«У 2010-м было цяжэй». Маці анархіста Аляксандра Францкевіча не бачыла сына ўжо 13 месяцаў


Таццяна Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча. Аляксандр — актывіст анархісцкага руху, ён абвінавачваецца адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Ужо больш за год ён знаходзіцца пад вартай. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Новапалачанка Таццяна Францкевіч добра ведае, што значыць быць маці палітычнага вязня. У 2010 годзе ейнага сына Аляксандра арыштавалі ў справе аб нападзе анархістаў на пастарунак у Салігорску, судзілі паводле ажно пяці крымінальных артыкулаў. Тры гады калоніі палітычны вязень адбыў у «Воўчых норах» (ПК № 22 каля Івацэвічаў). У 2020-м Францкевіча зноў схапілі – на 4-ты дзень па выбарах. Зноў россып крымінальных артыкулаў. Ужо больш за год Аляксандра трымаюць на Валадарцы – без суда і спатканняў з маці. Яна кажа, што цяпер лягчэй, чымся ў 2010-м…

«Каяцца я і так не стаў бы…»

«Прыйшоў мне ліст ад Васкрасенскага. Адказваць на яго не бачу ніякага сэнсу. Нейкая арганізацыя без рэальных рычагоў уплыву прапануе мне праз іх пакаяцца. Каяцца я і так не стаў бы, але тут – рэальны фарс! У кожным разе пытанне вызвалення палітвязняў ляжыць не ў плоскасці юрыдычных працэдураў. Як і раней, гандлююць галовамі з Еўропаю», – напісаў у апошнім лісце да маці палітычны вязень Аляксандр Францкевіч.

Спадарыня Таццяна нагадвае: падчас першага зняволення сына таксама ўгаворвалі пакаяцца ўзамен на свабоду. Але і тады, 10 гадоў таму, турэмшчыкі пачулі цвёрдую адмову. Аляксандр адбыў тры гады «ад званка да званка».

Цяпер, у 2021-м, Францкевічу пагражае ўжо не тры – дванаццаць гадоў. Але калі адбудзецца суд, маці дасюль не ведае.

Даведка
Ліст да маці ад Аляксандра Францкевіча. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Будуць марудзіць аж да зімы…»

«Мы думалі, што ўжо ўвосень будзе, але не. «Абрадаваў» нас тут таварыш следчы на прозвішча Цыбульскі, які вядзе справу майго сына і астатніх. Аказалася, падоўжылі сыну тэрмін затрымання да снежня. Значыцца, на гэты час і трэба арыентавацца. Усім абвінавачваным у гэтай справе падоўжылі тэрмін. Восень будуць цягнуць і марудзіць, аж да зімы…» – кажа Таццяна Францкевіч.

Жанчына мяркуе, што «група распрацоўкі проста не можа прыдумаць, за што зачапіцца». Інакш як патлумачыць тое, што – праз год пасля затрымання сына! – да самой маці нядаўна прыходзілі з ператрусам супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Нагода – «накласці арышт на маёмасць сына».

«Я ім сказала, што Сашу затрымалі ў Менску, ён са мною даўно не жыве. Да таго ж пры затрыманні ў яго забралі ўсё, што маглі: і тэлефон, і ноўтбук, і грошы, і банкаўскія карты, нават медычную карту ягоную. Паглядзелі, што няма ў мяне нічога тут… Дык, мусіць, у іх і фактаў няма, таму нешта выдумляюць. Ну а выдумляць яны ўмеюць», – лічыць маці палітзняволенага.

Таццяна Францкевіч піша ліст у СІЗА сыну Аляксандру Францкевічу. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле Таццяны Францкевіч, тры месяцы таму сыну «прышылі» яшчэ адзін крымінальны артыкул – 130, ч. 3 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»). Гэта ў дадатак да абвінавачанняў паводле арт. 293 (паводле ўсіх трох частак) і ч. 2 арт. 285. Маці мяркуе, што следчыя хочуць «зляпіць злачынную групу» з маладзёнаў, у якую могуць трапіць вясноўцы Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а таксама Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якога затрымлівалі ў жніўні 2020-га разам з Францкевічам.

Следчы – «стары знаёмы»

Спадарыня Таццяна не бачыла сына ўжо 13 месяцаў. Ніводнага спаткання з ім не далі. Яна сцвярджае, што наагул нікому са сваякоў затрыманых, чые справы вядзе следчы Цыбульскі, не ўдалося атрымаць дазволу на спатканне. Да таго ж Цыбульскі аказаўся старым знаёмым. У 2010 годзе, будучы яшчэ аператыўнікам, ён затрымліваў маладога анархіста Францкевіча.

«Я са следчым не сустракалася, не бачыла яго, але, калі Сашу ў 2020-м затрымалі, ён прыходзіў да яго і казаў, што ў 2010 годзе быў у групе захопу, якая яго тады затрымлівала. Саша яго не помніць, а Цыбульскі ўспомніў. Сказаў, што тады быў операм: «Я цябе браў, я цябе помню». Вось даслужыўся да следчага і цяпер вядзе Сашаву справу, «распрацоўвае» некалькі дзясяткаў чалавек. Такое супадзенне. Я думаю, нічога добрага ад яго чакаць не варта», – кажа Таццяна Францкевіч.

На фатаграфіі — Аляксандр Францкевіч, актывіст анархісцкага руху, ён абвінавачваецца адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Ужо больш за год ён знаходзіцца пад вартай. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Вяртаючыся да больш блізкага мінулага, жанчына згадвае дэпартацыю сына з Украіны ў 2019 годзе. Маці ўпэўненая, што ў Беларусь Аляксандра вывезлі работнікі СБУ па замове беларускага КДБ, з якімі шчыльна супрацоўнічалі:

«Яго дэпартавалі, каб ён быў тут у полі зроку… Я ўсё пракручваю гэта назад і думаю, што не сядзеў бы ён цяпер у вязніцы ды не «свяціў» бы яму тэрмін 12 гадоў, каб ён там застаўся».

«Галоўнае не зажурыцца»

«Не сумуй, мама, не зважаючы на тое, што адбываецца. Бо на гэта яны і разлічваюць. Галоўнае – вытрываць у такія моманты і не зажурыцца!» – піша ў лісце Аляксандр Францкевіч.

«Больш мяне падтрымлівае. Бо я сапраўды часамі падаю духам ад таго, што адбываецца, – кажа спадарыня Таццяна. – Я стараюся… Калі дэпрэсіі, а калі – нармальна. Бывае, навіны пачытаеш харошыя, дык, быццам, усё добра. І вера з’яўляецца, што ўсё неўзабаве скончыцца, увесь гэты гвалт і жорсткасць. А калі прачытаеш пра ўсе судзілішчы, якія тэрміны даюць – хапаешся за галаву. У кожным разе ў 2010 годзе мне было цяжэй. Бо нас было мала. Пачытаеш – у аднога лёс зламаны, другому тэрміны ўляпілі… І разумееш, што не толькі мой сын пакутуе, што я не адна такая. Шмат бацькоў перажываюць за сваіх дзяцей. І стараешся сазваніцца і падтрымаць іншых. І тады лягчэй робіцца. Бо сапраўды ёсць салідарнасць. Гэта вельмі добра».

Наталля Лабацэвіч (злева), маці палітвязня Іллі Лабацэвіча, і яе родная сястра Таццяна Францкевіч (справа), маці палітвязня Аляксандра Францкевіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Дзве сястры – абедзве мамы палітычных вязняў

Рэпрэсіі гэтым разам закранулі не толькі сына спадарыні Таццяны, але і ейнага пляменніка Іллю Лабацэвіча, сына роднай сястры Наталлі. Іллю, які бараніў маці ад амапаўскага дручка, засудзілі ў верасні 2020-га на паўтара года калоніі (арт. 364 КК), якія хлопец адбывае ў Шклове (ПК № 17). Яго таксама прызналі палітычным вязнем.

«Таму вось так: дзве сястры – абедзве мамы палітвязняў. Але Іллю не так доўга засталося. Чакаем ужо вызвалення. Ён таксама стараецца трымацца. Званкі там можна рабіць, таму звоніць са Шклова. А тут – ні спатканняў, ні званкоў. Сувязь толькі праз адваката і лісты», – кажа Таццяна Францкевіч.

«Папрасіў перадаць снатворнае»

У апошнім лісце за 6 жніўня, дзе пісаў пра Васкрасенскага, Аляксандр Францкевіч адзначае, што шмат чытае – Хэмінгуэя («Бывай, зброя!») і Гётэ («Фаўст»). Прызнаецца, што Гётэ даецца цяжэй. І расказвае, што, калі ў камеры было горача, чытаў выключна навуковую фантастыку: гэта дапамагала адарвацца ад рэальнасці.

Маці палітычнага вязня кажа, што лісты з Валадаркі сталі апошнім часам даходзіць радзей, туды – таксама:

«6 верасня быў у сына адвакат, сказаў, што даходзяць да яго толькі мае лісты, з вялікай затрымкай. Я яму штотыдзень пішу адзін ліст, а ён атрымлівае іх праз два тыдні. І лісты шмат ад каго, нават ад маёй сястры, ад сваякоў, сяброў ён не атрымлівае. Я вось атрымала апошні ліст за 6 жніўня – і ўжо чацвёрты тыдзень няма. Думаю, спецыяльна ўсё гэта робіцца…»

«Цяпер папрасіў перадаць снатворнае. Я так разумею, што зʼявіліся праблемы са сном. У яго адна нырка. Таму я раней перадавала пігулкі, каб трымаўся. Ён жа не курыць, а там у камеры многа курцоў», – дадае.

Таццяна Францкевіч чытае ліст ад сына Аляксандра Францкевіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Перавярнуць дагары нагамі – і тады будзе праўда»

Маці піша сыну «ў агульных рысах», збольшага – пра побыт. Бо калі паведамляла пра тое, што робіцца ў горадзе («Наваполацк жа – бунтоўны горад!»), то заўважыла, што ён перастаў іх атрымліваць.

«Хоць ён і так усё ведае ды разумее. У іх там тэлевізар у камеры. Праўда, толькі БТ паказваюць. «Калі меркаваць па навінах і па тым, што там усё нахвальваюць, дык трэба перавярнуць гэта дагары нагамі – і тады будзе праўда», – напісаў. То бок нават з гэтага прапагандоса ён спрабуе выкапаць праўду», – адзначае спадарыня Таццяна.

Аляксандр Францкевіч. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Добры мой, шчодры чалавечак!»

Як расказвае, з сынам-анархістам у яе ніколі не было праблемаў. У школе перамагаў у алімпіядах па матэматыцы ды інфарматыцы. Будучы ліцэістам, перамог на рэспубліканскай алімпіядзе па праграмаванні. («Гэта пра тое, якіх разумных людзей за кратамі трымаюць»). Таццяна Францкевіч кажа, што і пераходны ўзрост у сына прайшоў для яе незаўважна, без крызісаў. І гэта пры тым, што з 6 гадоў хлопчык рос без бацькі (праз разжэнства).

«Выдатны сын! Вельмі добры, вельмі душэўны. Рознагалоссяў з ім прынцыповых не было ніколі, то бок мы адчувалі, што трэба адно адному. Ён да мяне прыслухоўваўся, да маіх парадаў, я – да ягоных», – расказвае маці.

І асабліва падкрэслівае шчодрасць сына. Ужо стаўшы праграмістам, рэгулярна падтрымліваў маці грашыма.

«Заўсёды, штомесяц, мне высылаў грошы. Таму я не жыла ў нястачы. Не толькі мне дапамагаў – маёй сястры ды стрыечнаму брату Іллю таксама. Шчодры ён. Напрыклад, пуцёўкі за мяжу нам з сястрою купіў, сястра тады першы раз за мяжу паехала, у Польшчу. Потым у Грузію ездзілі, Саша таксама заплаціў. Добры мой, шчодры чалавечак!» – кажа пра сына маці.

«У 2010-м хадзіла як цень…»

Маці Аляксандра Францкевіча ўжо на пенсіі, ёй 62 гады. Каб пазбегчы дэпрэсіяў, што, прызнаецца, накатваюць хвалямі, жанчына гадуе кветкі на гаўбцы.

«Расказала пра кветкі ў лісце сыну. Дык ён піша: «Мама, вышлі здымкі!» Ну я выслала. Бо ведаю, што гэта падтрымае яго. Шмат якія фота яму высылала, каб была пры ім часцінка дому. Нават наш падʼезд і двор сфатаграфавала і даслала ў СІЗА. Я ў 2011 годзе яму гэтак жа дасылала, дык ён тыя здымкі пастаянна пры сабе трымаў, потым, па вызваленні, з імі дадому прыехаў», – расказвае спадарыня Таццяна.

Аляксандр Францкевіч разам з маці пасля трох гадоў у калоніі, 2013 год. Крыніца: palitviazni.info

«Я вельмі добра памятаю 2010–2013 гады. Тады для мяне быў наагул шок! Я там хадзіла як цень. А цяпер неяк лягчэй. Бо мы гэта ўсё праходзілі. Бо нас шмат і ёсць моцная салідарнасць… Я не чакала нават такога. Але гора абʼяднала, гэта агульная нашая бяда. Я прыязджаю на Валадарку перадаць перадачу – і там гэтыя чэргі, і вось там гэта адчуваецца вельмі: людзі стараюцца адно аднога падтрымаць, дапамагчы з перадачаю, скруціць цукерку, камусь дапамагчы ды пазычыць усяго добрага. Гэта фантастыка!» – кажа маці вязня.

Таццяна Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча. Аляксандр — актывіст анархісцкага руху, ён абвінавачваецца адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Ужо больш за год ён знаходзіцца пад вартай. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Што б ні было, гэта не назаўжды»

Цяпер Таццяна Францкевіч чакае суда і «развіцця падзеяў». Не суда – судзілішча, інакш яго не называе. І супакойвае сябе тым, што ўсе гэтыя дзікія турэмныя тэрміны – 10, 12 і больш гадоў – ужо неўзабаве абнуляцца.

«Такія тэрміны людзі сядзець не будуць. Бо столькі гадоў ён ва ўладзе не будзе. Прадчуваю гэта», – дзеліцца спадарыня Таццяна.

«Калі?.. Мяркую, хутка скончыцца. Да Новага года [смяецца. – Заўвага аўт.]. Я, праўда, на гэта спадзявалася і ў мінулым годзе. Але лепш ліст Сашы працытую: «Па ТБ суцэльны трэш і ціхі жах! Бі сваіх, каб чужыя баяліся! І пастаянныя размовы, як вялікі «ўсходні брат» абароніць нас. На гэта, відаць, і разлік, што будуць заўжды пад яго абаронаю. Сцяг ім у рукі! Галоўнае, каб мы не апускалі рук і разумелі: што б ні было, гэта не назаўжды». Вось і я паўтару за сынам: што б ні было, гэта не назаўжды».

Падтрымаць маці палітзняволенага можна:

пераводам на картку «Альфа-Банку»: 4585 2200 1240 9560.

Напісаць ліст палітычнаму вязню:

Аляксандру Уладзіміравічу Францкевічу , СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, кам. 12, 220030, г. Менск.

Артыкулы
«Цэлы баявік знялі!» Паэтка Юлія Цімафеева – пра зняволенага брата, музыку «Irdorath»
2021.08.29 08:28

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў