Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 12 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Генеральны штаб ЗСУ на 201-ы дзень расейскага ўварвання ва Украіну агучыў абноўленыя лічбы стратаў расейцаў 52 950 чалавек забітымі.

Чарговыя содні вайны адзначыліся моцнымі абстрэламі тэрыторыі Украіны расейцы нанеслі 18 ракетных і 39 авіяцыйных удараў па вайсковых і інфраструктурных аб’ектах Украіны, у прыватнасці, гаворыцца пра трапленне па харкаўскай ЦЭЦ-5 і Крэменчужскай ЦЭЦ. У выніку расейскіх нападаў увечары 11 верасня былі цалкам абясточаныя Харкаўская і Данецкая вобласці, часткова – Запарожская, Днепрапятроўская і Сумская.

12 верасня ў першай палове дня расейцы ў чарговы раз ударылі па Харкаве, пасля чаго ў горадзе пачаліся пажары і зноў прапала святло. Старшыня Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў пра аднаго забітага і чатырох параненых сярод мірных жыхароў. Мэр Харкава Ігар Церахаў назваў гэтыя ўдары помстай расейцаў за поспехі ЗСУ на фронце.

Аналітыка
«Гэта вельмі па-расейску». Што адбываецца ў Харкаве пасля ракетных абстрэлаў гораду войскамі РФ
2022.09.12 17:14

Пры гэтым наступалі расейцы толькі каля населеных пунктаў Маёрск і Краснагораўка, дзе атакі былі спыненыя ЗСУ, і каля населеных пунктаў Зайцава і Мікалаеўка Другая, дзе баявыя дзеянні працягваюцца.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што ўкраінскія войскі працягнулі вызваленне тэрыторыяў Харкаўскай і Данецкай вобласцяў. Адзначаецца, што за мінулыя содні ЗСУ ўдалося выбіць расейцаў з больш чым 20 населеных пунктаў, якія цяпер бяруцца пад поўны кантроль. Расейскія войскі, пакідаючы ўкраінскія населеныя пункты, забіраюць з сабой нарабаванае за час вайны. Такая сітуацыя назіралася ў Вялікім Бурлаку і ў Дварычным, а ў горадзе Сватава Луганскай вобласці расейскія войскі выехалі самі разам за сваімі сем’ямі, усклаўшы абарону на так званую народную міліцыю ЛДНР.

Паводле прарасейскага Тэлеграм-каналу «Старше Эдды», харкаўскі фронт стабілізаваўся па лініі ракі Аскол, а ў Данецкай вобласці ЗСУ змаглі замацавацца і за ракой, і цяпер вядуць баі за горад Ліман.

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што агулам контрнаступ ЗСУ ў Харкаўскай вобласці прайшоў значна лепш, чым чакалася. Пры гэтым Рэзнікаў папярэджвае, што расейцы зноў могуць пачаць наступаць на гэтым участку фронту, да чаго варта быць гатовымі. 

На поўдні Украіны ЗСУ працягнулі наступаць на ўчастках фронту ў Мікалаеўскай і Херсонскай вобласцях. Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк паведаміла, што ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў углыб пазіцыяў ворага.

Таксама аператыўнае камандаванне «Поўдзень» афіцыйна пацвердзіла вызваленне населеных пунктаў Высакаполле, Новавазнясенскае, Белагорка, Міралюбаўка і Сухі Ставок Херсонскай вобласці. А кіраўнік акупацыйных уладаў у Херсоне Кірыл Стрэмавусаў паведаміў пра чарговы ўдар артылерыі ЗСУ па Антонаўскім мосце.

Разам з тым Генштаб звяртае ўвагу на вялікія страты сярод расейскіх вайскоўцаў. У прыватнасці, 810-я асобная брыгада марской пяхоты РФ з Севастопалю страціла амаль 85% асабовага складу. Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведамляе, што ў такіх умовах некаторыя падраздзяленні войскаў РФ на поўдні Украіны настроеныя скласці зброю і спрабуюць весці перамовы пра гэта са Збройнымі сіламі Украіны.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чарговы раз заявіў, што якія-небудзь перамовы з Расейскай Федэрацыяй будуць магчымыя толькі пасля поўнага вызвалення ёю ўсіх захопленых украінскіх тэрыторыяў. Зяленскі лічыць, што Расея не разумее словаў міру, але добра адчувае сілу на полі бою.

Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны
Журналісты «Белсату» пра моц беларусаў, перамогу і працу на фронце
2022.09.11 11:05

BK belsat.eu 

Стужка навінаў