Жыхара Баранавічаў, які вярнуўся ў Беларусь з Польшчы, асудзілі да 7 гадоў калоніі за наезд на міліцыянта


Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну вынес 11 ліпеня прысуд у крымінальнай справе, заведзенай на мясцовага жыхара Паўла Лінкевіча. Мужчыну прызналі вінаватым у прычыненні цяжкага пашкоджання супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 КК) у жніўні 2020 года. Прысуд – 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Рашэнне прыняў суддзя Мікалай Кміта.

Паводле матэрыялаў справы, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, кіруючы пазадарожнікам, учыніў наўмысны наезд на супрацоўніка органаў унутраных справаў, які ахоўваў грамадскі парадак. Міліцыянт у выніку нібыта трапіў у шпіталь. Супрацоўнікі ДАІ пераследавалі абвінавачанага, але кіроўца кінуў свой аўтамабіль паблізу вёскі Антанова, а сам схаваўся.

Як стала вядома праваабаронцам, Павел Лінкевіч з’ехаў у Польшчу, але ў пачатку траўня вярнуўся ў Беларусь, быў затрыманы і змешчаны пад варту. Судовы працэс доўжыўся ўсяго пяць дзён – з 6 ліпеня.

Паўла Лінкевіча прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 147 КК («Наўмыснае прычыненне цяжкага пашкоджання цела») і асудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паўла Лінкевіча пакуль няма ў спісе палітычных вязняў Беларусі. На дзень 12 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1234 чалавекі.

Артыкулы
Пракурор запытаў для Змітра і Насты Дашкевічаў па 1,5 года калоніі
2022.07.11 18:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў