Лукашэнка распавёў калі Пуцін прыляціць у Менск і якое ўзбраенне Расея паставіць у Беларусь


Візіт Уладзіміра Пуціна ў Менск запланаваны на час Саміту СНД, які пройдзе прыблізна 15 кастрычніка. Пра гэта распавёў Аляксандр Лукашэнка на вучэннях «Захад-2021», паведамляе ягоная прэс-служба.

Лукашэнка на вучэннях «Захад-2021».
Фота: БелТА

На сустрэчы ў Менску будзе абмяркоўвацца «канкрэтыка» па супрацоўніцтву і 28 дарожных мапах.

На вучэннях Лукашэнка распавёў таксама, што падчас перамоваў у Крамлі абмяркоўваліся таксама пытанні абароны і бяспекі, сярод іншага – перспектывы паставак у Беларусь комплексаў С-400.

«Ён (Пуцін) мне распавёў пра больш сучасныя комплексы С-500, якія могуць працаваць па балістычных ракетах, – перадае прэс-служба словы Лукашэнкі. – Вельмі эфектыўны комплекс. У тым ліку я яму яшчэ раз нагадаў пра С-400, распавёў яму, дзе мы хочам паставіць гэтыя комплексы. Дзякуй богу, цяпер у нас цалкам комплексамі С-300 перакрыты перыметр на заходнім кірунку. Але, як вы ведаеце, у нас і паўднёвы кірунак дадаўся. Мы з беларускімі генераламі і расейцамі абмяркоўвалі гэтую тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе… Мы павінны рыхтавацца – 1200 км мяжа з Украінай».

Да 2025 году ў Беларусь будзе пастаўлена таксама іншае ўзбраенне.

«Гэта каля дзясятка самалётаў, частка нам ужо паступіла, гэта некалькі дзясяткаў верталётаў, Тор-М2. Вялікія аб’ёмы. Гэта кажа аб тым, што і мы, і Расейская Федэрацыя вельмі сур’ёзна ўспрымаем гэты заходні накірунак, дзе мы знаходзімся непасрэдна ў сутыкненні з натаўскімі войскамі, – сказаў Лукашэнка. – Вы бачыце, як яны сябе паводзяць. Таму нельга расслабляцца, улічваючы досвед 1941 году, калі мы ўсё уціхамірвалі, усіх супакойвалі – не адказвайце на правакацыі і іншае, – а потым атрымалі аглушальны ўдар і практычна Беларусь згубілі за пару-тройку месяцаў. Гісторыя шмат чаму вучыць. Мы хочам быць загадзя гатовымі <…>. Мы рыхтуемся абараняць свае землі».

Лукашэнка таксама распавёў, пры якіх умовах дапаможа вырашыць міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу, назваўшы пры гэтым сітуацыю з мігрантамі праблемай Захаду.

Меркаванні
Пра што можна весці перамовы з Лукашэнкам?
2021.09.11 12:26

«Хочаце жыць бяспечна – прыязджайце, – казаў Лукашэнка на вучэннях. – Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя пытанні. Але пакуль не будуць знятыя гэтыя бязглуздыя санкцыі і прыніжэнне нашых патрыятычных людзей, з імі размаўляць ніхто не будзе, на калені мы не станем. Хочаце дапамогі – паводзьце сябе годна».

Вучэнні «Захад-2021» праходзяць з 10 па 16 верасня у Беларусі і Расеі.

На тэрыторыі Беларусі задзейнічаны: 12.8 тысячаў ваеннаслужачых, у тым ліку каля 2,5 тысячаў расейскіх і 50 казахстанскіх вайскоўцаў, да 350 адзінак бронетанкавай тэхнікі, у тым ліку 140 танкаў, да 110 адзінак артылерыі, больш за 30 самалётаў і верталётаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў