Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам


Былы начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу і былы выкладчык Акадэміі МУС Аляксандр Азараў.
Фота: Белсат

Пасля выбараў 2020 года слова «ГУБАЗіК» трывала ўвайшло ў адзін сінанімічны шэраг з «НКВД», «КДБ» і «АМАП». Што гэта за падраздзяленне, чым займаецца і хто ў ім служыць? Пра сумна вядомы ГУБАЗіК распавёў падчас запісу праграмы «Шчыра кажучы» былы начальнік 3-га ўпраўлення гэтай структуры і былы выкладчык Акадэміі МУС Аляксандр Азараў. Паводле яго, усе напрамкі, якімі закліканы займацца ГУБАЗіК, а менавіта барацьба з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю і экстрэмізмам, – зменшыліся да нуля. «Яны ўсе займаюцца барацьбой з іншадумцамі. Яны змагаюцца з грамадзянамі, якія выступаюць супраць рэжыму», – кажа Аляксандр Азараў.

«Я думаю, што павінны прыйсці да ўсіх»

«Цяпер у іх праца вельмі простая: ёсць база «Беспарадкі», у якой каля 40 тысяч чалавек. Яны бяруць гэтую базу і па чарзе адпрацоўваюць кожнага чалавека. У гэтую базу ўнесеныя ўсе людзі, якія затрымліваліся за ўдзел у пратэстах, прайшлі ў крымінальных або адміністратыўных справах. Ці нават не затрымліваліся, а была якая-небудзь інфармацыя пра тое, што яны маюць дачыненне да дзейнасці якіх-небудзь арганізацыяў або проста нелаяльныя да рэжыму – усе гэтыя людзі заносяцца ў базу. І цяпер яны проста бяруць кожнага чалавека па чарзе і адпрацоўваюць, – сцвярджае Азараў. – Я думаю, што павінны прыйсці да ўсіх. Але ім трэба час».

Паводле яго, ГУБАЗіК – невялікая арганізацыя. У 2020-м налічвала каля паўтысячы чалавек, але пазней яе пашырылі. Цяпер ва ўпраўленні служыць 550–600 чалавек. Менавіта таму «адпрацаваць» адразу ўсіх 40 тысяч грамадзянаў з базы «Беспарадкі» яны не ў стане.

«Улады сталі патрабаваць паказнікі ў працы. Адміністратыўныя затрыманыя – гэта не паказнікі. Трэба ўзбуджэнне менавіта крымінальных справаў і прыцягненне людзей да крымінальнай адказнасці. І цяпер супрацоўнікі ГУБАЗіКу пачынаюць ездзіць па аддзелах і прасіць операў, каб дапамаглі ім што-небудзь раскрыць. Каб уключалі іх у зводку, што, маўляў, з удзелам ГУБАЗіКу было раскрытае злачынства», – распавядае Азараў.

Ён упэўнены, што прыбраць сваё прозвішча з базы «Беспарадкі» практычна немагчыма. Нават калі чалавек ужо «сядзіць ціха».

«Гэта як, дапусцім, з футбольнымі фанатамі, калі ў свой час імі стала займацца 3-е ўпраўленне. У спісе, які складаўся КДБ, былі каля 5 тысяч фанатаў. І была задача ўсіх людзей з гэтага спісу прыцягнуць да адказнасці. Хоць футбольны фанат – гэта ж не назаўсёды, так? Дапусцім, ён ажаніўся, нарадзіліся дзеці, і ён не хуліганіць ужо. Можа, ужо і на матчы не ходзіць. Але ён – у спісе, а дзяржава патрабуе паказнікаў у працы. Таму яго будуць распрацоўваць ужо пажыццёва, пакуль не прыцягнуць да адказнасці», – тлумачыць Азараў.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту ў Менску 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Большасць супрацоўнікаў – былыя ўчастковыя»

Былы следчы ГУБАЗіКу сцвярджае, што ва ўпраўленні ўжо цяпер адчуваецца дэфіцыт кадраў. Многія імкнуцца сысці з арганізацыі, якая сябе дыскрэдытавала і ўспрымаецца як карная. Даслужваюць да канца кантракту і адразу пішуць рапарт на звальненне. А на месца прафесіяналаў набіраюць моладзь.

«Старэйшых лейтэнантаў у іх большасць. Такога ніколі не было. Калі раней у ГУБАЗіК трапіць было немагчыма і туды забіралі самых лепшых, нават кіраўнікоў забіралі на пасады звычайных операў, то цяпер туды бяруць нават курсантаў з акадэміі. Я ведаю, што цяпер большасць супрацоўнікаў – былыя ўчастковыя. Яны не маюць досведу аператыўнай працы, а цяпер служаць у ГУБАЗіКу», – кажа Аляксандр Азараў.

«80 % часу ідзе на барацьбу з беларускім народам»

Наш суразмоўца адзначае, што пачынаючы з 2020 года да нядаўняга часу асноўнай задачай ГУБАЗіКу было паказваць вынікі барацьбы з іншадумствам. Гэта – у прыярытэце. Астатнімі – асноўнымі! – справамі займаюцца факультатыўна, так сказаць – «у вольны ад працы час».

«Але з нядаўняга часу на нарадах пачалі пытацца і аб выніках працы на канкрэтных напрамках дзейнасці. А гэтых вынікаў няма! І тут пачынаюцца вялікія праблемы. З аднаго боку, патрабуюць змагацца з беларускім народам, а з другога – пачынаюць патрабаваць вынікі рэальнай працы. Сумясціць гэта немагчыма! Бо патрэбен велізарны запас часу. Калі раней следчы працаваў толькі на сваім кірунку – і то былі праблемы, то цяпер ён 80 % часу аддае барацьбе з беларускім народам, а 20 % пакідае на працу. Які можа быць вынік? Ніякага!» – сцвярджае Азараў.

Артыкулы
«Я б не змог вярнуцца туды». Былы міліцыянт просіць аб дапамозе
2021.09.19 14:11

Менавіта таму, кажа Азараў, значна пагоршылася статыстыка раскрывальнасці, да прыкладу, цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Калі раней гэты паказнік быў на ўзроўні 60 %, то за 2020 год – 40 %.

«І нам пішуць грамадзяне, якія неаднаразова звярталіся ў міліцыю, што ў іх наркапрытон у пад’ездзе, але міліцыя не рэагуе, міліцыі няма калі гэтым займацца, бо міліцыя займаецца зразаннем стужачак, або сцягоў, або патрулюе двары, каб упільнаваць своечасова які-небудзь лакальны марш», – кажа Аляксандр Азараў.

«За кожны вывешаны сцяг пазбаўляюць прэміі»

Ён распавядае, што супрацоўнікаў ГУБАЗіКу размяркоўваюць таксама на патруляванне раёнаў. Кожны раён у Менску падзелены на сектары, кожны з іх замацаваны за пэўным супрацоўнікам. І трэба кантраляваць, каб грамадзяне не вывесілі які-небудзь сцяг ці не павесілі стужачку.

«За кожную вывешаную стужачку караецца супрацоўнік, адказны за гэты раён. Таму любая актыўнасць вельмі ўплывае на супрацоўнікаў – іх пазбаўляюць прэміяў і г. д.», – тлумачыць Азараў.

Інтэрв’ю
Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень
2021.09.18 12:00

Ён кажа, што пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіКу не маюць залатых гор, і заробак ім пакуль не падвысілі – толькі плануюць.

«Нават калі ў сакавіку быў Дзень міліцыі, ім выдалі прэмію за кошт будучых прэміяў. Было сказана так: мы цяпер грошы плацім, але мы іх у будучыні забярэм з вашага заробку, таму што грошай няма. Але паколькі свята – дамо. І імкнуцца цяпер па выніках працы на асноўных напрамках пакараць і пазбавіць прэміі», – кажа Азараў.

«Яны разумеюць, што ім прыйдзецца адказваць»

Як распавядае Аляксандр Азараў, палітычныя справы расследуюцца ў пэўных аддзелах, дзе працуюць следчыя, лаяльныя да рэжыму. У абласных упраўленнях – 5–10 чалавек, у цэнтральным – 10–15.

«Яны разумеюць, што ім прыйдзецца адказваць за свае дзеянні. Яны ўсюды ставяць свае подпісы і тым самым у будучыні будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці самі. І гэта вялікі псіхалагічны стрэс для іх, займацца гэтым. Шмат хто ў першыя дні адмаўляўся весці такія справы, і іх пераводзілі ў іншыя аддзелы. Але тыя, хто ўжо расследуе, прызвычаіліся, для іх гэта звычайная справа. Мы ведаем гэтых следчых па прозвішчах. Я з імі асабіста раней служыў і сядзеў у адных кабінетах. Яны плывуць па плыні, ім ставіцца каманда – і яны ні пра што не думаюць», – кажа Азараў.

Былы начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу і былы выкладчык Акадэміі МУС Аляксандр Азараў.
Фота: Белсат

Паводле яго, палітычная справа, у якой праходзяць 40–45 абвінавачаных, можа расследавацца год-паўтара. Калі эпізоды цалкам «даказаныя» і «расследаваныя», яны накіроўваюцца ў суд паасобку. Аднаго абвінавачанага – у адным месяцы, другога – у наступным. Па чарзе. Усе палітычныя справы стаяць на кантролі кіраўніцтва дзяржавы.

«І я так разумею, што яны дакладваюць, можа быць, нават штотыдзень аб праведзенай працы: колькі людзей затрымана, прыцягнута, адпраўлена ў суд. Следчы павінен пастаянна пісаць справаздачы. Не расследаваць справу, а пісаць дакладныя. А напісаць дакладную немагчыма за гадзіну ці дзве – гэта дакументы па 10–15 старонак. Пакуль напісаў гэтую даведку – ужо і тыдзень прайшоў. І табе ўжо трэба пісаць новую. Такая бюракратыя таксама вельмі ўплывае на працу», – дзеліцца былы следчы ГУБАЗіКу.

«Лукашэнка як бог: ты сядзеш, а ты не сядзеш»

Між тым, Азараў сцвярджае, што завесці справу за карупцыю на найвышэйшых службовых асоб («рэестр кіраўніка дзяржавы») практычна немагчыма. Каб завесці крымінальную справу (ці нават справу оперуліку), скажам, на суддзю, міністра, кіраўніка адміністрацыі або старшыню гарвыканкаму, трэба атрымаць асабісты дазвол прэзідэнта.

«Большасць людзей нельга чапаць. Яны недатыкальныя. Следчыя пішуць рапарты на міністра і ўзгадняюць усё гэта ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. І там, калі гэты чалавек блізкі да прэзідэнта, ён вырашае, дазволіць яго прыцягваць да адказнасці ці не. У большасці выпадкаў – не дазваляе», – тлумачыць Аляксандр Азараў.

«Лукашэнка сам прымае рашэнні. Ён як бог: ты сядзеш, а ты не сядзеш. Ён гэта вырашае. Гэта незаконна. Гэта ён стварыў элітную групу людзей, якія не падлягаюць закону», – дадае ён.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

«Калі любога чалавека распрацоўваць год-два, можна знайсці, за што прыцягнуць»

У той жа час начальнік можа атрымаць ад міністра ўказанне, якое яму, у сваю чаргу, спусцілі звыш, аб неабходнасці прыцягнуць да адказнасці пэўнага чалавек. І ў ГУБАЗіКу заводзяць такія справы і займаюцца «замоўленым» чалавекам, пакуль не знойдуць, за што яго прыцягнуць.

«Так, менавіта: быў бы чалавек – артыкул знойдзецца. Калі любога чалавека распрацоўваць год-два, то можна знайсці, за што яго прыцягнуць. Асабліва калі чалавек займаецца бізнесам. Вядома, што ў нас калі нічога не будзеш парушаць, то бізнесу ў цябе не будзе – згалееш адразу ж. І людзі вымушаныя звяртацца да нейкіх выкрутаў, а ўсе гэтыя хітрыкі можна трактаваць з пункту гледжання крымінальнага закону», – распавядае Аляксандр Азараў.

Паводле інфармацыі Азарава, так фабрыкавалася справа і ў дачыненні Віктара Бабарыкі. Была пастаўлена задача любымі метадамі прыбраць яго з выбарчай кампаніі, бо ён можа выйграць прэзідэнцкую гонку.

«Яны выламалі дзверы ў ягоным офісе – людзі бачылі гэтае відэа. Уварваліся ў масках, потым забралі ўсе алічбаваныя подпісы і цяпер з дапамогай гэтых подпісаў людзей звальняюць з дзяржпрадпрыемстваў і дзяржустановаў. І мы вызначылі, хто гэта рабіў. Гэта было першае ўпраўленне на чале з Ковычам, які цяпер займае пасаду начальніка ўпраўлення», – кажа Азараў.

Ён сцвярджае, што за Бабарыку аддалі свае подпісы 12 супрацоўнікаў цэнтральнага апарату ГУБАЗіКу. Большасць з іх ужо звольненыя.

«Калі прызнаўся – сядзеш у турму»

Паводле Аляксандра Азарава, самымі «папулярнымі» метадамі ціску на чалавека ў супрацоўнікаў ГУБАЗіКу застаюцца пагрозы і выкарыстанне фізічнага гвалту.

«Раней гэта было вельмі рэдка. А цяпер ударыць чалавека – ніякіх праблемаў. Раней супрацоўнік стараўся, каб не было сведкаў: сам-насам у кабінеце або дзе-небудзь яшчэ. А цяпер гэта робіцца ва ўсіх на вачах, і гэта нават лічыцца нейкай бравадай. Ніхто нічога не баіцца. Супрацоўнік міліцыі нават не хавае свайго твару. Таму што ведае, што любая заява будзе выкінутая ў сметніцу, справы ніхто не распачне», – кажа Азараў.

З нагоды пагрозаў былы супрацоўнік ГУБАЗіКу сцвярджае, што часцей за ўсё іх не даводзяць да нейкіх дзеянняў. Гэта пагрозы дзеля пагроз – каб чалавек прызнаўся. Калі чалавек пад пагрозамі або ў выніку выкарыстання гвалту прызнаецца, то будзе прыцягнуты да адказнасці. Калі не прызнаўся – у яго ёсць шанец.

Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзіць з ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

«Калі прызнаўся, даў пароль ад свайго тэлефона – сядзеш у турму. Калі не – ёсць шанец, каб гэтага пазбегчы. Таму што ў большасці выпадкаў яны цяпер проста затрымліваюць людзей па нейкім падазрэнні, у іх няма ніякіх доказаў. Іх задача – узламаць яго тэлефон, падабраць пароль і знайсці там якія-небудзь каментары. Калі чалавек не дае ім паролю і яны не могуць яго ўзламаць, а сам ён ні ў чым не прызнаецца, – яны яго адпусцяць. Будуць яму пагражаць, можа, нават біць, але ў выніку – адпусцяць. Але калі чалавек зламаўся і прызнаўся – ён паедзе з кабінета не дадому, а адразу ў ІЧУ», – кажа Азараў.

Найлепшы метад абароны ў гэтых выпадках – гэта адмова ад дачы паказанняў наогул, раіць экс-супрацоўнік ГУБАЗіКу.

«Ці падвяргаўся ціску я? Не… Ну, як сказаць, яны мне пішуць, вядома, пагражаюць, але мне ўсё гэта смешна, таму што я ведаю іх працу і я тых, хто мне піша, сам калісьці вучыў, многіх з іх браў на працу. Гэтыя намеры… толькі смех яны могуць у мяне выклікаць. Таму… Ну, ціск, як сказаць. Калі Карпянкоў па ТБ выступае і кажа, што мы адправім у Польшчу групу ліквідацыі, каб гэты «ByPol» зліквідавалі, гэта ж ціск таксама», – прызнаецца Азараў.

«Я бачыў кроў, чорныя плямы на асфальце…»

На працягу года перад выбарамі Аляксандр Азараў працаваў выкладчыкам кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці ў Акадэміі МУС. У дзень выбараў трапіў на выбарчы ўчастак і сваімі вачыма ўбачыў, як адбываецца фальсіфікацыя.

«Я даведаўся ад маіх калегаў, што фальсіфікавалі выбары ўсюды, на ўсіх выбарчых участках, дзе яны працавалі. Кожны быў сведкам гэтай фальсіфікацыі, і, у прынцыпе, кожны супрацоўнік міліцыі ведае, што выбары прайшлі незаконна, што Лукашэнка захапіў уладу, што ён ужо не прэзідэнт, што ён нелегітымны», – кажа Азараў.

Людзі ўцякаюць пасля выбуху дзвюх святлогукавых гранат на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Ён успамінае, што ўвечары 9 жніўня 2020 года прыйшлося вяртацца дамоў з працы праз увесь горад пешшу, бо замовіць таксоўку было немагчыма.

«Я бачыў кроў, чорныя плямы на асфальце ад выбухаў гранат, бачыў вопратку, якая ад людзей засталася, бачыў зламаныя ровары. Я ўсё гэта бачыў, чуў аповеды, быў у Фрунзенскім РУУСе, калі там людзей збівалі – і прыняў рашэнне звольніцца. Я прыйшоў у дзяжурную частку акадэміі – у дапамогу дзяжурнаму, там не хапала супрацоўнікаў, і ўбачыў стос рапартаў. Спытаў. Мне сказалі, што гэта рапарты на звальненне. Там ужо ляжала 11 рапартаў. Я пайшоў, напісаў свой і паклаў зверху», – падсумоўвае Азараў.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

ЗК/АА belsat.eu

Стужка навінаў