Год таму пасля збівання АМАПам памёр пратэстовец Аляксандр Віхор. Вінаватых не пакаралі


Распачалі справу толькі супраць жанчыны, якая 15 жніўня 2020 года ля будынку Гомельскага аблвыканкаму казала праз мегафон, што пры затрыманні Аляксандра Віхора білі дручкамі. Чым тая справа скончылася, не паведамлялі.

Аляксандр Віхор, загінулы пасля затрымання на акцыі пратэсту ў Гомлі. Фота з gomel.today

25-гадовы Аляксандр Віхор 9 жніўня 2020 года быў затрыманы АМАПам у Гомлі, яго пакаралі 10 соднямі адміністратыўнага арышту за ўдзел у пратэстах. Пасля суда яго даставілі ў Чыгуначны РАУС, а потым канваявалі ў СІЗА. Нібыта з «прыкметамі псіхічнага разладу» хлопца накіравалі на абследаванне ў псіхіятрычную лякарню. Там ягоны стан пагоршыўся – Віхора адвезлі ў рэанімацыю, дзе ён ноччу памёр.

Маці памерлага Святлана Віхор расказвала радыё «Свабода», што ў праверцы СК было зафіксавана: баец АМАПу пры затрыманні паваліў Віхора на зямлю, націснуў нагою на шыю. У ізалятары часовага ўтрымання Віхору стала блага, уначы яго ванітавала, але яму не надавалі дапамогі, нягледзячы на просьбы яго ды іншых затрыманых. У РАУСе ён трызніў, клікаў на дапамогу, але яго за гэта пабілі. Паводле сведак, калі яго вывелі ва ўнутраны дворык РАУСу, каб адправіць у СІЗА, ён стаў задыхацца, вырываўся – яго завялі ў пустую машыну і збівалі. Па дарозе ў СІЗА, казалі сведкі, у яго пырснулі з пярцовага балончыка.

Першай версіяй, якую бацькам агучвалі следчыя, было тое, што «ён быў пад наркотыкамі» – з матэрыялаў выявілася, што тое самае міліцыянты казалі лекарам, калі прывозілі затрыманага ў ізалятар і ў псіхіятрычны шпіталь, а таксама калі перадавалі ў хуткую дапамогу. Маці лічыць, што ў тым ліку праз гэта медыкі не змаглі надаць своечасовую дапамогу.

Кіраўнік Следчага камітэту па Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў асабіста абвесціў, што смерць пратэстоўца не мела крымінальнага складніку. Ён заявіў, што сілавікі выкарыстоўвалі да яго фізічную сілу «абгрунтавана», а прычынаю смерці стала хвароба сэрцава-судзіннай сістэмы, якая раптоўна абвастрылася. Пераломы рэбраў і грудзіны, як сцвярджаў Удавікоў, з’явіліся ў Віхора нібыта ў выніку рэанімацыйных дзеянняў. Нядаўна Удавікоў атрымаў генеральскія пагоны.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Аляксандра Віхора пахавалі ў Гомлі 16 жніўня 2020 года. Адпявалі ў Міхайлаўскай царкве ў Касцюкоўцы. Развітацца з ім прыйшлі тысячы людзей.

Фота
У Гомлі развіталіся з Аляксандрам Віхорам. Ён стаў другой ахвярай міліцэйскага бязмежжа
2020.08.16 14:55

AA belsat.eu

Стужка навінаў