Пад Кіевам знайшлі мёртвым суддзю, які вёў справу аб забойстве Паўла Шарамета


Цела суддзі Пячэрскага суду Кіева Віталя Пісанца было знойдзена 11 верасня ў сяле Паграбы Броварскага раёну, згодна з інфармацыяй прэс-службы паліцыі Кіеўскай вобласці.

Віталь Пісанец, суддзя, які вёў справу аб забойстве Паўла Шарамета.
Фота: УНИАН

Віталь Пісанец быў адным з суддзяў, якія вядуць справу аб забойстве ў ліпені 2016 году беларускага журналіста Паўла Шарамета. Пісанец падаўжаў меры стрымання падазраваным па справе Юліі Кузьменка, Андрэю Антоненку і Яне Дугар.

Як паведамляе hromadske.ua са спасылкай на ўласныя крыніцы, загінулы суддзя распіваў спіртныя напоі разам з прадстаўніком Нацпаліцыі Яўгенам Хаменкам і вайсковым пенсіянерам П. Анопенкам. Паміж Пісанцом і Хаменкам завязалася сварка, пачалася бойка. Суддзя зачапіўся і ўпаў на падлогу. Хаменка і Анопенка выклікалі «хуткую дапамогу», уратаваць Пісанца не атрымалася.

Распачатая крымінальная справа за наўмыснае забойства. Прычыны смерці вызначае экспертыза. Справай займаецца ўкраінскае Дзяржаўнае бюро расследаванняў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў