Расейцу ў Беларусі пагражае да трох гадоў зняволення


Грамадзянін Расеі Сяргей Боршч цяпер у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Расейская амбасада адмовіла яму ў адвакаце.

Грамадзяніна Расеі Сяргея Баршча затрымалі на працы яшчэ 21 ліпеня. Як паведаміў «Белсату» сябар сям’і Сяргея, мужчыну схапілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу падчас працоўнага дня на заводзе шасцерняў. Доўгі час сваякі не маглі даведацца, дзе затрыманы: ніякіх звестак міліцыя пра яго не давала.

Пра лёс Сяргея стала вядома толькі 23 ліпеня.

«Мы даведаліся, што яго затрымалі і ён на Акрэсціна. Ніякіх сведак не давалі, толькі казалі, што ён там і яму нічога нельга перадаць. На пытанне, паводле якога артыкулу, адказалі «не вашая справа», – распавёў сябар сям’і.

24 ліпеня на канале сілавікоў з’явіўся «пакаянны» ролік, дзе Сяргей распавядае, як браў удзел у мітынгу і нават выйшаў на праезджую частку, а таксама быў падпісаны на «дэструктыўны канал «Nexta». Са словаў Сяргея выходзіць, што менавіта за гэта яго і затрымалі сілавікі.

Сяргей Боршч, затрыманы грамадзянін Расеі ў Беларусі. Здымак з архіву героя

У пасце з «пакаянным» відэа таксама апублікаваныя фота, дзе чалавек, падобны да Баршча, бярэ ўдзел у мірным шэсці.

Блізкія звярнуліся ў амбасаду Расеі ў Беларусі, каб тыя ўрэгулявалі сітуацыю ці хоць неяк дапамаглі.

«Спачатку яны пагадзіліся даць адваката, але калі даведаліся, што затрыманне было на глебе палітычнага пераследу, то тут жа адмовіліся», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Тады блізкія Сяргея самі нанялі адваката, той паведаміў, што мужчыну пакуль выстаўляюць заяву паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Сяргея змясцілі ў карцар разам з яшчэ 11 асобамі. Колькі часу ён там прабыў, невядома, як і ці змесцяць яго туды зноў.

Паводле нашага суразмоўцы, сілавікі ў цывільным ездзілі дамоў да Сяргея па ягоны пашпарт, аднак ці ладзілі яны ператрус, складана сказаць:

«Гэта не дакладна, бо рэчы ўсе забраў брат і сказаў, што ўвогуле не скажаш, што штосьці шукалі».

3 жніўня прайшоў нейкі следчы эксперымент, але што за ён і да чаго прывёў, сваякам не паведамілі. Аднак удалося даслаць перадачу зняволенаму.

«Адвакат сказаў, што Сяргея будуць судзіць паводле артыкулу 342 КК РБ, сказаў, ці штраф ад 25 базавых да 1000, ці пакаранне тэрмінам да трох гадоў. Гэта паводле старога артыкулу, бо дзеянне цалкам было ў 2020 годзе. Да суда Сяргей будзе на Валадарскага. Ужо добра, што перадалі перадачу і ёсць на чым спаць, у адрозненне ад Акрэсціна», – падзяліўся апошнімі звесткамі сябар сям’і.

Марыя Мурашка belsat.eu

 

Стужка навінаў