Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 12 верасня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 12 верасня.

Суд Маскоўскага раёну Менску прызначыў палітвязням Аляксею Хількевічу і Раману Лабанава па тры гады калоніі за тое, што яны рассылалі лісты сябрам выбарчых камісіяў з заклікам сумленна лічыць галасы на рэферэндуме.

У Чашніках 23-гадовага Сцяпана Хадатовіча пакаралі 2 гадамі «хіміі» за «экстрэмісцкія» надпісы і выявы бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага сцягоў.

Праваабаронцы таксама паведамляюць пра новыя прысуды за каментары па так званай «справе Зельцара»:

  • У Горадні 52-гадовага палітвязня Рыгора Грыгу пакаралі 4 гадамі калоніі. Першапачаткова яго затрымалі «па справе Зельцара», але потым дадаткова абвінавацілі ў закліках да санкцыяў і абразе Лукашэнкі;
  • Суд Іванаўскага раёну асудзіў палітвязня Івана Кузюру да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за тое, што ён пакінуў каментар у сацсетцы «Вконтакте» наконт гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка;
  • У Мазыры палітвязню Яраславу Пашкову прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год і 9 месяцаў. Яраслава спачатку затрымалі ў межах «справы Зельцара», але потым абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368).

У Баранавічах 24-гадовага Уладзіслава Рабіча, які з’яўляецца інвалідам I групы і перамяшчаецца на вазку, пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» і канфіскавалі персанальны камп’ютар за «абразу Лукашэнкі».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што ГУБАЗіК затрымаў 37-гадовага таксіста за тое, што ён адмовіўся падвезці двух супрацоўніц Следчага камітэту. Пры гэтым не тлумачыцца, які закон ён такім чынам парушыў. У «пакаянным відэа» мужчына таксама заявіў, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, нібыта прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і ў інтэрнэце заклікаў біць міліцыянтаў.

Таксама стала вядома пра затрыманне ГУБАЗіКам двух ацішнікаў: жыхара Горадні Аляксея Шкляра і жыхара Бараўлянаў Алега Галубоўскага. Абодвух вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах.

12 верасня журналіст Дзяніс Івашын выступіў у судзе з апошнім словам. Вырак палітвязню будзе агучаны 14 верасня ў 16:00.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд справы трох палітзняволеных – Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герб «Пагоня». Цяпер іх судзяць агулам па пяці артыкулах КК. Анатоль Латушка – стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.

Дызайнер Анатоль Лазар, пра затрыманне якога стала вядома ўвечары ў нядзелю, быў пакараны 12 верасня 15 соднямі адміністратыўнага арышту.

Стала вядома, што ў ліпені палітзняволены Сцяпан Латыпаў на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. Ягонаму здароўю цяпер нічога не пагражае. На шчасце, лязо не пашкодзіла стрававод і страўнік, а рана на руцэ загаілася без ускладненняў. За гэтыя ўчынкі Сцяпана пакаралі 17 соднямі ШІЗА, якія ён адседзеў у жніўні.

Фігурантку «справы Аўтуховіча» Вольгу Маёраву кінулі ў карцар. Прычыны і тэрмін невядомыя.

Hавiны
Этапаванай у Беларусь Яне Пінчук выставілі абвінавачанне і прызначылі шэраг экспертызаў
2022.09.12 15:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў