Чаму пратэстуюць палякі?

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Столькі праблемаў і выклікаў Польшча ў сваёй найноўшай гісторыі яшчэ не мела.

У нядзелю сотні тысяч палякаў у Варшаве і іншых гарадах краіны выйшлі на вуліцы з польскімі, але пераважна еўразвязаўскімі сцягамі. Апазіцыйныя палітыкі на сталічнай Замкавай плошчы пераконвалі, што кіроўная з 2015 года партыя «Закон і справядлівасць» (PiS) ідзе ў кірунку polexit, слова паходзіць ад брытанскага brexit. Шмат маіх польскіх калегаў-журналістаў лічаць, што Польшча сапраўды ідзе ў кірунку выхаду з Еўразвязу. Маўляў, Брытанія таксама пачынала са сваркі з ЕЗ, а праз некалькі гадоў справа дайшла да рэферэндуму. Геапалітычныя рэаліі і гістарычны досвед паказваюць, што такой турбулентнасці Польшча, натуральна, магла б не вытрымаць. Вось і падняўся градус эмоцыяў у польскім грамадстве, але перадусім на палітычнай сцэне.

Дэманстрацыя супраць палітыкі ўрада «Закону і справядлівасці» (PiS) аб выхадзе Польшчы з Еўразвязу. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2021 года. Фота: Franciszek Mazur / Forum

Што ж адбылося? Канстытуцыйны суд Польшчы пастанавіў у мінулы чацвер, што нацыянальнае заканадаўства мае перавагу перад еўрапейскім. Падпісваючы ж у 2007 годзе Лісабонскі дагавор? Польшча прызнавала, што паміж еўрапейскімі трактатамі і Канстытуцыяй няма супярэчнасцяў. Цяпер, атрымліваецца, што супярэчнасці ёсць.

З люксембургскім Судом Еўрапейскага Звязу (CJEU) у Польшчы дзве асноўныя спрэчкі. Адна датычыць створанай парламенцкай большасцю PiS Дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага Суда (Izba Dyscyplinarna Sądu Najwyższego), якую ў ліпені CJEU прызнаў нелегальнай. Польскае кіраўніцтва тлумачыла гэта патрэбай рэфармавання судовай сістэмы, маўляў, суддзі робяць што хочуць і не нясуць ніякай адказнасці перад грамадствам, а часам яшчэ маюць і камуністычнае мінулае. Гэта не пераканала еўрапейскіх чыноўнікаў і польскую апазіцыю. Другая спрэчка датычыць шахты Тураў, супраць разбудовы якой пратэставала суседняя Чэхія. Суд Еўрапейскага Звязу задаволіў просьбу Прагі аб прыпыненні вуглездабычы ў шахце. Польшча не прыпыніла, і 20 траўня CJEU наклаў на Польшчу штраф памерам 500 000 еўраў штодзённа за невыкананне патрабавання. Сітуацыя для Варшавы складаная не толькі таму, што гаворка пра тысячы рабочых месцаў. Праблемаў дадае энергетычны крызіс у Еўропе, выкліканы пазіцыяй Расеі. Асобнае пытанне – баталіі Польшчы і Венгрыі з CJEU адносна пазбаўлення еўрапейскіх сродкаў за «парушэнне законнасці ў краіне». У снежні за пазбаўленне выказалася большасць кіраўнікоў ЕЗ, супраць – Польшча і Венгрыя. Судовае паседжанне ў Люксембурзе распачалося ў аўторак.

На гэтым, аднак, спіс праблемаў Польшчы не заканчваецца. Пандэмія выклікала вялізныя людскія і матэрыяльныя страты, інфляцыя (5,8 %) б’е 20-гадовыя рэкорды, што перакладаецца на кошты спажывецкіх тавараў. Асабліва кідаюцца ў вочы кошты паліва. Калі вясной мінулага года дызельнае паліва каштавала крыху больш за 4 злотыя, то цяпер на некаторых станцыях даходзіць да 6 злотых. А тут яшчэ і гіганцкі скачок цаны газу, які б’е ўсе гістарычныя рэкорды ў Еўропе. Не выключана, што калі сітуацыя не стабілізуецца, польскаму ўраду прыйдзецца датаваць менш забяспечаную частку насельніцтва, бо павелічэнне коштаў для спажыўцоў будзе адчувальнае.

Дэманстрацыя супраць палітыкі ўрада «Закону і справядлівасці» (PiS) аб выхадзе Польшчы з Еўразвязу. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2021 года. Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

І да гэтага вось пакету праблемаў рэжым Лукашэнкі падкінуў Польшчы яшчэ і міграцыйны крызіс на мяжы, закідваючы сотнямі мігрантаў. Надзвычайны стан у памежнай зоне працягнуты, на мяжы ўжо не толькі памежнікі, але і жаўнеры Польскага войска. Падаецца, ніколі ў найноўшай польскай гісторыі не было столькі выклікаў і пагрозаў. І калі польскі ўрад з імі не справіцца, то вынікі парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ў 2023 годзе, могуць быць не на карысць дзейнай улады.

Руслан Шошын belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў