Мігранты актыўней пайшлі з Беларусі. На межах Еўразвязу зноў «развярнулі» не менш за 700 чалавек


Літоўскія памежнікі за 11 кастрычніка не пусцілі з Беларусі ў Літву 121 мігранта. Польскія памежнікі ўжо тыдзень штодзённа паведамляюць пра больш за паўтысячы перадухіленых спробаў нелегальна перайсці мяжу.

Паводле Delfi.lt, сённяшняе паведамленне пра 121 «развернутага» мігранта – своеасаблівы рэкорд пасля 25 жніўня, тады «развярнулі» 151 чалавека. У апошнія ж дні літоўцы «разварочвалі» максімум 61 чалавека.

У панядзелак літоўскія памежнікі бачылі на беларускім баку тры сігнальныя ракеты, чулі пяць стрэлаў у Лаздзійскім раёне, нават артылерыйскія стрэлы ў Друскінінкайскім (апошнія могуць быць звязаныя са стралянінай на палігоне ў Гожы, дапускае літоўскі бок).

Польскія памежнікі паведамілі пра тое, што 11 кастрычніка перадухілілі 605 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы і затрымалі 13 мігрантаў з Іраку. Гэта не рэкорд – 9 кастрычніка Памежная ахова Польшчы паведамляла пра 739 перадухіленых спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Але калі месяц таму палякі штодзень паведамлялі пра 200–300 спробаў, цягам апошняга тыдня пішуць пра 600–700 спробаў штодзень.

Але рэкорд зафіксавалі на мяжы Нямеччыны з Польшчай: за 8–10 кастрычніка затрымалі 392 мігрантаў, якія выкарыстоўвалі Беларусь як краіну транзіту. Большасць затрыманых – з Сірыі, Ірану і Емену.

8 кастрычніка, сцвярджае польская Памежная ахова, была спроба сілавога прарыву мяжы з беларускага боку:

На мяжы Латвіі з Беларуссю спакойней: там штодзень паведамляюць пра паўтара-два дзясяткі, але не сотні спробаў нелегальна перайсці мяжу.

З чым можа быць звязаны рост колькасці спробаў нелегальна перайсці мяжу, не бярэцца гадаць ні польскі, ні літоўскі бок.

Hавiны
У Нямеччыне расследуюць датычнасць Лукашэнкі да «кантрабанды мігрантаў»
2021.10.10 17:03

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў