Літва і Латвія развярнулі сотню мігрантаў на мяжы з Беларуссю

Не затрымалі і не прынялі нікога з тых, хто спрабаваў перайсці мяжу нелегальна. З беларускага боку зноў чулі страляніну.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуску «Райгардас», Літва. 19 ліпеня 2021 года. Фота: ІА / Белсат

У ноч з 11 на 12 жніўня літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь 11 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць у краіну, піша LRT са спасылкай на памежную службу. Гэта ў некалькі разоў меней, чым у мінулыя дні. Нікога з мігрантаў не затрымалі.

Пры тым літоўскія памежнікі, якія патрулявалі ваколіцы Варэны і Шальчынінкаю (каля беларускіх Радуні і Воранава) чулі з беларускага боку страляніну.

Euronews: Мігранты з Блізкага Усходу не хочуць вяртацца ў Беларусь

У Латвіі ж за ўчора вярнулі ў Беларусь 56 мігрантаў, сёння раніцай – 35, паведаміла міністарка ўнутраных справаў Марыя Голубева. У час, калі мігрантаў сотнямі затрымлівалі ў Літве, на Латвію яны не ішлі.

Ды Літва ў пачатку жніўня пастанавіла не затрымліваць мігрантаў і змяшчаць у лагеры ўцекачоў, а вяртаць іх у краіну, з якой яны прыйшлі: у Беларусь. Следам вяртаць парушальнікаў мяжы вырашыла і Латвія.

Пасля рашэнняў аб «развароце» парушальнікаў з беларускага боку чуецца страляніна. Таксама пасля гэтых рашэнняў польскія памежнікі сталі затрымліваць адчувальна больш мігрантаў на мяжы з Беларуссю.

Асноўная маса людзей, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу, гэта грамадзяне Іраку, таксама сярод мігрантаў былі грамадзяне іншых азіяцкіх і афрыканскіх краінаў, але сярод затрыманых практычна не было беларусаў. Грамадзянаў Беларусі затрымліваюць значна часцей за кантрабанду цыгарэтаў, чым за нелегальную міграцыю.

Эскалацыя ці асцярожнасць? Чаго чакаць на беларуска-літоўскай мяжы

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны