Хто адкажа за смерць Мікіты Крыўцова?

Два гады мінула з дня смерці Мікіты Крыўцова, але дагэтуль ні сваякі загінулага, ні грамадства не даведаліся сапраўднай прычыны ягонай гібелі.

Мікіта Краўцоў.
Фота: lenochkakrivcova / Instagram

Здаецца, нібыта ўчора шматтысячная жалобная працэсія ішла вуліцамі Маладзечна. Хлопцы неслі труну сябра на сваіх плячах да самых могілак. Гараджане казалі, што не памятаюць такой колькасці люду нават на дэманстрацыях савецкіх часоў.

У афіцыйную версію Следчага камітэту – самагубства – ні сваякі, ні сябры Мікіты, ні гараджане не верылі тады, не вераць і сёння.

Пра Мікіту Крыўцова вядома не так шмат, бо ён не быў вядомым палітыкам, акторам ці музыкам. Але ён быў футбольным заўзятарам мясцовай каманды. Далейшыя падзелі паказалі: нельга выключыць, што менавіта гэты факт мог адбіцца на ягоным трагічным лёсе…

Калі пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, 28-гадовы Мікіта, як і тысячы маладзечанцаў, выйшаў на цэнтральную плошчу. Многія запомнілі, як ён стаяў з бел-чырвона-белым сцягам насупраць ланцуга сілавікоў.

Наступным днём Мікіта быў ужо ў сталіцы. Позна ўвечары ён патэлефанаваў свайму сябру і сказаў, што яму ўдалося збегчы ад сілавікоў падчас разгону. Сказаў, што цяпер ён каля МКАДу і спрабуе трапіць у Жодзіна. Там у яго жонка і маленькая дачка. У Маладзечне ў Мікіты жылі бацькі і бабуля. Жыў, як кажуць, на два дамы. 11 жніўня Мікіта яшчэ выходзіў на сувязь, а потым цішыня…

«Наша Ніва» праводзіла самастойнае расследаванне абставінаў гібелі пратэстоўца. Журналісты нават знайшлі сведку, які казаў, што бачыў і пазней Крыўцова жывым. Сказаў, што ў Мікіты быў разбіты твар. Ён распавёў, што яго схапілі, завезлі ў нейкую спартовую залу, а наступным днём выкінулі на дарозе. Такіх расповедаў мы чулі дзясяткі ад людзей, якім, можна сказаць, «пашчасціла» з меншымі стратамі для здароўя апынуцца на вуліцы, а не ляжаць з завязанымі за спінай рукамі ў тых залах, дзе іх гадзінамі збівалі здаровыя дзецюкі дубінкамі і нагамі.

Людзі дабіраліся, як маглі, без тэлефонаў, часам без абутку, у парваным адзенні. Мікіта папрасіў знаёмага перадаць маці, што з ім усё нармальна. Ну а што яшчэ можа сын перадаць сваёй маці, каб яна не хвалявалася?..

Мікітава цела знайшлі павешаным толькі 22 жніўня ў лесе ля МКАДу на тэрыторыі Партызанскага раёну Менску. Трагічная навіна ўскалыхнула не толькі свет футбольных заўзятараў, але і ўсю грамадскасць. Следчы камітэт тады заявіў, што гэта самагубства, маўляў, на карысць гэтай версіі сведчыць тое, што Мікіта Крыўцоў нібыта не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

Пахаванне Мікіты Краўцова
Пахаванне Мікіты Краўцова. Маладзечна, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Адразу стала зразумела, у якім кірунку будзе рушыць афіцыйнае расследаванне. Што да версіі самагубства, рэдакцыя тады атрымала фотаздымак ад чалавека, які знайшоў цела Мікіты. Журналісты напісалі: «На здымку відаць, што Мікіта стаіць на зямлі. Складана ўявіць, як можна скончыць жыццё самагубствам у такой позе».

Бацьку Мікіты выдалі сынава цела ў Бюро судмедэкспертызы. Можна сабе ўявіць, што ён адчуваў, калі аглядаў яго ў прысутнасці эксперта. Ад моманту Мікітавага знікнення да знаходкі прайшло не менш за 10 спякотных жнівеньскіх дзён. Хавалі Мікіту ў зачыненай труне. Бабуля на развітанні сказала: «Яны зрабілі з майго ўнука кавалак мяса. Яны мусяць адказаць за гэта. Яны будуць гарэць у пекле».

Чаму нельга выключаць, што менавіта факт футбольнага заўзятарства Мікіты мог стаць прычынай «асаблівай» жорсткасці сілавікоў, якая і прывяла да ягонай гібелі? Магчыма, святло пралье інтэрв’ю намесніка начальніка ГУБАЗіКу палкоўніка Міхаіла Бедункевіча газеце «Советская Белоруссия». Гэта была рэакцыя на байкот матчаў, абвешчаны футбольнымі фанатамі. Тады былі арыштаваныя больш за 30 заўзятараў, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Бедункевіч заявіў: «У 2020 годзе актывізаваўся працэс кансалідацыі фанацкіх рухаў з дэструкцыйнымі сіламі. Раней колькасць фанатаў у краіне ацэньвалася намі прыблізна лікам 3000 асобаў. Цяпер колькасць значна паменшылася праз байкоты». Ён дадаў, што заўзятараў спрабуюць выкарыстоўваць «куратары з-за мяжы». Ім нібыта патрабуюцца «навыкі каляфутбольных хуліганаў». Праца ГУБАЗіКу, маўляў, і скіраваная на тое, каб «стрымліваць фанатаў».

Ці даведаемся мы, што канкрэтна адбылося з Мікітам Крыўцовым? Хто канкрэтна датычны ягонай гібелі? Ці можна спадзявацца, што пра абставіны смерці праз нейкі час распавядуць калі не выканаўцы забойства, дык проста сведкі, напрыклад, кіроўца сумнавядомага буса? Пытанняў шмат, а час ідзе. Але гэта не значыць, што пытанняў стане менш. Гэта тое, пра што людзі забыцца не могуць. Апраўдаць і дараваць смерці людзей, якія толькі хацелі сказаць, што яны выбіраюць свабоду для ўсіх, немагчыма. Хоць праз 100 гадоў.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў