Украінскія вайскоўцы вызвалілі горад Святагорск на Данеччыне


Украінскія вайскоўцы фарсіравалі раку Северскі Данец і занялі горад Святагорск, які ў пачатку чэрвеня акупавала расейская армія.

Украінскія медыі паведамлялі пра дэакупацыю Святагорску яшчэ днём. Вечарам інфармацыю афіцыйна пацвердзілі ў Нацыянальнай гвардыі.

На старонцы Нацгвардыі ў Фэйсбуку заявіла відэа з байцом Віталём Маркавым. «Падраздзяленні Нацгвардыі, ЗСУ і тэрытарыяльнай абароны зайшлі ў горад Святагорску. Крок за крокам, метр за метрам мы вызваляем нашу тэрыторыю ад акупантаў», – кажа вайсковец, стоячы ля сцяны з шыльдай «Грамадская прыёмная Святагорскай гарадской рады».

Горад Святагорск (да вайны там пражывала каля 4300 чалавек) знаходзіцца на рацэ Северскі Данец за 20 кіламетраў ад горада Ліман, які ў апошнія дні, фарсіраваўшы раку, спрабуюць узяць украінскія вайскоўцы. Па не да канца пацверджаных паведамленнях, украінцы фарсіравалі Северскі Данец яшчэ і ў трэцім месцы, за 30 км на ўсход ад Лімана, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Некаторыя расейскія тэлеграм-каналы прызнаюць новыя поспехі ўкраінцаў на рацэ Северскі Данец. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) паведаміў, што акрамя Святагорску ЗСУ маглі заняць пасёлак Белагораўка. «ЗСУ ажыццяўляюць бесперапынны націск на нашу лінію абароны на Северскім Данцы, які фарсіраваны з навядзеннем пантоннай пераправы», – піша ён.

Пазней увечары Стралкоў перапосціў допіс экс-баевіка, вайсковага блогера Андрэя Марозава, які сцвярджае, што пасля фарсіравання ракі Северскі Данец пад Белагораўкай ЗСУ выйшлі ў фланг 2-му корпусу «ЛНР» і ў тыл казакам і луганскім рэзервістам.

Аналітыка
Як вызваляюць Украіну. Контрнаступ у датах і мапах
2022.09.12 19:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў