«Bloomberg»: сёмы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі можа быць сфармаваны бліжэйшымі тыднямі


Еўразвяз бліжэйшымі тыднямі плануе сфармаваць новы пакет санкцыяў супраць Расеі ў звязку з яе агрэсіяй супраць Украіны. Пра гэта паведаміла агенцтва «Bloomberg» са спасылкаю на афіцыйныя крыніцы.

«Прапанова можа ўлучаць абмежаванні на імпарт золата, захады ў змяненні ранейшых санкцыяў, а таксама дадатковыя санкцыйныя спісы ў дачыненні фізічных і юрыдычных асобаў», – паведамляе «Bloomberg».

Агенцтва адзначае, што пастановы абмежаваць кошты на расейскую нафту пакуль не чакаюць: трываюць дыскусіі. На пашырэнні санкцыяў у дачыненні расейскага газу настойваюць некаторыя краіны – сябры ЕЗ, але на сёння пераважная большасць еўрапейскіх краінаў не гатовая да такіх крокаў.

11 ліпеня Польскае прэсавае агенцтва (PAP) са спасылкаю на крыніцы ў ЕЗ паведаміла, што сёмы пакет санкцыяў Еўракамісія можа прэзентаваць ужо 15 ліпеня. Пасля гэтага прапанову разгледзяць 18 ліпеня на паседжанні Рады ЕЗ. Калі яе ўхваляць, пакет паступіць на зацверджанне Еўрапейскай рады.

Як паведамляе PAP, пакет месціць санкцыі супраць расейскага золата, а таксама высокатэхналагічнай вытворчасці. Але ўдакладненняў наконт транзіту санкцыйных тавараў у Калінінградскую вобласць, пра якія раней пісаў «Белсат», у ім не будзе.

Папярэдні, шосты пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі Еўразвяз зацвердзіў 3 чэрвеня. Абмежаванні закранулі тады беларускі «Белінвестбанк» (адлучэнне ад SWIFT), «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію, «Інтэр-Тытунь», «Нафтан», Белтэлерадыёкампанію ды іншыя. Пад санкцыі шостага пакету трапілі 12 фізічных асобаў з Беларусі, у тым ліку старшыня ЦВК Ігар Карпенка, прапагандысты Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак, генеральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты.

Рэпартаж
Максім Кац адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. Выбралі самае цікавае
2022.07.11 22:13

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў