Вайсковы эксперт наконт заявы ЗСУ пра 13 тыс. беларусаў, ахвочых ваяваць: «Мы не ведаем, адкуль узятыя гэтыя лічбы»


Заснавальнік палка «Белы легіён» Сяргей Бульба ў эфіры «Белсату» распавёў пра стан і працэсы ў беларускім войску.

Так, наконт заявы ЗСУ, што 13 тысяч беларускіх вайскоўцаў падпісалі згоду ваяваць з Украінай, эксперт сказаў:

«Адкуль вы ўзялі гэтыя дадзеныя? Мы абсалютна не ведаем, адкуль яны ўзніклі. Калі была размова пра вербаванне на карысць Расеі праз беларускія ваенкаматы, то ішлося пра дзясяткі афіцэраў. У першую чаргу Расею цікавяць лётчыкі і былыя афіцэры спецпадраздзяленняў, у тым ліку з баявым досведам. Паколькі сярод беларусаў іх небагата, то гэтыя лічбы мяне здзіўляюць».

Наконт таго, што ў Беларусь сцягваюцца замежнікі, Сяргей Бульба адзначыў, што гэта «проста вайсковыя гульні». На пытанне, чаму ўкраінскія высокапасадныя асобы агучваюць такія дадзеныя, эксперт адзначыў, што гэта частка інфармацыйнай вайны:

«Напэўна, яны так стараюцца стымуляваць сваіх вайскоўцаў, прыпалохваючы, перабольшваючы».

На погляд эксперта, у расейскія ваенныя кампаніі запісаліся сотні ахвочых.

У той жа час ён адзначыў, што Расея рыхтуе беларускае войска праз замену ў ім людзей украінскага паходжання ці тых, хто навучаўся ва Украіне, на ахвочых удзельнічаць у вайне:

«Ініцыятарам няўводу беларускіх войскаў ва Украіну быў Пуцін, а не Лукашэнка. Бо Пуцін мае інфармацыю абсалютна з усіх сілавых структураў, з усіх узроўняў. І ён разумеў, што беларусы абсалютна не гатовыя да вайны з украінцамі. Расяяне самі сябе напалохалі, паглядзеўшы колькасць афіцэраў украінскага паходжання ў беларускім Міністэрстве абароны ці тых, хто заканчваў вучэльні вайсковыя ва Украіне. Яны асцерагаюцца гэтых людзей, бо тыя могуць заклікаць людзей да пераходу на бок Украіны. Расеі гэта не трэба. Пачалося выцісканне людзей украінскага паходжання з беларускага Міністэрства абароны – гэта першы аспект. А другі – пачалася замена.

Самых няздатных афіцэраў з самай нізкай падрыхтаванасцю і маральнымі якасцямі, але калі ён носьбіт расейскамірскіх ідэяў, выцягваюць на самы верх магчымых пасадаў. То бок рыхтаванне беларускага войска Расеяй усё ж вядзецца».

Hавiны
ЗСУ: 13 тысяч беларускіх вайскоўцаў падпісалі згоду ваяваць з Украінай
2022.08.11 17:48

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў