Супраць гвалту і злачыннасці. Як спынялі кровапраліцце апошнія тысячы гадоў ад Грэцыі да Афрыкі


Беларусы тры дні запар выхадзілі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Тры дні ў сталіцы няма інтэрнэту і амаль адсутнічае сувязь, штовечар цэнтр горад быў ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстоўцаў брутальна разганялі. 12 жніўня жанчыны, якія былі ўражаны і спалоханы ўзроўнем гвалту з боку сілавікоў, выйшлі на акцыю ля Камароўскага кірмашу. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Год таму беларускія жанчыны ў белым выйшлі на вуліцы Менску пасля некалькіх дзён масавага гвалту, учыненага ў Менску і па ўсёй Беларусі міліцэйскімі і вайсковымі падраздзяленнямі.

Жанчыны выйшлі на плошчу каля Камароўскага рынку ў Менску, заклікаючы да міру. Гэтая падзея стала пачаткам шматтысячных маніфестацыяў, удзельнікі якіх патрабавалі ад Лукашэнкі сысці, бо ён прайграў выбары і спрычыніўся да смерцяў і катаванняў беларускіх грамадзянаў.

Пратэсты супраць гвалту ці нейкія іншыя формы спынення канфліктаў мелі месца і ў іншыя часы, у іншых краінах. Прыгадаем найбольш вядомыя.

Алімпійскія гульні

У старажытных Грэцыі і Рыме Алімпійскія гульні адбываліся кожныя 4 гады ў адным і тым жа горадзе – Алімпіі. Гэта была не толькі (і не столькі) спартова-палітычная падзея, але і рэлігійная. Спаборніцтвы праводзіліся ў гонар паганскага бога Зеўса. Алімпіяды суправаджаліся вялікімі крывавымі ахвярапрынашэннямі жывёлы – гекатомбамі.

Спаборніцтва па бегу, выява на старажытнагрэцкай амфары. Брытанскі музей. Крыніца Marie-Lan Nguyen

Вядома, што недзе 2800 год таму Іфіт, цар Эліды, дзе размяшчалася Алімпія, абвесціў, што падчас гульняў будзе забаронена весці вайну. Замірэнне спачатку распаўсюджвалася на Эліду, а потым і на іншыя часткі Грэцыі.

У выніку заняпаду грэцкага паганства прыкладна ў IV–V стагоддзі ад нараджэння Хрыстова старажытныя алімпійскія гульні паступова перасталі праводзіцца.

Рух за Божы мір

Усталяванне феадальнага ладу – панавання вайсковай арыстакратыі – прывяло да бясконцых малых войнаў у Еўропе ў Х–ХІІ стагоддзях. Прафесійныя ваяры, якія атрымалі для свайго ўтрымання зямлю з сялянамі, усім сваім выхаваннем з дзяцінства былі прывучаныя да вайны і бачылі толькі ў ёй сваё прызначэнне. Таму нават калі каралеўствы не вялі войнаў міжсобку, буйныя і дробныя феадалы пастаянна вялі барацьбу, што прыводзіла да безупынных сутыкненняў і гвалту. Слабасць цэнтральных уладаў не дазваляла нешта з гэтым зрабіць.

Даведка
Дама апранае рыцару шалом. Малюнак ХIV ст. Крыніца Master of the Codex Manesse

У выніку ў 989 годзе пад кіраўніцтвам Каталіцкага Касцёлу ў Францыі паўстаў першы ў гісторыі масавы рух за мір: Pax et treuga Dei – Мір і замірэнне Божае. Ідэяй было абараніць ад гвалту ўсіх, хто не трымае зброі: сялянаў, жанчын, дзяцей, старых, святароў і манахаў. Пазней да гэтай групы далучылі вандроўнікаў і купцоў.

Абвяшчалася, што той, хто пакрыўдзіць гэтых людзей, будзе адлучаны ад Касцёлу. Адпаведныя дакументы падпісваліся мясцовымі біскупамі, а каб падтрымаць рух, збіраліся вялікія грамады людзей з цэлых рэгіёнаў. Гэтак рух стаў сапраўды народным.

Акрамя таго ўводзіліся перыяды часу, калі рыцар не мусіць ваяваць: нядзеля, іншыя святочныя дні, адвэнт, вялікі пост. У ХІІ стагоддзі засталося толькі каля 80 дзён у годзе, калі можна было ваяваць. Феадалаў схілялі публічна даваць адпаведныя клятвы, паступова пашыраўся ідэальны вобраз сапраўднага рыцара – пабожнага абаронцы слабых і бедных. У ХІІІ стагоддзі ў Францыі кароль Людовік Святы цалкам забараніў самавольныя войны паміж феадаламі.

Пратэст на вуліцы Ружаў

У 1943 годзе нацысцкае кіраўніцтва Нямеччыны пастанавіла цалкам ачысціць краіну ад габрэяў. 27 лютага пачалі арыштоўваць мужчынаў, жанатых з немкамі. Раней гэтую катэгорыю грамадзянаў не чапалі.

1800 арыштаваных мужчынаў былі аддзеленыя ад астатніх і змешчаныя ў будынках на Розэнштрасэ 2–4, бо гэтыя габрэі заставаліся ў «прывілеяваным» становішчы нават паводле нацысцкіх законаў. Ужо ўвечары 27 лютага перад гэтымі будынкамі і пачаліся жаночыя пратэсты з патрабаваннем вярнуць мужоў. Кабеты разыходзіліся пасля пагрозаў адкрыць агонь, але праз пэўны час зноўку збіраліся на дэманстрацыю. 1 сакавіка 1943 года пратэст давялося прыпыніць, бо брытанская авіяцыя пачала бамбіць Берлін.

Скульптура ў памяць жаночага пратэсту на Розэнштрасэ ў Берліне. Крыніца Manfred Brückels

СС прапаноўвала расстраляць жанчын, аднак Гёбэльс, які быў гаўляйтарам Берліну, забараніў гэта, лічачы, што страляніна па нямецкіх жанчынах адмоўна паўплывае на баявы дух усяго народу. У выніку 6 сакавіка ўсіх зняволеных вызвалілі.

Міністэрства прапаганды намагалася схаваць інфармацыю аб пратэстах, а потым выдаць іх за выступ супраць брытанскіх бамбёжак. Жаночы пратэст так напалохаў нацыстаў, што 21 траўня 1943 года быў выдадзены загад вызваліць з канцлагераў усіх нямецкіх габрэяў, якія былі ў змешаных шлюбах, акрамя вінаватых у крымінальных злачынствах. Акрамя таго пастанавілі не дэпартаваць у канцлагеры габрэяў з Парыжу.

Супраць грамадзянскай вайны

У 2003-м у афрыканскай дзяржаве Ліберыя ішоў 4 год ужо другой грамадзянскай вайны. Людзі былі падзеленыя паводле прыналежнасці да таго ці іншага племені, да той ці іншай рэлігіі. Адныя баевікі ваявалі супраць іншых, прычым адных падтрымліваў цэнтральны ўрад краіны. Абодва бакі выкарыстоўвалі гвалтоўна забраных у ваенныя фармаванні дзяцей, часта залежных ад какаіну і іншых наркотыкаў.

Ліберыйскія баевікі розных узростаў падчас грамадзянскай вайны. Крыніца James G. Antal, R. John Vanden Berghe

Тады група ліберыйскіх жанчын, мусульманак і хрысціянак, арганізавала рух «Масавае дзеянне ліберыйскіх жанчын за мір». Яны выйшлі на мірныя пратэсты, у тым ліку пагражаючы праклёнамі і адмаўляючы мужчынам у сексе, пакуль тыя ваююць. Жанчыны прымусілі прэзідэнта краіны сустрэцца з імі, а ўсе бакі вайны – сесці і падпісаць мірныя дамовы. Яны нават блакавалі дзверы і вокны ў тых памяшканнях, дзе адбываліся паседжанні прадстаўнікоў варагоўцаў.

Вайна закончылася, а ў 2005 годзе ў Ліберыі на пасаду прэзідэнта абралі жанчыну – Элен Джонсан-Сэрліф. Яна была пераабраная на гэтую пасаду ў 2011 годзе і атрымала Нобэлеўскую прэмію міру.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў