Ці будзе ў Беларусі першае палітзняволенае немаўля?


14 ліпеня Змітру і Насце Дашкевічам агучаць прысуд. Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе кожнаму з іх па паўтара года калоніі. У пары месяц таму нарадзіўся сын. Ці стане ён таксама палітвязнем?

Пра тое, што Данііл Дашкевіч можа трапіць за краты, напісала актывістка і праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская:

Крыніца: tanya.hatsurayavorska / Facebook

У гэтай сітуацыі ёсць некалькі варыянтаў развіцця.

Адтэрмінаванне пакарання

Арт. 93 КК прадугледжвае «адтэрмінаванне адбывання пакарання цяжарным жанчынам і жанчынам, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў».

Паводле п. 1, суд можа адтэрмінаваць пазбаўленне волі цяжарнай жанчыне або жанчыне, якая мае дзяцей да трох гадоў, акрамя асуджанай да пазбаўлення волі на тэрмін больш як пяць гадоў за цяжкое або асабліва цяжкое злачынства. Адтэрмінаванне адбываецца ў межах часу, на які заканадаўства вызваляе жанчыну ад працы ў сувязі з цяжарнасцю, родамі і да дасягнення дзіцем трохгадовага ўзросту.

Калі ўсё ж за краты

Калі суддзя Таццяна Пірожнікава не абярэ адтэрмінаванне пакарання і адправіць Насту ў зняволенне, то мае быць выкарыстаны арт. 95 Крымінальна-выканаўчага кодэксу: «Асаблівасці матэрыяльна-бытавога забеспячэння асуджаных цяжарных жанчын, якія кормяць, маці і жанчын, якія маюць дзяцей».

Зміцер і Наста Дашкевічы разам з дачкой.
Фота: nasta.dashkevich / Facebook

Паводле яго, у папраўчых установах, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя жанчыны, якія маюць дзяцей, арганізуюцца дамы дзіцяці. У дамах дзіцяці ствараюцца ўмовы, неабходныя для нармальнага жыцця і развіцця дзяцей. Асуджаныя жанчыны могуць змяшчаць у дамы дзіцяці папраўчых установаў сваіх дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, мець зносіны з імі ў вольны ад працы час без абмежаванняў. Ім можа быць дазволенае супольнае пражыванне з дзецьмі ў дамах дзіцяці.

«Па заяве жанчыны можна змяшчаць туды дзіця, і так, гэта можа быць першае дзіця-палітвязень, папярэдняму дзіцяці Дашкевічаў ужо амаль тры», – патлумачыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Паводле яго, любы прысуд Дашкевічам аб зняволенні мусіць карацца:

«Паводле артыкулу 128 КК «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва» караюцца не толькі катаванні і выкраданні людзей, але і незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, якое здзяйсняецца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі цывільнага насельніцтва, пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў.

У гэтага злачынства няма тэрміна даўніны, а яго здзяйсненне, у адрозненне ад здзяйснення катаванняў, даказваецца лёгка – прысудам суда, пасля вынясення якога суддзя робіцца суўдзельнікам, сувыканаўцам такога злачынства. Аб гэтым суддзі павінны ведаць і памятаць, выносячы прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі ў дачыненні тых, хто рэалізаваў свае правы і свабоды насуперак недэмакратычнаму закону».

На пытанне, ці прызнаюць праваабаронцы малодшага сына Дашкевічаў палітвязнем, калі Насту асудзяць на зняволенне, Сапелка адказаў, што «гэта будзе прадметам дыскусіі, але хутчэй за ўсё не».

Наста Дашкевіч на Ночы расстраляных паэтаў. 29 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Яшчэ адзін дазволены са згоды маці варыянт — перадача дзяцей адразу сваякам альбо ў органы апекі.

«Пазбаўленне волі ні за што – гэта трагедыя для чалавека і сям’і, а пазбаўленне волі пры наяўнасці чацвярых дзяцей – гэта прысуд кожнаму з чацвярых да паўтара года расстання, або, калі вырашаць забраць у калонію малодшага, – траім да расстання, а аднаму – да пазбаўлення волі», – падкрэсліў праваабаронца.

Змітра і Насту вінавацяць ва ўдзеле ў маршы пратэсту 23 жніўня 2020 года. Ім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Падчас судовага працэсу Зміцер і Наста адмовіліся даваць паказанні. Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на маршы 23 жніўня 2020 года.

Артыкулы
Пракурор запытаў для Змітра і Насты Дашкевічаў па 1,5 года калоніі
2022.07.11 18:00

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў