Знішчэнне гістарычнай брукаванкі ў Стоўбцах: усё па законе. Але ёсць нюанс


На днях у медыях з’явілася навіна аб тым, што пад Стоўбцамі знішчылі брукаванку – першую ў гісторыі, якую ўшанавалі статусам помніка архітэктуры. Навіна сапраўды цягне на скандал, але, як стала вядома «Белсату», інфармацыя аб гэтым не карэктная.

Брукаванка Стоўбцы-Новы Свержань была пабудаваная ў 1934 годзе на трасе былога шляху, які застаўся ў памяці старажылаў як Кацярынінскі гасцінец. Кажуць, што дарога памятае Якуба Коласа. Яна была ўнесеная ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны 6 гадоў таму, але, як высвятляецца, не ўся.

Крыніца: t.me/bel_gvozdoder

Брукаванка мае дзве часткі: адна мае статус каштоўнасці, другая – не. Як так атрымалася? Па словах мясцовых жыхароў, у 2015-2016 годзе мясцовыя ўлады распачалі працы па будаўніцтву абʼязной дарогі вакол Стаўбцоў, але паспелі спяліць толькі дрэвы вакол, бо мясцовыя жыхары пачалі кампанію па абароне брукаванкі. Яе вынікам стала наданне брукаванцы ў 2016 годзе статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але статус надалі толькі кавалку, які знаходзіцца крыху далей за паварот на вёску Дразды. Той кавалак, які зараз разбурылі зараз, статусу не атрымаў.

«Гэта было па-рознаму аргументавана. Адна з прычын, наколькі я памятаю, тое, што з-за спілаваных дрэваў няма першапачатковага выгляду, і тое, што брук на гэтай частцы не самы лепшы. Насамрэч, як мне падаецца, стаўбцоўскае кіраўніцтва проста захавала манеўр на будучыню. Якая з надыходам Дажынак і прыйшла, разам з грашыма», – кажа ў каментары «Белсату» мясцовы жыхар.

Такім чынам, выглядае на тое, што калі брукаванцы надавалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, улады загадзя прадбачылі, што рана ці позна асфальт там будзе пакладзены, таму загадзя «падаслала сабе саломкі». Цяпер юрыдычна яны мелі права знішчыць кавалак дарогі, каб зараўнаваць яго ў асфальт.

Чырвоным пазначаны кавалак які не атрымаў статуса, зялёным – са статусам гісторыка культурнай каштоўнасці

Цікава, што адразу пасля надання статусу, на кавалку, які не трапіў пад абарону, на месцы зрэзаных дрэваў высадзілі вербы і паставілі помнік у гонар шараговай гадавіны ВАВ.

«Была магчымасць уключыць разбураную частку ў зону аховы абʼекта гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нават была заключана дамова на гэтыя працы, але з-за пэўных бюракратычных прычынаў гэтая праца не была зроблена. Улады зацягвалі з дамовай, перакідвалі адказнасць па аплаце адзін на аднаго. Выканкам на дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне, ДРБУ на свае абласное ўпраўленне і так па коле. Зона аховы так і не была зробленая, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства», – адзначае наш суразмоўца.

Рэканструкцыі дарогі праходзіць у межах падрыхтоўкі Стоўбцаў да абласных «Дажынак».

Артыкулы
Беларусы ці лукашысты?
2022.07.12 20:01

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў