Этапаванай у Беларусь Яне Пінчук выставілі абвінавачанне і прызначылі шэраг экспертызаў


Беларусцы Яне Пінчук, экстрадаванай з Расеі 10 дзён таму, выставілі абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, прызначаны шэраг экспертызаў.

Яна Пінчук на судзе ў Расеі. 9 жніўня 2022 года.
Фота: freeyana / Telegram

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», цяпер дзяўчыну ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА № 2. Пінчук узялі пад варту на 2 месяцы. Расследаваць крымінальную справу даручылі Віцебскаму гарадскому аддзелу Следчага камітэту.

Яну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Дзяўчыну вінавацяць у тым, што ў тэлеграм-канале «Витебск 97 %» пад нікам Прынцэса Лея размяшчала паведамленні з «негатыўнаю ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады».

Пінчук інкрымінуюць наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»);
  • ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі захапіць дзяржаўную ўладу, гвалтоўна змяніць канстытуцыйны лад, ажыццяўляць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).

Яне Пінчук пагражае да 12 гадоў зняволення.

Раней у Следчым камітэце Беларусі паведамлялі, што Пінчук праходзіць абвінавачванай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Мяркуючы з усяго, з Яны Пінчук знялі абвінавачанні паводле арт. 188 («Паклёп») і ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні з персанальнымі звесткамі іншай асобы») КК.

Hавiны
Яну Пінчук этапавалі ў Віцебск
2022.09.01 15:58

Хто такая Яна Пінчук

Яне Пінчук 24 гады, з лістапада 2021-га яе трымалі ў СІЗА Санкт-Пецярбургу. Дзяўчыну затрымалі ў пецярбургскай кватэры і змясцілі пад арышт. У Беларусі яе абвінавацілі ва ўдзеле ў стварэнні апазіцыйных тэлеграм-каналаў «Витебск 97%», «Орша 97 %» і «Новополоцк и Полоцк 97 %».

Як паведамляе радыё «Свабода», юрысты спрабавалі абскардзіць рашэнне Генпракуратуры Расеі аб выдачы Пінчук. Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забяспечыць абарону ейнага жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам ейнай скаргі. Але ў Маскве ўсе гэтыя рэкамендацыі праігнаравалі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў