Нарвежскі гігант «Yara» пакуль вырашыў застацца ў Беларусі


Нарвежскі гігант угнаенняў «Yara», найбуйнейшы пакупнік «Беларуськалію», застаецца ў Беларусі. Святлана Ціханоўская мае намер пераканаць кампанію ў адваротным, паведамляе нарвежскі тэлеканал «NRK».

Святлана Ціханоўская перабывае з візітам у Нарвегіі. У яе запланаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам краіны. Увагу мясцовых медыяў прыцягваюць не толькі сустрэчы на найвышэйшым узроўні з палітыкамі, але і пытанне супрацы кампаніі «Yara» з «Беларуськаліем».

Нарвежская кампанія, нягледзячы на сумневы, пакуль пастанавіла застацца ў Беларусі ў якасці найбуйнейшага пакупніка «Беларуськалію», але рашэнне было няпростым. Кіраўнік канцэрну тлумачыць, што выбар абумоўлены тым, што яны не хочуць пакідаць працаўнікоў беларускай кампаніі ў бядзе.

«З верасня мінулага года я быў у Беларусі двойчы з нашым прадстаўніком. У сувязі з гэтымі паездкамі мы сустракаліся сам-насам з незалежным прафсаюзным рухам. На нас зрабіла глыбокае ўражанне, калі яны паглядзелі нам у вочы і сказалі: «Yara», калі вы сыдзеце, то нам будзе канец», – кажа Свайн Турэ Гулсэтэр, генеральны дырэктар «Yara».

Нарвежскія медыі паведамляюць, што Святлана Ціханоўская ў пятніцу сустрэнецца з кіраўніцтвам «Yara» для абмеркавання пытанняў далейшай супрацы з беларускай кампаніяй.

Hавiны
Ціханоўская наведае Нарвегію, сустрэнецца з дырэктарам «Yara»
2021.08.12 09:36

СК belsat.eu

Стужка навінаў