Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 12 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 37 470 чалавек забітымі.

Сябры руху «Юнармия» падчас пахавання 58 неапазнаных жаўнераў самаабвешчанай ЛНР у Луганску, Украіна. 12 ліпеня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай займець поўны кантроль над тэрыторыяй Данбасу і іншым рэгіёнамі Украіны. Пры гэтым па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначалася на поўначы Украіны.

На валынскім і палескім кірунках, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў істотных зменаў не адбылося. Але кіраўнік Чарнавецкай абладміністрацыі Сяргей Асачук заявіў, што з Беларусі апоўдні выпусцілі ракеты «Іскандэр», на захадзе Украіны была абвешчаная паветраная трывога. Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што правярае гэтую інфармацыю, але пакуль дакладных сведчанняў няма.

Пры гэтым старэйшы дарадца ўрадавай камісіі ЗША па бяспецы і супрацы ў Еўропе Пол Масаро выказаў прапанову дазволіць Украіне наносіць удары па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі «акупаванай Беларусі», а таксама Крыме і Расеі.

Hавiны
Старэйшы дарадца ўрадавай камісіі ЗША па бяспецы прапанаваў дазволіць Украіне наносіць удары па Беларусі
2022.07.11 21:12

У сваю чаргу эксперты Інстытуту вывучэння вайны (ISW) пішуць, што Аляксандр Лукашэнка, верагодна, працягне даваць Расеі доступ у паветраную прастору Беларусі, каб прадэманстраваць намінальнае падтрыманне расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, не рызыкуючы пры гэтым беспасярэднім ваенным удзелам беларускіх збройных сілаў у вайне.

Hавiны
Аналітыкі ISW: Лукашэнка працягне падтрымліваць Расею, але без беспасярэдняга ваеннага ўмяшання Беларусі
2022.07.12 08:25

Тым часам У самой Беларусі Міністэрства абароны паведаміла аб правядзенні ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці з 12 па 14 ліпеня камандна-штабных вучэнняў з тэрытарыяльнымі войскамі. Адзначаецца, што вучэнні маюць на мэце ацаніць гатовасць службовых асобаў да фармавання частак тэрытарыяльных войскаў і да выканання вучэбна-баявых задачаў, «удасканаліць навыкі афіцэраў запасу ў працы на пункце кіравання і ў кіраўніцтве асабовым складам пры выкананні задачаў тэрытарыяльнай абароны».

Hавiны
Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра вучэнні тэрытарыяльных войскаў у Жлобінскім раёне
2022.07.12 10:59

На сівэрскім кірунку расейцы абстралялі з рэактыўнай артылерыі ваколіцы населенага пункту Старыкова Сумскай вобласці.

На суседнім харкаўскім кірунку шчыльнасць расейскіх артылерыйскіх абстрэлаў была значна большай: удары раэктыўных сістэмаў залпавага агню і ствольнай артылерыі прыйшліся па самім Харкаве, а таксама па населеных пунктах Дзяменціеўка, Бязрукі, Лясное, Слаціна, Прудзянка, Рускія Цішкі і Золачаў. Пры гэтым у Дзяменціеўкі вораг намагаўся праводзіць штурмавыя дзеянні, але гэтая спроба была задушаная ЗСУ.

На славянскім кірунку падраздзяленні праціўніка працягвалі штурмавыя дзеянні з мэтай паляпшэння свайго тактычнага становішча ў ваколіцах Мазанаўкі, Іванаўкі і Даліны. Гэтыя дзеянні аказаліся няўдалымі, украінскія абаронцы адкінулі расейцаў на старыя пазіцыі.

Акрамя гэтага вораг абстраляў са ствольнай і рэактыўнай артылерыі тэрыторыі ў бок населеных пунктаў Чэпіль, Вялікая Камішуваха, Барвінкова, Даброўна, Мазанаўка, Багародзічнае і Адамаўка.

На краматорскім кірунку актыўных баявых дзеянняў расейцы не праводзілі, але абстралялі з артылерыі тэрыторыі каля Старадубаўкі, Маякоў, Райгародкі, Сівэрска, Крывой Лукі, Данецкага, Верхнякаменскага, Спірнага, таксама быў нанесены авіяўдар каля Серабранкі.

На суседнім бахмуцкім кірунку ўдары прыйшліся па ваколіцах Якаўлеўкі, Бераставога, Пакроўскага, Белагораўкі, Вяршыні, Новалуганскага, Кодзема, Бахмуту і Вясёлай Даліны.

Мапа баявых дзеянняў ву Украіне 12 ліпеня 2022 года. Выява: Белсат

Шчыльныя абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў цягам апошніх содняў назіраліся таксама і на аўдзееўскім, курахаўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках.

Украінскія вайскоўцы ў сваю чаргу ўночы скінулі міны на будынак СБУ ў Энергадары, які занялі расейскія акупанты. Атакі былі здзейсненыя двойчы за ноч, міны скідваліся з дронаў. Украінскі бок сцвярджае, што сярод акупантаў ёсць загінулыя, расейскі бок інфармацыю пра ахвяраў пакуль не пацвердзіў.

На паўднёвабужскім кірунку вораг засяродзіў асноўныя намаганні на ўтрыманні пазіцыяў і недапушчэнні прарыву ўкраінскіх сілаў. Пры гэтым расейцы працягнулі абстрэлы са ствольнай артылерыі падкантрольных Украіне населеных пунктаў па ўсёй лініі сутыкнення з мэтай скавання ЗСУ.

Пры гэтым украінскія сілы працягнулі наносіць удары па расейскіх пазіцыях на акупаваных тэрыторыях. Чарговы з іх прыйшоўся па штабе расейскага армейскага корпусу ў Херсонскай вобласці ў Новай Кахоўцы. Прадстаўнік Адэскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук заявіў, што ў выніку загінулі больш за 150 расейскіх вайскоўцаў.

У той жа час прарасейскі кіраўнік ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Кахоўскага раёну Уладзімір Леонцьеў заявіў пра смерць 7 чалавек, яшчэ ад 40 да 60 атрымалі раненні. Пры гэтым расейскія СМІ пішуць пра пашкоджанні мясцовага рынку, жылых дамоў і лякарні, якія месцяцца побач з эпіцэнтрам выбуху.

Мужчына тушыць пажар у доме сваёй бабулі пасля начнога авіяўдару. Славянск, Украіна. 12 ліпеня 2022 года.
Фота: Miguel Medina / AFP / East News

Тым часам ваенна-марскія сілы Украіны паведамілі, што восем замежных суднаў зайшлі ва ўкраінскія парты, каб загрузіцца зернем. Плануецца, што вываз зерня будзе ажыццяўляцца пад суправаджэннем ваенных караблёў праз рачныя парты каналу Дунай-Чорнае мора. Гаворыцца, што гэта стала магчымым пасля аднаўлення кантролю над востравам Змяіны.

BK belsat.eu

Стужка навінаў