Як расейскіх зэкаў вярбуюць на вайну: гарматнае мяса за € 3000


10 ліпеня праект Gulagu.net паведаміў, што ў Рэспубліцы Адыгея на Паўночным Каўказе вязняў вярбуюць для адпраўлення на вайну ва Украіну. У эфіры «Белсату» Вольга Раманава, дырэктарка фонду «Русь сидящая», распавяла пра вербаванне асуджаных і тое, што абяцаюць за такое падарожжа ў адзін канец.

Вольга Раманава расказала, што днямі канвойны эшалон, у складзе якога – 50 вязняў з дзвюх калоніяў Ленінградскай вобласці, паехаў у Растоў. Там іх чакаюць «калегі» – каля 50 чалавек, якіх вывезлі раней. Займаюцца з вязнямі вайсковыя інструктары ў калоніях Растоўскай вобласці, адкуль вывезлі звычайных зняволеных.

Праваабаронца адзначае: вярбуюць у турмах па ўсёй Расеі, найбліжэйшым часам гэтыя навабранцы паступяць у распараджэнне ПВК Вагнэра. Суразмоўцы вядома, што прадстаўнікі ПВК былі ўжо ў калоніях Ніжагародскай, Наўгародскай, Уладзімірскай вобласцяў, а таксама ў Мардовіі.

Спадарыня Вольга не сумняецца, што геаграфія будзе пашырацца і хутка завербаваных можна будзе пабачыць з Дагестану:

«Дагестан – раён, дзе вялікая нараджальнасць і даволі шмат зонаў, умовы жыцця не дазваляюць спадзявацца больш ні на што. Гэты раён недалёка ад Адыгеі. А па-другое – рэгіён, куды практычна найбольш прыходзіць трунаў. Бедныя дэпрэсіўныя рэгіёны з вялікаю доляю мужчынскага насельніцтва, якому няма чым заняцца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Чаму вязні пагаджаюцца на такое рызыкоўнае падарожжа?

Вольга Раманава кажа, што ў бальшыні няма сваякоў і сям’і, ніхто іх нідзе не чакае. Паездка на вайну – свабода і магчымасць зарабіць. А абяцаюць ім каля 200–250 тысячаў рублёў [паводле цяперашняга курсу – ад € 3190 да € 3988. Заўвага Belsat.eu] за месяц:

«Грамадзянская жонка аднаго з вязняў расказала, што ейны муж, які даехаў да Растоўскай вобласці і пачаў вучэнні, папрасіў яе зрабіць даверанасць на атрыманне грошай за яго. 200–250 тысяч рублёў у Расеі – вельмі добры заробак. У Еўропе ён таксама быў бы неблагі».

Акрамя грошай, зняволеным абяцаюць зняць судзімасць. Праваабаронца кажа, што ў адной з калоніяў Ленінградскай вобласці, адкуль ішла пастаўка «жывога тавару», было шмат выхадцаў з «ЛДНР», і для іх гэта магчымасць адправіцца дадому.

Колькі вязняў можна ўцягнуць у вайну ва Украіне?

Паводле суразмоўца, тыдзень таму было вядома, што ў адной з зонаў Ленінградскай вобласці адразу пагадзіліся паехаць 200 чалавек, але ў выніку паехалі толькі 80:

«Сумневы апаноўваюць шмат каго. Звычайна, калі ёсць родныя, яны намагаюцца адгаварыць ехаць на вайну. Мы не чулі, каб сваякі падтрымлівалі іхны выезд».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Каго вярбуюць?

Вользе Раманавай пакуль невядома пра вербаванне вязняў з доўгімі тэрмінамі, а таксама забойцаў, педафілаў і гвалтаўнікоў. Вагнэраўцы намагаюцца вербаваць тых, у каго тэрмін да 10 гадоў альбо набліжаецца датэрмінова-ўмоўнае вызваленне. У асноўным гэта асуджаныя за крадзяжы, разбой, узброены разбой і нанясенне цяжкіх пашкоджанняў:

«Чула, што бяруць асуджаных паводле артыкулаў за абарот наркотыкаў. Гэта траціна. Не бяруць асуджаных паводле артыкулаў, звязаных з педафіліяй, гвалтам, парушэннем палавой недатыкальнасці. Наўрад ці гэта звязана з высокімі маральнымі ўстоямі ПВК Вагнэра. Хутчэй, звязана са стыгматызацыяй асуджаных, якія таксама не лічаць асобаў, асуджаных за такія злачынствы, роўнымі з іншымі вязнямі».

Праваабаронца кажа, такіх новапрыбылых жаўнераў, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўваць для размініравання:

«Не самая працяглая праца. Я думаю, што і 200 тысячаў яны не атрымаюць, калі выжывуць. Думаю, іх падмануць. Ніякіх пісьмовых кантрактаў з імі не заключаць, і родныя ніякіх дамоваў не атрымліваюць, каб пасля судзіцца».

На меркаванне Вольгі Раманавай, будзе вялікі набор вязняў, а пасля двух месяцаў усё спыніцца.

На нетрадыцыйны спосаб камплектавання асабістага складу ўзброеных сілаў праз рэкрутацыю вагнэраўцамі асуджаных ужо звярнула ўвагу брытанская выведка.

«Калі гэта праўда, гэты крок, верагодна, паказвае на цяжкасці з кампенсацыяй значнага ліку расейскіх стратаў», – лічаць у Міністэрстве абароны Брытаніі.

belsat.eu

Стужка навінаў