Ціманоўская: «Я патрыётка і не збіраюся адмаўляцца ад беларускага грамадзянства»


Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская распавяла парталу Reform.by, што калі яна казала пра змену грамадзянства, то мела на ўвазе так званае спартовае грамадзянства, якое дае магчымасць выступаць за іншую краіну, але журналісты няправільна яе зразумелі.

Крысціна Ціманоўская, беларуская лёгкаатлетка, якую прымусова хацелі вывезці з Алімпіяды ў Токіа, адказвае на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі ў Варшаве. Польша прапанавала стартоўцы гуманітарную візу. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

У суботу 11 верасня ў СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што спартоўка нібыта вырашыла выступаць за Польшчу і падала дакументы на польскае грамадзянства. Сама Крысціна хутка абвергла гэтую інфармацыю. У сваім інстаграме яна распавяла, што не падавала дакументы на атрыманне польскага грамадзянства. Бягуння адзначыла, што нават пры жаданні не можа такое зрабіць, бо ёй бракуе патрэбных дакументаў.

«Я насамрэч знаходжуся ў Польшчы, але тут я займаюся рэабілітацыяй, аднаўленнем свайго здароўя ў статусе грамадзянкі Беларусі», – распавяла спартоўка ў сторыз.

Hавiны
Медаль Крысціны Ціманоўскай перададуць у Музей Вольнай Беларусі
2021.09.09 12:13

Рэсурс Reform.by папрасіў спартоўку пракаментаваць сітуацыю.

«Я не падавала дакументаў на змену нацыянальнага грамадзянства і не збіраюся адмаўляцца ад беларускага грамадзянства, таму што нарадзілася ў Беларусі і лічу сябе сапраўднай патрыёткай краіны», – падкрэсліла Ціманоўская.

Інфармацыя пра тое, што Ціманоўская нібыта звярнулася за атрыманнем польскага грамадзянства, з’явілася ў нямецкім выданні Welt am Sonntag разам з інтэрв’ю Ціманоўскай. Крысціна кажа, што за апошні месяц дала калі сотні інтэрв’ю, публікацыю ў Welt am Sonntag не бачыла і не ведае, што там напісана. Але бягуння мяркуе, што здарылася памылка перакладу – журналісты няправільна зразумелі ейныя словы аб намеры выступаць за польскую зборную.

«Тыя чуткі, якія з’явіліся ў СМІ, – гэта няправільная інтэрпрэтацыя перакладу інтэрв’ю. Мова ідзе пра так званае спартовае грамадзянства, якое азначае магчымасць выступаць у складзе іншай каманды», – патлумачыла Ціманоўская.

Hавiны
Ціманоўская зноў бяжыць: атлетка ўзяла ўдзел у першых спаборніцтвах у Польшчы
2021.08.16 10:13

Падчас Алімпіяды ў Токіа бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася ў Instagram тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася, бо чыноўнікі наблыталі з допінг-пробамі эстафетніц, якія не паехалі на Алімпіяду. Атлетка ў аэрапорце звярнулася да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту: сказала, яе вывозяць з Токіа супраць ейнай волі.

Потым з’явіўся аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, спартовыя функцыянеры пагражаюць Ціманоўскай за яе пост. Атлетку абаранілі ад вывазу ў Беларусь, цяпер яна ў Польшчы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў