Журналістка Марыя Грыц стварыла Бел-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітзняволеных жанчын


На новай працы Марыі прозвішчы 588 беларускіх жанчын, што зазналі крымінальны пераслед пасля жнівеньскіх пратэстаў. Але гэты спіс далёка няпоўны.

Марыя Грыц са сцягам.
Фота: МХ/Белсат

«Нагодай, каб зрабіць жаночы сцяг стала другая гадавіна жаночага маршу на Камароўцы, тады гэта было стыхійна і кранальна. Пачыналася з двух дзясяткаў жанчын, а перарасло ўсё ў вялікія маршы. Іх было так шмат, бо немагчыма было цярпець гэты гвалт і беззаконне, гэта чорнае пекла. Тады жанчыны выйшлі супраць гэтага гвалту. На першых маршах не было затрыманняў, пакуль улады не зразумелі, што жанчыны для іх таксама небяспечныя», – кажа ў размове з «Белсатам» Марыя Грыц.

На думку журналісткі за апошнія два гады значэнне жанчын у пратэсце абясцэньваецца, а на першы план зноў выходзяць мужчыны.

«Калі два гады таму ўсе былі ў захапленні ад беларускіх жанчын, жаночым было ўвасабленне пратэстаў, замежныя СМІ пісалі, якія неверагодныя ў Беларусі дзяўчаты, то цяпер гэта нівеліравалася, і знікла, зноў мужчыны гавораць з мужчынамі, прадстаўніцтва мужчынаў паўсюль, а тым часам уклад жанчын нікуды не дзеўся. Жанчына церпяць ад крымінальнага пераследу. Канешне, іх не столькі як мужчын, але такая праблема ёсць, і я палічыла важным яе абазначыць», – распавядае журналістка.

Фота: МХ/Белсат
Фота: МХ/Белсат
Фота: МХ/Белсат

Нагадаем, што гэта другая падобная праца Марыі, раней яна зрабіла Бел-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў. На ім ад рукі яна напісала імёны ўсіх беларускіх палітвязняў, якія зазналі палітычны пераслед з 1996 года.

Пазней, каб падтрымка набыла рэальную вагу, Марыя вырашыла выставіць сцяг на дабрачынны аўкцыён, а сродкі ад яго продажу накіраваць сем’ям беларускіх палітвязняў. Сцяг прадалі на онлайн-аўкцыёне «eBay» за 1125 долараў. Грошы пайшлі на дапамогу палітвязням, а сцяг апынуўся ў музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.

Hавiны
Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць палітзняволеных жанчын. Вось як гэта можна зрабіць
2022.08.11 09:01

МХ belsat.eu

Стужка навінаў