У Італіі завяршыўся Венецыянскі кінафестываль. Галоўную ўзнагароду атрымаў фільм «Падзея»


Завяршыўся 78-мы Міжнародны Венецыянскі кінафестываль, які праходзіў з 1 па 11 верасня на востраве Лідо.

Уладальнікам «Залатога льва», галоўнай узнагароды Венецыянскага кінафестывалю, стаў фільм «Падзея» («L’Evenement») французскага рэжысёра Одры Дыван.

Уручэнне галоўнай узнагароды рэжысёру Одры Дыван.
Фота: la_Biennale / Twitter

Фільм распавядае пра праблему падпольных абортаў у Францыі ў 1960-я гады. У цэнтры сюжэту маладая студэнтка, выдатная будучыня якой аказваецца пад пагрозай, калі яна даведаецца аб цяжарнасці. Карціна знятая па аднайменнай аўтабіяграфічнай гісторыі пісьменніцы Ані Эрно.

Кадр з фільма «Падзея» Одры Дыван

Карціна «Падзея» для Одры Дыван стала другой поўнаметражнай працай.

«Мая мара зараз – працягваць. Перад тым, як прыехаць сюды, я пачала працаваць над сваім новым фільмам. Гэта таксама быў спосаб абараніць сябе, каб быць упэўненым у тым, у якім кірунку я хачу рухацца. Я вельмі ўдзячная за тое, што адбылося сёння ўвечары», – сказала Одра Дыван пасля атрымання ўзнагароды.

Усяго на галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю прэтэндаваў 21 фільм.

«Срэбны леў» дастаўся Джэйн Кэмпіон за стужку «Улада пса». «Срэбнага льва» за найлепшую рэжысуру атрымала карціна «Рука бога» Паола Сорэнціна.

Рэжысёр Паола Сорэнціна на ўручэнні ўзнагароды.
Фота: la_Biennale / Twitter

Лепшым акцёрам прызнаны Джон Арсілья («На працы: Зніклыя 8»), лепшай актрысай – Пенелопа Крус («Паралельныя маці»).

Прыз за лепшы сцэнар атрымала Мэгі Джыленхол за свой рэжысёрскі дэбют «Зніклая дачка», зняты па матывах кнігі пісьменніцы Элены Ферантэ «Незнаёмая дачка».

Спецыяльны прыз журы прысуджаны італьянскай карціне «Дзюра» рэжысёра Мікеланджэла Фрамарціна.

Таксама на фестывалі прысутнічала карціна расейскіх рэжысёраў Аляксея Чупава і Наталлі Меркулавай «Капітан Волканогаў бег». Але яна засталася без узнагарод.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў