Калі вайна ва Украіне зацягнецца, што будзе з Беларуссю? Спыталі экспертаў


Вайна на Данбасе цягнулася восем гадоў, але пасля зімы 2015-га канфлікт замарозіўся да ўзроўню лакальных баёў. Калі так жа будзе з цяперашняю поўнамаштабнаю вайною ва Украіне, чаго чакаць Беларусі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Мапа баявых дзеянняў ва Украіне амаль не мяняецца ўжо некалькі месяцаў: баі трываюць, людзі гінуць, але ў абодвух бакоў поспехі даволі лакальныя. У жніўні – верасні чакаецца спроба Украіны адваяваць Херсошчыну. Можа стацца так, што спроба не будзе паспяховая.

Спыталі палітолага Паўла Усава і дырэктара інстытуту «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, што чакае Беларусь, калі найбліжэйшымі гадамі канфлікт не спыніцца.

Усё залежыць ад вынікаў вайны?

Лёс Беларусі цяпер звязаны з Украінай і Расеяй, перакананы Усаў: калі канфлікт не замарожваецца, а Расея капітулюе, гэта аўтаматычна прывядзе да сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Але сёння рана казаць, што вайна скончыцца хутка і завершыцца паразаю Расеі. Зацягванне ж вайны негатыўна адаб’ецца і на Расеі, і на Украіне, і на Беларусі. Для Беларусі гэта будзе азначаць «адзіную таталітарную прастору з Расеяй». Таму Усаў заклікае рабіць усё магчымае, каб Украіна перамагла, нават калі здаецца, што беларускія палкі ў складзе Збройных сілаў Украіны – гэта кропля ў моры.

Але Масква – тактычны фактар, тады як настрой беларускага грамадства – стратэгічны, лічыць Казакевіч. Лёс Беларусі залежыць не ад таго, што беспасярэдне адбываецца на франтах ва Украіне, а ад таго, як гэта адаб’ецца на палітычнай сітуацыі ў Расеі і на стаўленні беларусаў да ўлады, на палітычнай і эканамічнай напружанасці ў нашай краіне. Фактар Крамля будзе вызначаць сітуацыю ў каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве. Настроі ў Беларусі ж вызначальныя ў тым, ці захаваецца беларуская дзяржава і ці магчымыя дэмакратычныя змены.

Усаў: Калі вайна зацягнецца, чакайце ізаляцыю і тэрор

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: Pavel Usov / Facebook

Тэндэнцыі будуць толькі негатыўныя, перакананы Усаў: пашырэнне кантролю і пераход да таталітарнага рэжыму, знішчэнне любой альтэрнатывы, незалежных медыяў. Лукашэнка не мае ніякай магчымасці аднавіць легітымнасць ці ўнутранае падтрыманне, таму будзе абапірацца выключна на тэрор.

Вайна ва Украіне не будзе мець сур’ёзнага ўплыву на саму палітычную сістэму. Калі Лукашэнка захоча застацца на пасадзе прэзідэнта, дык застанецца, а не захоча – зменіць канфігурацыю «піраміды ўлады». Але зусім сыходзіць Лукашэнка не збіраецца, яму важна захаваць і персанальную ўладу, і ўладу свайго клану.

Ва ўмовах ізаляцыі гаспадарка Беларусі пераарыентуецца на ваенныя ўмовы. Калі ў суседзяў працягнецца вайна, а Расея працягне выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм для нападаў, то Беларусь застанецца ў ізаляцыі, тады спадзявацца на пазітыўныя змены не выпадае. Эканамічная, палітычная і сацыяльная сістэмы будуць «на рэйках вайсковай мабілізацыі» і пад пашыраным кантролем, а сістэма будзе дэградаваць.

Беларусь можа зрабіцца амаль як «ДНР» ці «ПМР», засцерагае Усаў. Зацягванне вайны для Расеі будзе фактычна правалам і будзе вымагаць мабілізацыі дадатковых рэсурсаў, таму трэба будзе паказаць перамогу – магчыма, за кошт Беларусі. Расея можа скарыстаць для гэтага «саюзную дзяржаву», паглыбіўшы інтэграцыю да ўзроўню нейкага «новага СССР». Беларусь могуць вымусіць прызнаць тыя ж «ДНР» і «ЛНР», а то і «бараніць саюзнікаў» ад Украіны.

Казакевіч: Можна пабудаваць некалькі сцэнароў, у тым ліку сцэнар нармалізацыі

Андрэй Казакевіч.
Фота: Svaboda.org

Кансалідаваць сваю ўладу Лукашэнку будзе вельмі складана, прагназуе Казакевіч. Некаторыя сацыялагічныя апытанні паказваюць «трэнд на кансалідацыю», але існуюць усе падставы вельмі асцярожна ставіцца да такіх звестак. Недзе з восені 2021 года адкрытае дэклараванне сваіх публічных пазіцыяў сталася распаўсюджанаю падставаю для звальненняў ды іншых праблемаў, таму цяжка чакаць ад рэспандэнтаў шчырасці пры адказе на палітычныя пытанні. Інстытуцыйных падстаў для росту лаяльнасці няма, развагі пра тое, што адбываецца «кансалідацыя падчас» ці ў выніку «вонкавай пагрозы» пакуль ніводным даследаваннем не былі правераныя. А мы яшчэ толькі ў пачатку новага эканамічнага крызісу – паглыбленне крызісу, хутчэй за ўсё, прывядзе да пагаршэння стаўлення беларусаў да ўлады.

Змены ў рэжыме Лукашэнкі будуць звязаныя не столькі з унутрыпалітычнаю дынамікаю, колькі з палітычнаю сітуацыяй у Расеі. Калі ад зацягвання вайны Расея будзе больш «закрывацца», рабіцца яшчэ менш дэмакратычнаю, то ўлады Беларусі натуральна будуць заахвочвацца да таго, каб «закручваліся гайкі» і ў Беларусі, каб не было спакусы «павярнуць на Захад» і каб не актывізаваліся антываенныя сілы.

Стомленасць ад вайны можа прывесці да жадання нармалізаваць стасункі з Захадам у расейскіх элітах. У Расеі могуць захацець нейкай дээскалацыі, саступак, выхаду з крызісу. Тады і ў Беларусі змяніцца дынаміка ды паўстане неабходнасць нармалізаваць стасункі з ЕЗ і ЗША: могуць вызваліць палітычных вязняў, пашыраць прастору дзейнасці грамадскіх арганізацыяў і гэтак далей. Можа скласціся так, што ў новай сітуацыі нават Лукашэнка будзе разглядацца як перашкода для стабілізацыі ды нармалізацыі, і гэта прывядзе да хуткай змены рэжыму. Нельга выключаць і тое, што зацягнутая вайна прывядзе да глыбокага крызісу і змены ўлады ў Расеі. У такім выпадку змены ў Беларусі наступяць аўтаматычна, як гэта амаль заўсёды адбывалася ў калоніях пры распадзе імперыяў.

Пуцін можа пастанавіць «забраць Беларусь», але ці здолее зрэалізаваць гэта? Гэта не так проста, разважае Казакевіч: адхіліць Лукашэнку, паставіць кагосьці іншага – ясна, якія гэта нясе рызыкі Крамлю. Ва ўмовах сацыяльнай напружанасці ды эканамічнага крызісу такія перастаноўкі могуць прывесці да новага глыбокага крызісу. Расеі давядзецца пастаянна інвеставаць час і рэсурсы на падтрыманне стабільнасці. Спроба прымусіць Лукашэнку фармальна адмовіцца ад незалежнасці таксама спараджае мноства новых праблемаў. Улады Беларусі не прызнаюцца легітымнымі значнаю часткаю свету. Заходнія краіны могуць лёгка прызнаць такія дзеянні акупацыяй, а Расеі давядзецца «браць на баланс» шмат якія эканамічныя праблемы Беларусі на дадатак да сваіх, магчыма, атрымаць новыя санкцыі. Пры гэтым усе санкцыі супраць Расеі аўтаматычна распаўсюдзяцца і на Беларусь.

Аналітыка
Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах
2022.08.09 13:56

Усаў: Сістэмнага супраціву не будзе, хіба спантанныя лакальныя пратэсты

Ні ў грамадства, ні ў палітычнай апазіцыі ўжо няма рэсурсаў для палітычнай барацьбы, мяркуе Усаў. Калі вайна зацягнецца, змагацца з кансалідаваным таталітарным пуцінска-лукашэнкаўскім рэжымам будзе цяжэй. Індывідуальная барацьба «партызанаў» і «індывідуальна-побытавы супраціў» будуць працягвацца, але наўрад ці будзе сістэмны супраціў, тым больш узброены.

Ва ўмовах мабілізацыі ды пашырэння тэрору стане яшчэ меней грамадзянскай ініцыятывы. Гэта будзе значыць і далейшы выезд людзей, і зніжэнне актыўнасці ў бізнесе, і далейшае пагаршэнне якасці адукацыі ды медыцыны (нястача дактароў і настаўнікаў ужо адчуваецца), і падзенне ўзроўню паслуг. Адсутнасць перспектываў будзе відавочная.

Чым дольш сітуацыя будзе заставацца такою, тым большым будзе адчуванне расчаравання і бяссілля. Ад апазіцыі шмат хто чакае нейкай чароўнай стратэгіі, якая дазволіць імгненна змяніць сітуацыю, але такой стратэгіі няма. Можна напісаць любую стратэгію, але рэалізоўваць яе давядзецца беларусам у Беларусі. Але цяпер у апазіцыйных структураў няма бачання, як рухацца далей. Канферэнцыя «Новая Беларусь» можа стварыць умовы для новага этапу дзейнасці апазіцыі, а можа і «пахаваць яе як палітычны суб’ект».

Грамадзянская вайна накшталт лацінаамерыканскіх ці ўсеагульная забастоўка малаімаверныя. У Беларусі што побытавы, што «цывілізацыйны» ўзровень зусім не той, які быў у краінах, дзе пачыналіся грамадзянскія войны і ўзброеныя паўстанні супраць тыраніі, дый кантроль індывідаў значна мацнейшы. Агульнанацыянальная забастоўка магла б змяніць сітуацыю, але для гэтага патрэбныя структуры і салідарнасць, якіх цяпер няма. Могуць быць хіба лакальныя спантанныя пратэсты, калі людзям будзе настолькі цяжка жыць на заробкі, што не будзе за што плаціць за кватэру ці набываць ежу – нават у савецкі час былі такія пратэсты.

Каментар
Два гады ва ўмовах жорсткага тэрору, і спыняць рэпрэсіяў улады пакуль не збіраюцца
2022.08.10 08:23

Казакевіч: Будзе нагода – будзе пратэст

Дынаміка пратэсту залежыць не ад эмоцыяў, а ад падставаў, тлумачыць Казакевіч. Не столькі ад таго, ці стаміліся людзі і ці перасварацца палітыкі, а больш ад таго, што прымушае да пратэсту. Стомяцца адны, з’явяцца іншыя – хто, напрыклад, будзе адчуваць фрустрацыю ад зніжэння ўзроўню жыцця і вінаваціць у гэтым уладу. Зацягванне вайны, эканамічныя праблемы, ваенныя пагрозы, ізаляцыя ад суседніх краінаў (складанасці ў вядзенні бізнесу, выезду на працу, камунікацыі са сваякамі і гэтак далей) – фактары для захавання пратэставых настрояў. Ціск і рэпрэсіі будуць толькі падтрымліваць апазіцыйныя настроі актыўнай часткі грамадства. Тым не менш ад пратэставых настрояў да дзеянняў – вялікая палітычная дыстанцыя, асабліва ва ўмовах рэпрэсіўнага ціску.

Пратэсты апошніх гадоў былі спантанныя. І ў 2017 годзе, і ў 2020-м пратэсты не былі моцна звязаныя са структурамі грамадзянскай супольнасці ці палітычнай апазіцыяй, узнікалі праз іншыя каналы камунікацыі. Пратэсты былі, бо была незадаволенасць, нагода і сітуацыя. Ці будзе такі збег акалічнасцяў найбліжэйшымі гадамі, мы можам толькі здагадвацца.

Спрыяць перадухіленню пратэстаў можа эфектыўная дзяржаўная прапаганда. Але ў Беларусі яна, як падаецца, пакуль не можа выйсці на шырокую аўдыторыю і працуе для прыхільнікаў улады.

Падставаў да катастрафічных сцэнароў няма. Грамадзянская вайна ці міграцыя мільёнаў беларусаў малаімаверныя, нават калі вайна ва Украіне зацягнецца. Грамадзянскія войны здараюцца ад збегу вялікай колькасці фактараў, якіх цяпер не відаць. І найперш – у апанентаў улады няма зброі ды структураў для сілавога супрацьстаяння. Каб мільёны эмігравалі, мусіць адбыцца альбо ўзброены канфлікт на тэрыторыі Беларусі, альбо настолькі моцнае падзенне ўзроўню жыцця, пры якім з’едуць нават тыя, каго за мяжою не чакае заможнае жыццё.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Наколькі імавернае зацягванне канфлікту?

Калі і не гарачая вайна, то сам канфлікт будзе зацягвацца, тлумачыць Казакевіч. Ніводзін з бакоў не здолее некалькі гадоў весці актыўных баявых дзеянняў. Найбольш імаверны сцэнар – менавіта такі, калі лінія фронту стабілізуецца, канфлікт прыме замарожаны характар. Пытанне толькі ў тым, дзе пройдзе лінія фронту, а далей фактары стомы ды эканомікі падштурхнуць бакі да перамоваў.

Расея нават разлічвае на зацягванне канфлікту, упэўнены Усаў. Энергетычныя праблемы ў Еўропе ўзімку могуць выклікаць і палітычныя крызісы, а значыць, пошукі кампрамісаў з Масквою. Тады Расея атрымае час на адбудаванне, можа атрымаць і зняцце часткі санкцыяў, а ва Украіны наўрад ці тады з’явяцца рэсурсы на адбудаванне разбуранага вайною.

Магчымасць пералому на херсонскім напрамку даволі высокая, але ж Расея заняла і частку Запарожжа, і Данбас, і Крым, адзначае Усаў. Кропкавыя поспехі Украіны на поўдні ёсць, але няма інтэнсіўнага наступу. Пералом вайны на карысць Украіны залежыць ад паставак замежнай зброі, канцэнтрацыі сучасных узбраенняў і супрацьпаветранай абароны. У жніўні – верасні стане ясна, ці будзе сур’ёзны прарыў. І калі не будзе, можна чакаць пераходу ў працяглую пазіцыйную вайну. Але калі Украіна адваюе Херсон, гэта не будзе адразу ж значыць заканчэнне вайны, хіба толькі набліжэнне перамогі.

Hавiны
Вардамацкі: 40 % беларусаў ухваляюць дзеянні Расеі ў вайне ва Украіне, 50 % спачуваюць украінцам
2022.08.07 11:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў