«КП»: Журналісту Генадзю Мажэйку выставілі абвінавачванне


Абвінавачванне журналісту газеты «Комсомольская правда в Беларуси» не вядомае дакладна. Аб тым, што яго выставілі, мяркуюць паводле таго факту, што Мажэйку не вызвалілі праз 10 дзён па затрыманні.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Расейская «Комсомольская правда» мяркуе, што Генадзю Мажэйку выставілі абвінавачванне ў «Распальванні варожасці» і «Абразе прадстаўніка ўлады» з прычыны ягонага артыкулу, дзе колішняя аднакласніца Андрэя Зельцара станоўча яго характарызуе. Расейская «КП» дадае, што тэкст выдалілі з сайта праз 7 хвілін пасля публікацыі.

Мажэйка, як мяркуе «КП», застаецца ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Аднак яго не далі наведаць адвакатам і родным, спаслаўшыся на каронавірус: сцвярджаюць, ён на каранціне. Яму нават не прымаюць перадачы.

Абноўлена. Галоўны рэдактар расейскай «КП» заявіў расейскім медыям, што зняволенне Мажэйкі – «вялікая стратэгічная памылка». Ён сказаў, што ў выдання «няма ніякіх варыянтаў», акрамя як «даказваць, што гэтае абвінавачванне абсурднае». Скаргу на меру ўтрымання маюць разглядзець толькі апоўдні 13 кастрычніка.

Аналітыка
Ахвяруючы іміджам. Што азначае «справа Мажэйкі» і выгнанне «КП» для стасункаў Масквы і Менску
2021.10.11 11:30

Генадзь Мажэйка быў затрыманы 1 кастрычніка ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Паводле гэтых артыкулаў яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў.

Падставай для пераследу журналіста стала зацемка, апублікаваная неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У матэрыяле, апублікаваным на сайце kp.by, аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Зацемка выклікала абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і «прапагандзе экстрэмізму». Раніцай 29 верасня сайт kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Мажэйку палітычным зняволеным, таксама як дзясяткі чалавек, затрыманых за каментары ў сувязі са здарэннем на Якубоўскага.

Hавiны
Павышаная ўвага Крамля, пагражае да 12 гадоў зняволення. Што трэба ведаць пра «справу Мажэйкі»
2021.10.05 10:57

АА belsat.eu

Стужка навінаў