Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай


Аляксандр Фядута.
Фота: Наталья Наземцева / Facebook

Публіцысту і палітолагу Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 12 кастрычніка. Пры гэтым следчыя дзеянні над вязнем не праводзіліся ўжо тры месяцы, паведамляе ў сваім Facebook жонка палітвязня Марына Шыбко.

Ужо амаль 4 месяцы Аляксандр Фядута за кратамі. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Абвінавачваюць палітолага ў дзяржаўным перавароце.

«Утрыманне пад вартай працягнулі да 12 кастрычніка, але піша, што збіраецца сустрэць там і дзень народзінаў, і Новы год. Таму перадала тэлевізар і ўжо галоўную трансляцыю дня, 9 жніўня, ён бачыў. Следчыя дзеянні тры месяцы не праводзіліся, напэўна, не прыдумалі далейшы сцэнар «кіна». Памяняліся сукамернікі, пра што журыўся, чэлы былі прыстойныя і «рукастыя», што нават штаны яму ўшылі, якія »выходныя«, бо схуднеў. Спякоту перанёс ніштавата, вырвалі зуб вельмі ўдала, але аднавілася падагра, кеўляе, а палачку нельга ўзяць», – піша Марына Шыбко.

17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы асобаў, якая нібыта планавала замах на яго і ягоных дзяцей і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Адначасова з заяваю на дзяржаўным тэлеканале выйшаў сюжэт, у якім кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што спыненая праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі.

Чацвёра затрыманых у крымінальнай справе пра змову з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу цяпер у СІЗА КДБ: гэта пушкініст Аляксандр Фядута, адвакат Юрый Зянковіч, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і супрацоўніца фірмы Зянковіча Вольга Галубовіч. Сярод абвінавачваных таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, навуковец Аляксандр Перапечка, былы баец АМАПу Павел Кулажанка, лідар магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Віталь Макаранка і былы баец «Алмазу» Ігар Макар. Яны «завочна ўзятыя пад варту», бо цяпер у іншых краінах. Следчыя КДБ накіравалі просьбы выдаць іх.

Удзельнікі размоваў, якіх паказвалі на БТ як «доказ рыхтавання перавароту», заяўляюць, што не планавалі гвалтоўных дзеянняў, а толькі абмяркоўвалі тое, што «абмяркоўваецца на кухнях штовечар у кожнай беларускай сям’і: як паскорыць сыход Лукашэнкі».

У эфіры дзяржаўнага тэлебачання распавядалі і пра 150 пікапаў з буйнакалібернымі кулямётамі, якія нібыта мусілі штурмаваць палац, і пра паўмільярда долараў ад Фонду Сораса на пераварот у Беларусі.

Hавiны
Жонка Аляксандра Фядуты распавяла пра яго стан у следчым ізалятары КДБ
2021.04.25 11:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў