Ігару Банцэру прысудзілі 15 содняў арышту. Сукамернік кажа, што ў яго 18 адміністрацыйных артыкулаў


Былому палітзняволенаму і музыку Ігару Банцэру прысудзілі 15 содняў арышту, аднак за што канкрэтна – невядома.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў з музыкам у адной камеры на Акрэсціна, распавёў радыё «Свабода», што на Ігара Банцэра «павесілі» 18 адміністрацыйных артыкулаў. Таму не зразумела, ці выйдзе ён на волю праз 15 содняў.

«Ён мне расказаў, што хоча жыць тут і жыць нармальна, але яму ясна даюць зразумець, каб ён з’ехаў. Ён не жадае нікуды ехаць. Мне падалося, што ён ужо без надзеі на тое, што нешта зменіцца. Расказаў, што ягоная мара – займацца музыкай», – распавёў Фёдар Жывалеўскі.

Сілавікі затрымалі Банцэра 4 жніўня ў ягонай гарадзенскай кватэры. На наступны дзень падкантрольны спецслужбам тэлеграм-канал паведаміў, што цяпер вырашаецца пытанне аб распачынанні справы па арт. 130 («Распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы») Крымінальнага кодэксу «за яго дзейнасць у сацыяльных сетках».

Канал таксама выклаў відэа затрымання музыкі. Паказана як людзі ў шлемах і бронекамізэльках са зброяй узломваюць дзверы ў кватэру Банцэра, якога паказваюць ляжалым тварам у падлогай у адных шортах. Сілавікі заводзяць яму рукі за спіну, а потым дзеля жарту накрываюць бел-чырвона-белым сцягам.

Пасля затрымання музыку з Горадні прывезлі ў Менск.

Артыкулы
Ігар Банцэр: я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі
2021.12.18 16:21

У кастрычніку 2020 года Ігара затрымалі за правядзенне перформансу у Горадні ў выглядзе танцу без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя органамі як здзяйсненне хуліганства. Суддзя Наталля Козел прызначыла Банцэру 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пазней палітзняволенаму Ігару Банцэру змянілі рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію: 29 верасня яго асудзілі на 1 месяц і 25 дзён калоніі, дзе ён неаднойчы трапляў у карцар. Ігар выйшаў на волю 17 снежня 2021 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў