Буракі і морква ў Беларусі падаражэлі ў разы. Ці здолеюць чыноўнікі стрымаць кошты?


Гародніна на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Кошты ў Беларусі працягваюць расці. Пры гэтым на некаторыя тавары яны выраслі ў разы. Разбіраемся ў прычынах і перспектывах.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, кошты ў ліпені выраслі нязначна – толькі на 0,1 %. Але ж спачатку года яны павялічыліся на 5,9 % (пры прагнозе ўраду на ўвесь 2020 год 5 %). Гадавая інфляцыя яшчэ большая – 9,8 %. Больш за ўсё падаражэлі нехарчовыя тавары – на 11,6 % за год. А кошты на харчовыя тавары і паслугі павялічыліся на 8,9 %.

У топ-10 падаражэння за ліпень увайшлі морква (рост на 35,32 %), буракі (на 15,95 %), штодзённыя газеты (на 12,07 %), рэпчатая цыбуля (на 10,65 %), цытрусавыя (9,83 %), андулін (на 6,39 %), гарачая вада (на 6,33 %), будаўнічыя дэталі і канструкцыі з дрэва (на 5,58 %), хвойныя піламатэрыялы (на 5,04 %) і лак для пазногцяў (на 4,33 %).

Калі ж параўнаць кошты з пачаткам года, то буракі падаражэлі на 219,27 %, морква – на 199,96 %, свежая белакачанная капуста – на 103,14 %, бульба – на 77,13 %, рэпчатая цыбуля – на 68,2 %, паслугі цыркаў – на 35,86 %, хвойныя піламатэрыялы – 32,79 %, вінаград – на 32,65 %, штодзённыя газеты – на 26,09 %, будаўнічыя дэталі і канструкцыі з дрэва – на 25,53 %.

Разам з тым нават афіцыйныя прафсаюзы аспрэчваюць звесткі Белстату.

«Рост цэнаў на гародніну выклікае асаблівую занепакоенасць. У Менску звесткі прафсаюзнага маніторынгу паказалі рост коштаў толькі за чэрвень на буракі – 263 %, бульбу – 188 %. А ў параўнанні з коштамі снежня 2019 года буракі падаражэла і зусім на 658 %», – заявіў 10 жніўня старшыня Менскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Шчаковіч, перадаюць «Минск-Новости».

Чаму растуць кошты?

Прычыны такога росту коштаў патлумачыў «Белсату» на ўмовах ананімнасці эксперт у эканоміцы. Яны, паводле, эканаміста розныя: гэта і відавочны ўплыў дзеянняў чыноўнікаў, і іншыя фактары.

Гэтак, з ростам коштаў на лекі (за студзень – ліпень 2021 года яны падаражэлі на 14,33 %) усё проста, адзначыў эксперт.

«Паўплывала ўвядзенне падатку на дададзеную вартасць (ПДВ). І на самай справе гэта адзіна магчымы варыянт развіцця падзей. Калі ва ўрадзе кажуць, што мы ўвядзем ПДВ, але на цэны перакладаць гэта не дазволім, вось гэта смешна. А калі лекі даражэюць, бо ПДВ увялі, то так і павінна быць, інакш проста будуць пустыя паліцы ў аптэках», – падкрэсліў эканаміст.

Hавiны
Мінздароўя прыпыніла дзейнасць 28 аптэк, бо яны «праігнаравалі рэкамендацыі»
2021.03.24 12:59

Не падаткам адзіным

Разам з тым, паводле яго, у траўні быў рэзкі скачок цэнаў ва ўсім свеце, звязаны з надзеямі на заканчэнне пандэміі ды на аднаўленне эканомік пасля леташняга крызісу.

«Цяпер велізарны рост попыту на металы, драўніну. Летась па ўсім свеце яшчэ была засуха, а значыць – неўраджай і велізарны рост коштаў на прадукты харчавання, перадусім – на алейныя культуры. То бок усё, што робяць з расліннага алею (для нас бліжэй гэта маянэз), падаражэла. Таксама летась моцна выраслі цэны на збожжа, крупы – ад гэтага падаражэла мяса жывёлы, якую кормяць збожжам і крупамі. Гэта значыць збольшага рост коштаў у Беларусі – гэта абʼектыўныя прычыны, якія беларускі ўрад ніяк не адолеў бы пры ўсім жаданні. На гэта дадаем вяртанне ПДВ на ўсякія льготныя прадукты, і вось маем тое, што маем», – тлумачыць эксперт.

Не спыніць, не стрымаць

Каб стрымаць кошты, улады Беларусі выпускаюць спісы тавараў, на якія стрымліваюць кошты. Але ў такіх захадаў два бакі медаля.

Hавiны
«Мы прадаем за бясцэнак, а нехта нажываецца». Чаму альшанскія фермеры выкідваюць агуркі?
2021.07.21 21:00

«З аднаго боку, дзякуючы спісам цэны растуць не так хутка, як яны б раслі без іх. З іншага боку, што-небудзь з гэтых спісаў можа з паліц знікаць. Таму ўрад перыядычна дапускае рост коштаў. Нядаўна ў траўні яны дазволілі рост коштаў на алей у межах 25 %, бо калі б не дазволілі, то беларусы засталіся б без імпартнага алею. Калі гаворка ідзе пра абʼектыўны рост коштаў, асабліва на вонкавых рынках і асабліва на тыя тавары, якія мы выключна імпартуем, то прыходзіцца дапускаць той рост коштаў», – заявіў эканаміст.

Але ж спыніць інфляцыю з дапамогай такіх спісаў не атрымаецца.

«Калі на імпартны тавар у свеце растуць цэны, а ў нас іх будуць стрымліваць, то імпарцёру будзе проста нявыгадна яго прывозіць у Беларусь, і ён тады знікне з крамаў. Другая гісторыя – калі мы вырабляем тавар, кошт на які падвышаецца на сусветных рынках. Калі на яго забараніць павышаць цану, ёсць спакуса ўсё адправіць на экспарт. Таму па асобных пазіцыях – крупы, напрыклад – уводзяць мыта на экспарт, каб усё з краіны не вывезлі. Але па ўсіх пазіцыях зрабіць гэта не атрымаецца», – падкрэсліў эксперт.

Як прыклад такога росту ён прывёў рост коштаў на драўніну ў Беларусі, бо на яе цана ў свеце вырасла ў 2 разы.

Hавiны
«За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей!» Улады прызналі праблему ў агурочнай сталіцы Беларусі
2021.07.24 18:57

МГ belsat.eu

Стужка навінаў