Літва спыніць транзіт беларускага калію, Мікалаю Статкевічу – 65. Галоўнае за 12 жніўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 12 жніўня – 369-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Са снежня Літва спыніць транзіт беларускага калію

Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс рапавёў парталу 15min.lt, што са снежня, калі набудуць моц санкцыі ЗША, праз Літву перастануць перавозіць прадукцыю «Беларуськалію».

Гэтая прадукцыя – траціна грузаў, якія ідуць праз літоўскую чыгунку і порт Клайпеды. Толькі 10 % беларускіх угнаенняў ідзе ў Еўразвяз (астатняе – у Кітай, Індыю, Бразілію і іншыя краіны). Калі тая ж чыгунка працягне вазіць угнаенні, яе могуць пакараць банкі.

«З аднаго боку, мы можам сказаць, што санкцыі тычацца толькі амерыканскіх кампаніяў, але з практыкі мы ведаем, што банкі не будуць прымаць плацяжы за паслугі, якія аказваюцца ў Літве, у еўра, а не толькі ў доларах. Кампаніі, калі ёсць суб’ект, які трапіў пад санкцыі, адмаўляюцца мець з ім якія-небудзь бізнесовыя адносіны, пазбягаючы рызыкі», – растлумачыў міністр.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

На думку Скуодзіса, яшчэ да снежня перавозкі скароцяцца, бо многія кампаніі не захочуць мець справы з падсанкцыйнай кампаніяй.

Адмова ад абслугоўвання «Беларуськалію» будзе каштаваць Літве адчувальных фінансавых стратаў. Чыгунцы можа спатрэбіцца дапамога ўраду – патэнцыйныя страты ацэньваюць у 20 млн еўра. Скуодзіс у сувязі з гэтым нагадаў пра надзвычайнае становішча на мяды – Літва вінаваціць у арганізацыі хвалі нелегальнай міграцыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Літва спыніць транзіт беларускага калію са снежня
2021.08.12 10:59

Аляксея Кудзіна прызналі палітвязнем

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой прызналі баксёра Аляксея Кудзіна і прадпрымальніка Андрэя Сакалоўскага палітычнымі зняволенымі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Аляксей Кудзін.
Фота: Алексей Кудин / Вконтакте

Баксёра Аляксея Кудзіна прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 КК («Супраціў працаўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення»). Яму прысудзілі 2,5 года калоніі.

Андрэй Сакалоўскага асудзілі на 3 гады калоніі. Яго абвінавацілі і прызналі вінаватым у тым, што ён стаяў у счэпцы і не толькі аказваў супраціў амапаўцам, але і меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам.

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення тэрору супраць грамадзянаў краіны.

У Беларусі цяпер 631 палітычны вязень.

Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Публіцысту і палітолагу Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 12 кастрычніка. Пры гэтым следчыя дзеянні над вязнем не праводзіліся ўжо тры месяцы, паведамляе ў сваім Facebook жонка палітвязня Марына Шыбко.

Ужо амаль 4 месяцы Аляксандр Фядута за кратамі. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Абвінавачваюць палітолага ў дзяржаўным перавароце.

Hавiны
Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
2021.08.12 18:47

Затрымалі і вызвалілі Дзмітрыева

Раніцай 12 жніўня сілавікі затрымалі кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года Андрэя Дзмітрыева. Прычыны затрымання невядомыя.

Фота: vk.com/dzmitryeu

Тое, што Андрэя Дзмітрыева затрымалі, парталу TUT.by пацвердзіла ягоная паплечніца Таццяна Караткевіч – кандыдатка на прэзідэнцтва на выбарах 2015 года.

Андрэй Дзмітрыеў, сярод іншага, – дэлегат «Сходу» – платформы-альтэрнатывы Усебеларускаму сходу Аляксандра Лукашэнкі. Дэлегатаў платформы масава затрымвалі 11 жніўня. З трох дзясяткаў затрыманых учора каля 20 чалавек вызвалілі, ва ўсіх праводзілі ператрусы.

Вечарам стала вядома, што пасля допыту палітыка вызвалілі і ён дома. Што стала прычынаю затрымання і хто ладзіў допыт – пакуль не агучваецца.

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў у апошнім слове ў судзе распавёў пра збіццё, катаванні і спробу самагубства
2021.08.12 19:28

Андрэеву, Барысевіч, Лубнеўскую і Чульцову ўганаравалі прэміяй

Нямецкі фонд «ZEIT-Stiftung» і нарвежскі фонд «Fritt Ord» 12 жніўня назвалі лаўрэатаў прэміі «Свабодныя медыі» («Free Media Awards»).

Гэта Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама асуджаныя на два гады зняволення за рэпартаж журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, параненая сілавікамі на пратэстах-2020 журналістка «Нашай нівы» Наталля Лубнеўская і журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, якая была ў зняволенні паўгода, бо абвергла сцверджанне ўладаў Беларусі, што забіты з удзелам сілавікоў Раман Бандарэнка быў п’яны.

Журналістак узнагародзілі за «адвагу ў расследаванні, асвятленні і дакументаванні палітычнага крызісу ў Беларусі». Прэміяй адзначаюць «беспрэцэдэнтныя высілкі і адвагу цягам гэтага драматычнага года, працу ва ўмовах дыктатуры».

Артыкулы
Журналістак Андрэеву, Барысевіч, Лубнеўскую і Чульцову ўганаравалі прэміяй «Free Media Awards»
2021.08.12 13:16

Міколу Статкевічу 65!

Палітык Мікола Статкевіч сустракае дзень народзінаў у Гомельскім СІЗА. Сёння яму споўнілася 65 гадоў. Узгадваем апошнія акцыі Статкевіча, які да апошняга заставаўся адным з самых рашучых вулічных палітыкаў.

Мікалай Статкевіч паказвае знак V пасля таго, як ён зарэгістраваўся ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Менску 18 лістапада 2010 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum
Артыкулы
Міколу Статкевічу 65! Узгадваем апошнія акцыі палітыка
2021.08.12 13:54

Амбасадарка ЗША ў Беларусі працягне працу

Афіцыйны Менск адклікаў згоду на прызначэнне Джулі Фішэр амбасадаркай Злучаных Штатаў. Але дыпламат працягне працу дзеля падтрымання беларускага народу.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыехала ў студыю «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

На брыфінгу вечарам 11 жніўня кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што Джулі Фішэр і персанал амбасады ў Менску «працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў».

«Адказнасць за пагаршэнне стасункаў між ЗША і Беларуссю ляжыць на рэжыме – на яго няздольнасці дазволіць незалежным галасам прагучаць у Беларусі і яго нежаданні выконваць міжнародныя абавязкі», – мяркуе Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

Hавiны
Амбасадарка ЗША ў Беларусі працягне працу, нягледзячы на нязгоду ўладаў
2021.08.12 10:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў