Палітвязня Рыгора Грыгу пакаралі 4 гадамі калоніі


У Гарадзенскім абласным судзе 12 верасня агучылі прысуд 52-гадоваму палітвязню Рыгору Грыгу – чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Мікалай Рачынскі, паведамляе ПЦ «Вясна».

Яго затрымалі 29 верасня 2021 году ў Горадні за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Грыгу выставілі абвінавачванне ў «распальванні варожасці» (арт. 130 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

Падчас яго ўтрымання пад вартай Рыгору дадаткова выставілі абвінавачванне яшчэ за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і заклікі да санкцыяў (ч.3 арт. 361 КК), а абвінавачванне паводле арт. 369 знялі.

Hавiны
У Берасці журналістку БелТА пакаралі 3 гадамі зняволення
2022.09.08 13:30

Праваабаронцы паведамляюць і пра яшчэ адзін вырак у межах «справы Зельцара», які быў вынесены яшчэ 7 верасня. Палітвязню Яраславу Пашкову суд Мазырскага раёну прысудзіў пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год і 9 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, па рашэнні суда ён павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3200 рублёў). Яраслава абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368). Рашэнне вынесла суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Нагадаем, што за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ у Беларусі затрымалі больш за 200 чалавек. Судовыя працэсы пачаліся яшчэ ў студзені 2022 года. З тых часоў суды адбываюцца рэгулярна, і часцей за ўсё каментатарам прызначаюць менавіта пазбаўленне волі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў