмі імкліва:

  • 4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падчас нарады прапанаваў спытаць Віктара Бабарыку, які на той момант успрымаўся як ягоны галоўны апанент на будучых прэзідэнцкіх выбарах, што такое «ПрыватЛізінг» і дзе ён трымае грошы, «якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі».
  • 11 чэрвеня супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК прыйшлі з ператрусам у галоўны офіс «Белагазпрамбанку», некалькі былых і дзейных яго супрацоўнікаў былі затрыманыя па справе аб адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў. «Увесь цынізм гэтых дзеянняў складаецца ў тым, што яны накіраваны не на мяне, а на маіх сяброў, на людзей, з якімі я працаваў», – адзначаў тады Бабарыка.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя 15 чалавек і яны ўжо «ўсё расказваюць». Ён прызнаў, што даручыў хутчэй весці следства, а Бабарыку назваў «нягоднікам», у якога «рыльца ў пушку».
  • 18 чэрвеня Віктар Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам і памочнікам Дзмітрыем Каракам, калі яны накіроўваліся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Агулам у межах справы «Белгазпрамбанку» былі затрыманыя больш за 20 чалавек.

Спачатку экс-банкіру было выстаўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў»), ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам»), а таксама па ч. 2 арт. 431 («Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры»). Але пазней абвінавачванне па ч. 2 арт. 431 КК было перакваліфікавана на ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару»).

Судовы працэс

Віктар Бабарыка ў судзе. Крыніца: AFP / Виктор Бабарико — официальный канал / telegram

Абвінавачванне, выстаўленае фігурантам «Белгазпрамбанку», мае вельмі заблытаны характар і звязана з узаемадзеяннем шэрагу беларускіх і замежных фірмаў. Па-сутнасці, бок абвінавачванне крыміналізаваў звычайную эканамічную дзейнасць, прыраўняўшы законнае пералічэнне дывідэндаў да хабараў і «адкатаў».

У лютым 2021 года распачаўся суд па «справе Белгазпрамбанку». На лаве падсудных апынуўся Віктар Бабарыка, шасцёра ягоных былых падначаленых – Кірыл Бадзей, Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, Аляксей Задойка, а таксама кіраўнік кампаніі «Актыўлізінг» Віктар Кабяк. Былыя топ-менеджары пагадзіліся з тэкстам абвінавачвання і ў значнай ступені на іх словах будаваліся прэтэнзіі супраць Бабарыкі. У сваю чаргу абарона экс-банкіра падкрэслівала на працэсе, што ў іх былі агульныя матывы агаварыць Бабарыку, бо яны, не верачы ў аб’ектыўнасць суду, разлічвалі такім чынам выратаваць сябе ад больш жорсткага пакарання.

Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Суд Маскоўскага раёну Менску. Людзі чакаюць ля ўваходу. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд пакараў Бабарыку 14 гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Шабан атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі, Кузьміч – 6,5 гадоў, Кабяк – 3, Ільясюк, Дабралёт, Бадзей – 5,5. Задойка быў прысуджаны да 5 гадоў «хатняй хіміі».

Артыкулы
За чатыры паседжанні не зразумелі сутнасці абвінавачання. Што кажуць пра справу Бабарыкі прысутныя на судзе
2021.02.22 20:53

Якую ролю гэтыя людзі адыгралі ў справе Бабарыкі?

Як распавёў у інтерв’ю belsat.eu былы абаронца Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі, сем фігурантаў справы «Белгазпрамбанку», якія выйшлі на свабоду яшчэ ў верасні, на судовым працэсе давалі паказанні ў якасці сведкаў абвінавачвання. Усіх іх канваявалі на суд з СІЗА, на паседжанні яны прысутнічалі ў кайданках (за выключэннем Вольгі Радзецкай). Але істотна дапамаглі дзяржаўнага абвінавачванню толькі трое – Харлановіч, Герашчанка і Марозаў.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі. Суд над Віктарам Бабарыкам, 17 лютага 2021 года, Менск.
Фота: Белсат

«Мяркую, што выхад на свабоду людзей, датычных да «ПрыватЛізінгу» і шэрагу іншых кампаніяў, быў канкрэтна звязаны з тымі словамі і меркаваннямі, якія яны пагадзіліся агучыць, каб КДБ і потым пракуратура выкарыстала гэта для пераследу Бабарыкі. У прыватнасці, Харлановіч, Герашчанка і Марозаў называліся ў справе асобамі, якія нібыта перадавалі хабар. То бок яны не проста нейкія звесткі суду паведамілі, а на іх меркаванні шмат якія высновы былі зроблены», – кажа былы абаронца Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Іншая карціна склалася адносна той чацвёркі, якай выйшла на свабоду ў кастрычніку. Паводле Лаеўскага, імя Дзмітрыя Каракі наогул у матэрыялах справы супраць Бабарыкі не фігуравала. Імя Святланы Купрэевай згадвалася, але яна падчас следства адмовілася ад дачы паказанняў і ў суд яе не выклікалі. Жардзецкі дапытваўся ў судзе ў якасці сведкі, прычым яго выклікаў бок абвінавачвання, але на працэсе нічога супраць Бабарыкі ён не сказаў.

«Больш за тое, Жардзецкі казаў, што Бабарыка ніколі ні пра што яго не прасіў і не абмяркоўваў з ім пытанні, звязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Што датычацца Сажына, то яго дапытвалі на судзе па хадайніцтву абароны, і на ягоных паказаннях, у тым ліку абарона, асноўвала свае высновы.

Такім чынам, што тычацца гэтай чацвёркі, то якія-небудзь прэтэнзіі, высунутыя Віктару Бабарыку, на іх паказаннях не былі заснаваныя», – тлумачыць Лаеўскі.

Чаму адпусцілі арыштаваных?

Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Суд Маскоўскага раёну Менску. Людзі чакаюць ля ўваходу. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Дзмітрый Лаеўскі асобна падкрэслівае, што ў паказаннях так званых «хабарадавальнікаў» не было гаворкі пра тое, што яны асабіста перадавалі Бабарыку нейкія грошы.

«Нагадаю, што ў гэтай справе хабарам былі прызнаныя дывідэнды, якія на законных падставах адна юрыдычная асоба пералічыла іншай. То бок Віктару Бабарыку ніхто дывідэндаў не пералічваў і гэта не мае меркаванне, гэта факт. У гэтым як раз і абсурднасць справы. Акрамя таго, тыя дывідэнды, якія пералічвалі так званыя «хабарадавальнікі» Харлановіч, Герашчанка і Марозаў, не належалі ім. Яны належалі беларускім юрыдычным асобам».

Лаеўскі звяртае ўвагу на яшчэ адзін прынцыповы момант у справе. Сама сутнасць хабару ў тым, каб перадача грошаў была абумоўлена нейкімі дзеяннямі службовай асобы – у дадзеным выпадку працаўнікоў банку. Але топ-менеджары «Белгазпрамбанку» (хаця яны фармальна пагадзіліся з абвінавачваннем) казалі на працэсе, што яны не рабілі нічога ў абмен на грашовае ўзнагароджанне, а «хабарадавальнікі» адзначалі, што нічога і не прасілі.

«Вось гэтыя моманты і дэманструюць, што гэта за справа. Калі паглядзець на абставіны справы і расследавання, то мы бачым, што мэтай працэсу было не раскрыццё злачынства, а ізаляцыя Віктара Бабарыкі», – падкрэслівае былы адвакат Віктара Бабарыкі.

Адвакат Лаеўскі. Другі дзень працэсу па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанка.
Фота: Белсат

Менавіта з улікам гэтай галоўнай мэты і трэба разглядаць лёс арыштаваных: паколькі Віктара Бабарыку ўжо прысудзілі да 14 гадоў зняволення, то ўсе астатнія фігуранты справы следству сталі непатрэбныя.

«То бок адныя выйшлі на свабоду, бо яны зрабілі тыя дзеянні, якія ад іх чакаліся, а іншыя выйшлі, бо што з іх можна ўзяць? Яны прасядзелі ў СІЗА больш за год і ўжо ўсім зразумела, што яны не будуць агаворваць Бабарыку. Дык навошта іх трымаць? Безумоўна, я рад, што людзі выйшлі, бо я не бачу падставаў, каб наогул хтосьці з іх знаходзіўся ў СІЗА. Таму вельмі добра, што яны выходзяць. Але матывы іх арышту і іх вызвалення – гэта, канешне, усё вельмі сумна. Тут няма прававой логікі, няма прававой працэдуры», – кажа Лаеўскі.

Артыкулы
Абаронцу Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў
2021.07.08 22:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў