Сцяпан Латыпаў у апошнім слове ў судзе распавёў пра збіццё, катаванні і спробу самагубства


Сцяпан Латыпаў раздае кветкі дзеўчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: VS / Facebook

Палітвязень Сцяпан Латыпаў на судзе выступіў з апошнім словам. Судзяць палітвязня ў судзе Савецкага раёну Менску, піша праваабарончы цэнтр Вясна.

Палітвязня, жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава абвінавачваюць у стварэнні telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэставай сімволікі, супраціве міліцыянтам. Да таго ж вінавацяць прадпрымальніка ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін.

Сцяпан Латыпаў не прызнае віны ні па ніводным з эпізодаў, якія яму інкрымінуюцца. У судзе Савецкага раёну Менску ён выступіў з апошнім словам.

«15 верасня 2020 года людзі ў масках занеслі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за спінай, надзелі на галаву смеццевы пакет і павезлі… На Парк дружбы народаў. Па шляху двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Але гэта быў мой раён, і я ведаю там кожны паварот. Потым яны збівалі мяне. Уключылі радыё на ўсю гучнасць і пачалі мяне біць. Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, ластаўкай, збівалі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната. Білі дубінкай па ягадзіцах, Білі так, каб сіняка не заставалася. Але абапірацца я не мог яшчэ тры тыдні. Нядаўна пачуў такі тэрмін «межмышечная гематома». Магчыма, гэта была яна. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: «Вучым алфавіт, зараз пытаем літару «Аааа» і пачнем вучыць «Б». Казалі: «Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе», але я працягваў крычаць. Я крычаў і думаў, вельмі добра, што ўзялі мяне, мала хто з суседзяў у Беларусі вытрымае гэта.

Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: «Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча». І гэта ў нейкае імгненне дапамагала мне. Але яны [сілавікі] вельмі вопытныя, мяне пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца ніяк».

Артыкулы
Сцяпана Латыпава вінавацілі ў «намеры атруціць сілавікоў», але перадумалі. За што яго судзяць?
2021.06.01 12:03

Пра ціск

«Потым быў ператрус і былі допыты ў Следчым камітэце. Калі б не прабежка з суседзямі ў той дзень, я б пагадзіўся з усімі абвінавачваннямі людзей у масках у той дзень: у масавых беспарадках, хімічнай атацы і наогул у чым заўгодна. Ніводнага сіняка на мне не было, нават пластыкавыя сцяжкі не пакінулі слядоў, толькі слых жаху. І я пачаў баяцца. Дзіка баяцца, што людзі ў масках могуць зрабіць яшчэ нешта, што ім прыдумаецца. Нават не для справы, а проста для забавы, і ніхто іх не спыніць».

Пра ўмовы ўтрымання

«У газеце прачытаў, што ў СІЗА мяне 51 дзень трымалі ў карцары, але гэта не так. Я 51 дзень прасіўся ў карцар. Кожную ранішнюю і вячэрнюю праверку я пытаўся, за што мяне трымаюць у такіх умовах, а яны адводзілі вочы і казалі: »Чыста па-чалавечы спачуваем, але нічога не можам зрабіць«. Прасілі трымацца. Дзякуючы іх разуменню, за тыя маленькія паблажкі, якія мне палегчылі жыццё, я прашу прабачэння ў супрацоўнікаў СІЗА, таму што ведаю, што ў іх будуць непрыемнасці, за тое, што я гэта кажу цяпер, а людзі ў масках зноў хаваюцца. Я ўспамінаю і з спачуваннем стаўлюся да кожнага, хто даваў паказанні ў ГУБАЗ».

Артыкулы
«ByPol» распавёў, хто ўдзельнічаў у затрыманні і катаваннях Сцяпана Латыпава
2021.07.14 11:05

Пра спробу самагубства ў судзе

«Рыхтавацца да самагубства я пачаў адразу пасля таго допыту. На кожны допыт, на кожную сустрэчу з адвакатам, я браў маленькі кавалачак фольгі, падбіраючы форму і памер так, каб іх не мог выявіць канвой. Забойца-рэцыдывіст за пакет кавы падрабязна распавёў пра надгляд, а прафесійны злодзей-кішэннік навучыў хаваць лязо. Пазней мне параілі абматаць метал кавалачкам пластыру, каб ён не слізгаў па пальцах. Пластыр я папросту наклеіў на тэчку з дакументамі і напісаў на ім ручкай. Потым пераляпіў на куртку, гэта нікога не збянтэжыла. Як нікога і не збянтэжыла і тое, што ўсю першую палову пасяджэння я плёў кляп, які патрэбен быў, каб сысці годна, не скуголячы ад болю.

Было балюча. Вар’яцка балюча і страшна. Мэтай ставіў перарэзаць хоць адну з сонных артэрый. З левага боку прарэзаць не ўдалося, але затое з правага, дзякуючы ўхілу налева, атрымалася разрэзаць… І адчуў пальцамі цяпло. Нават атрымалася зачапіць артэрыю, але ад хвалявання я пацягнуў далей, замест таго, каб паглыбляцца па трахеі…

Потым тузануў за нагу канваір, я стукнуўся галавой і ўпаў. Было балюча, страшна і вельмі сорамна. Вельмі сорамна, таму што спроба выйшла няўдалай. І тое, што ёсць шмат спосабаў абараніць сваіх блізкіх і суседзяў, якіх я ў той момант не ўбачыў».

Аб’ектыў
Асадка ў горле, каб спыніць гвалт
2021.06.02 22:58

Пракурор Уладзімір Рабаў запатрабаваў Сцяпану Латыпаву 8 гадоў і 6 месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. Справу разглядае Аляксандр Волк.

Прысуд палітвязню Сцяпану Латыпаву будзе абвешчаны ў панядзелак, 16 жніўня.

Суд супраць жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава пачаўся 1 чэрвеня. Працэс ідзе ў судзе Савецкага раёну Менску. Латыпаў – 41-гадовы арбарыст (дрэвавод) і прамысловы альпініст, дырэктар кампаніі «Беларбо» і жыхар дому № 1 на менскім Смаргоўскім тракце – каля плошчы Пераменаў.

Сілавікі схапілі яго 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта «планаваў атруціць сілавікоў», аднак судзілі за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «супраціўленне пры затрыманні» і «махлярства ў асабліва буйным памеры». На судзе ў яго на твары былі бачныя сляды пабояў.

Артыкулы
Што такое «прэс-хата», дзе Сцяпан Латыпаў адсядзеў 51 дзень
2021.06.01 18:38

СК belsat.eu

Стужка навінаў