Як вызваляюць Украіну. Контрнаступ у датах і мапах


Усе ведалі, што будзе контрнаступ Украіны, але мала хто чакаў такога поспеху на Харкаўшчыне. Згадваем, што было перад контрнаступам і як на яго адрэагавалі ў Расеі.

Мапа вайны ва Украіне ад 1 да 11 жніўня 2022 года. Выява: ISW / Twitter

Храналогія чакання контрнаступу

  • 24 лютага 2022 года Расея пачала ўварванне, пачынаецца поўнамаштабная вайна ва Украіне.
  • 25 лютага. На наступны дзень пасля пачатку ўварвання ва ўкраінскіх медыях пачынаюць ужываць слова «контрнаступ»: штаб Аперацыі аб’яднаных сілаў паведаміў, што ў раёне Белаводску Луганскай вобласці ўкраінскія ваяры прарвалі пазіцыі нападнікаў і «замацавалі поспех контрнаступам». Слова будуць надалей ужываць адносна лакальных аперацыяў на тэрыторыях Данбасу, Кіеўшчыны, Сумшчыны, Харкаўшчыны, Чарнігаўшчыны…
  • 29 сакавіка Расея пачынае адступленне з кіеўскага і чарнігаўскага напрамкаў. Цягам першай дэкады красавіка Збройныя сілы Украіны аднаўляюць кантроль над паўночнай часткай краіны. Але гэта не контрнаступ Украіны, а адступленне расейскіх войскаў, якія не вытрымалі ўкраінскай абароны. Надалей баявыя дзеянні будуць сканцэнтраваныя на ўсходзе і поўдні Украіны, расейцы будуць захопліваць новыя тэрыторыі на Данбасе.
  • 5 траўня. Пакуль ЗСУ пераходзяць да контрнаступальных дзеянняў на харкаўскім і ізюмскім напрамках (яшчэ чатыры месяцы поспехі будуць даволі лакальныя ды параўнальныя са стратамі), пачынаюць гучаць разважанні пра вялікі контрнаступ – у Офісе прэзідэнта Украіны лічаць, што ён магчымы ў другой палове чэрвеня ці ў ліпені, калі паступіць дастаткова зброі ад саюзнікаў.
  • Другая палова чэрвеня. Маштабны контрнаступ не пачынаецца, трываюць пазіцыйныя баі ды абстрэлы. ЗСУ просяць не каментаваць контрнаступу на Херсоншчыне і стрымліваць эмоцыі. Кіраўнік украінскай выведкі абяцае «бачныя вынікі» контрнаступу на Херсоншчыне са жніўня. На Харкаўшчыне ў гэты час ідуць інтэнсіўныя баі, але маштабнага контрнаступу там не прагназуюць.
  • Ліпень. Міністр абароны Украіны кажа, што прэзідэнт даручыў вайскоўцам дэакупаваць прыбярэжныя раёны на поўдні, распрацаваць адпаведныя планы. Расейскія дзяржаўныя медыі пішуць, што «рэферэндум» аб далучэнні Херсонскай і Запарожскай вобласцяў да Расеі пройдзе ў першай палове верасня. Амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) у канцы месяца паведамляе, што Украіна ці то рыхтуецца пачаць контрнаступ на Херсоншчыне, ці то ўжо пачала. Украінскія войскі наносяць удары па апорных пунктах расейскіх войскаў на Херсоншчыне, абстрэльваюць склады і масты. Але пра контрнаступ на харкаўскім напрамку кажуць рэдка – пераважна як пра тэарэтычную магчымасць.
Што было пасля вызвалення Кіеўшчыны. Паўгода вайны за хвіліну – ад 12 красавіка да 12 верасня 2022 года. Выява: deepstatemap.live
  • Жнівень. Расея вымушаная перакідваць на поўдзень Украіны дадатковыя войскі, паскарае рыхтаванне «рэферэндумаў». Ва Украіне то кажуць, што контрнаступ на херсонскім напрамку пачаўся, то тлумачаць, чаму ён яшчэ не пачаўся. Украінскія войскі вядуць баі за асобныя сёлы і працягваюць знясільваць праціўніка, але мапа лініі сутыкнення амаль не мяняецца, а Генштаб ЗСУ не хваліцца поспехамі і заклікае захоўваць інфармацыйную цішу. Пра будучы контрнаступ на поўначы публічна не кажуць.
  • 29 жніўня ўкраінскі бок паведамляе аб прарыве першай лініі абароны праціўніка на поўдні, Расея кажа аб правале ўкраінскага контрнаступу ў Херсонскай вобласці. Паведамленні пра перакідванне ўкраінскіх рэзерваў на Харкаўшчыну праходзяць амаль незаўважна.
  • 5 верасня акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласці Украіны ўзялі «паўзу ў правядзенні рэферэндуму». А «The New York Times» піша, што Расея вымушаная купляць артылерыйскія снарады ў Паўночнай Карэі. Украіна мае лакальныя поспехі на Херсоншчыне і Данбасе, але вызваленыя ўсяго колькі паселішчаў. Увага журналістаў засяроджаная на Херсоне, Ізюме і Данецку, але не Харкаве. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі намякае журналістам, што контрнаступ ідзе не толькі на Херсоншчыне, але не кажа, дзе яшчэ, каб расейцам быў сюрпрыз.

Пералом. Пачаўся контрнаступ на паўночным усходзе

Контрнаступленне на Харкаўшчыне. Мапа вайны ва Украіне ад 5 да 11 жніўня 2022 года. Выява: ISW / Twitter
  • 6 верасня сюрпрыз адбыўся. ЗСУ атакавалі расейскія пазіцыі ды прарвалі фронт у раёне Балакліі (Ізюмскі раён Харкаўскай вобласці), падышлі да ўскраінаў гораду, які быў акупаваны з 2 сакавіка. Расейскія дзяржаўныя медыі і праўладныя блогеры паўтараюць, што «ніякай панікі няма», але пад вечар кажуць, што горад у аператыўным акружэнні.
  • 7 верасня ISW канстатуе эфектыўны контрнаступ на Харкаўшчыне, але гаворка яшчэ аб прасоўванні на 20 км і вызваленне 400 км² тэрыторыі. Наступ Украіны працягваецца і на Херсоншчыне. Уладзімір Пуцін заяўляе, што «Расея нічога не страціла» ад нападу на Украіну. Вядомы расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў выходзіць у эфір са слядамі пабояў на твары.
  • 8 верасня Зяленскі пацвярджае вызваленне Балакліі. Тамтэйшыя жыхары кажуць, што расейскія войскі амаль без бою пакінулі горад. Прэзідэнт ЗША ўхваляе пастаўкі Украіне чарговай партыі ўзбраенняў на $ 675 млн, у Кіеў прыбывае з неанансаваным візітам дзяржаўны сакратар ЗША. Акупацыйная адміністрацыя Куп’янску заяўляе пра эвакуацыю жанчын і дзяцей – ва Украіне горад называюць важным лагістычным цэнтрам расейцаў на ізюмскім напрамку.
  • 9 верасня Генштаб ЗСУ ўпершыню паведамляе пра контрнаступ на харкаўскім напрамку, прасоўванне на 50 км за 3 дні. Зяленскі кажа пра 30 вызваленых паселішчаў Харкаўшчыны. ISW піша аб працягу контрнаступу на Харкаўшчыне – на Куп’янск і ў бок Ізюму, магчымы кацёл вакол Ізюму (там маглі акружыць каля 10 тысячаў байцоў). Украінская выведка сцвярджае, што расейскія войскі дэзарганізавана ўцякаюць з харкаўскага напрамку – нават на роварах, скрадзеных у мясцовых жыхароў. Муніцыпальныя дэпутаты з Масквы і Санкт-Пецярбургу выступілі са зваротамі, у якіх запатрабавалі адстаўкі Пуціна.
  • 10 верасня ў першай палове дня Міністэрства абароны Расеі паказвае перакідванне дадатковых сілаў у Харкаўскую вобласць. Але ўлады «ДНР» паведамляюць  пра выхад расейскіх войскаў з Ізюму. Пад вечар Мінабароны Расеі заяўляе пра «перагрупаванне» войскаў з Балакліі ды Ізюму на данецкі напрамак, «аперацыю згортвання ды арганізаванае перакідванне» групоўкі войскаў. З’яўляюцца паведамленні пра ўваход украінскіх войскаў у Куп’янск і Ізюм, а Зяленскі кажа пра вызваленне 2000 км². У расейскай дзяржаўнай прапаганды смутак і разгубленасць, тым часам у Маскве ўрачыста адкрываюць кола агляду і святкуюць Дзень гораду. Зяленскі кажа, што Украіна можа вызваліць усе свае тэрыторыі ўжо ўзімку, але перамовы з Крамлём немагчымыя, «грамадства не хоча размаўляць з тэрарыстамі».
Расея раптам адмовілася ад прысутнасці на большай частцы Харкаўшчыны. Мапа вайны ва Украіне 10 і 11 верасня 2022 года. Выява: Минобороны России / Telegram
  • 11 верасня Міністэрства абароны Расеі паказвае на мапе адступленне не проста з Куп’янску ці Ізюму, а з большай часткі Харкаўскай вобласці (уголас пра гэта не казалі). Крэмль адмаўляецца ад ідэі «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях. Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў публічна крытыкуе Міністэрства абароны Расеі, а расейскі спявак Алег Газманаў скасоўвае запланаваны на гэты дзень канцэрт у Ізюме з назваю «Россия здесь навсегда» . Міністр замежных справаў Расеі нагадвае, што Пуцін казаў у ліпені: «Мы не адмаўляемся ад перамоваў». Але Зяленскі паўтарае: перамовы немагчымыя да вызвалення ўсіх захопленых тэрыторыяў. Расея наносіць удары па энергетычнай інфраструктуры Украіны, у некалькіх вобласцях часова знікае электрычнасць.
  • 12 верасня. Імаверна, расейскія войскі на Харкаўшчыне адышлі за раку Аскол. На Херсоншчыне і Данеччыне не назіраецца такіх маштабных зрухаў фронту, хоць баі трываюць. У Херсонскай вобласці вызваленыя пяць мясцовасцяў і каля 500 км² тэрыторыі. Шмат што па-ранейшаму хавае «туман вайны»: напрыклад, пакуль толькі ходзяць чуткі пра магчымае вызваленне Ліману ды Ямпалю, што каля Славянску.
Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны
Журналісты «Белсату» пра моц беларусаў, перамогу і працу на фронце
2022.09.11 11:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў