Журналістцы Кацярыне Андрэевай прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення – цяпер за «здраду дзяржаве»


На закрытым судзе журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве».

Гомельскі абласны суд прызнаў журналістку вінаватай у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, паведамляе БелТА.

Архіўнае фота. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

13 ліпеня Гомельскі абласны суд абвясціў вырак журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай: 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справа мае грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб нераскрыцці і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам. Што за «здрада дзяржаве», не ведае нават муж зняволенай Ігар Ільяш – але ён перакананы, што жонка не вінаватая.

«Каця Андрэева ​​знаходзіцца ў турме толькі таму, што яна незалежная журналістка і выконвала свае журналісцкія абавязкі, – кажа Бэата Красіцка, намесніца дырэктара «Белсату». – Яе асудзілі за праўду. Застаецца спадзявацца, што рэжым Лукашэнкі доўга не пратрымаецца, а ўсе вінаватыя ў знішчэнні чалавечага жыцця адкажуць за гэта. За кратамі беларускіх турмаў застаюцца сотні невінаватых людзей, асуджаных на гады калоніі. Не будзем забываць пра іх».

Як піша «Вясна», суддзём быў Алег Харошка. Раней ён прысуджаў штрафы і арышты ў палітычных справах у Навабеліцкім раёне Гомля, у 2022 годзе адхіляў скаргі на палітычныя прысуды ў крымінальных справах.

Звязаныя са спецслужбамі прапагандысцкія тэлеграм-каналы, каментуючы новую справу супраць Андрэевай, акцэнтавалі, што палітзняволеная была суаўтаркай кнігі «Беларускі Данбас», якую ў 2021 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкай». Але наўрад ці «здрада дзяржаве» – у гэтай кнізе. Суаўтар кнігі Ігар Ільяш не фігуруе ў справе нават як сведка. Незразумела таксама, чаму следства праводзіла УКДБ у Гомельскай вобласці: Андрэева там ніколі не жыла і мала працавала ў тым рэгіёне.

«Здрадай дзяржаве» ў Беларусі лічыцца не толькі выдача дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж і пераход на бок ворага падчас вайны, але і «іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Паралельна ў Гомельскім абласным судзе разглядаецца справа журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай – працэс пачаўся 23 чэрвеня, але ў той жа дзень быў абвешчаны перапынак да 6 ліпеня.

Аб’ектыў
Пра што пішуць Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў лістах з-за кратаў
2021.11.15 22:19

Кацярына Андрэева ў няволі ўжо год і восем месяцаў. Разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай стала фігуранткай крымінальнай справы «Аб арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), пасля жывога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі, на плошчы Пераменаў у Менску 15 лістапада 2020 года.

Пасля сямі дзён адміністратыўнага арышту яна не выйшла на волю. Кацярыну перавялі ў ізалятар у Жодзіне, дзе яна была да суда. 24 лістапада 2020 года супольнаю заявай дзесяці арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнаная палітычнай зняволенай.

Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

18 лютага 2021 года ў судзе Фрунзенскага раёну Менску суддзя Наталля Бугук абвясціла прысуд, паводле якога Кацярына Андрэева атрымала 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апеляцыі на прысуд, разгледжанай судом Менску 23 красавіка 2021 года, не задаволілі.

27 сакавіка 2021 года стала вядома, што ў жодзінскай турме Андрэева атрымала статус «схільнай да экстрэмізму» за адмову прызнаць сваю віну перад турэмнай камісіяй і была ўзятая пад асаблівы кантроль.

7 красавіка 2022 года сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Гэты артыкул прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Артыкулы
Еўразвяз: Рэжым Лукашэнкі працягвае вайну супраць уласнага грамадства
2022.04.10 12:07

Кацярына Андрэева атрымала шэраг узнагародаў – завочна ў няволі.

  • 10 снежня 2020 года беларускія праваабаронцы назвалі Кацярыну Андрэеву, Дар’ю Чульцову і Кацярыну Барысевіч «Журналістамі года».
  • 10 сакавіка 2021 года Кацярыну Андрэеву, Дарʼю Чульцову ўзнагародзілі Прэміяй імя Дар’юша Фікуса.
  • 9 красавіка 2021 года Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Барысевіч сталі лаўрэаткамі прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая.
  • 7 чэрвеня 2021 года Андрэева разам з Чульцовай былі абраныя лаўрэаткамі Прэміяй імя Аксэля Шпрынгера.
  • 10 чэрвеня 2021 года лаўрэаткамі ўзнагароды «За мужнасць у журналістыцы» сталі Андрэева і Чульцова.
  • 29 ліпеня 2021 года Андрэева і Чульцова былі выбраныя лаўрэаткамі прэміі «За свабоду і будучыню СМІ».
  • 12 жніўня 2021 года Прэмія для свабоднай прэсы Усходняй Еўропы (імя Герда Буцэрыюса) была прысуджаная Андрэевай, Чульцовай, Барысевіч ды інш.
  • 15 кастрычніка 2021 года Андрэева і Чульцова сталі лаўрэаткамі прэміі «Prix Europa» ў катэгорыі «Еўрапейскі журналіст 2021 года».

belsat.eu

Стужка навінаў