Аналітыкі ISW: Лукашэнка працягне падтрымліваць Расею, але без беспасярэдняга ваеннага ўмяшання Беларусі


Аляксандр Лукашэнка, верагодна, працягне даваць Расеі доступ у паветраную прастору Беларусі, каб прадэманстраваць намінальнае падтрыманне расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, не рызыкуючы пры гэтым беспасярэднім ваенным удзелам беларускіх збройных сілаў у вайне, пішуць эксперты Інстытуту вывучэння вайны (ISW) у сваёй справаздачы.

Пяціпавярховік у горадзе Часаў Яр пасля абстрэлу 11 ліпеня. Фота мае ілюстрацыйны характар: УНІАН

Намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Украіны Аляксей Громаў паведаміў 7 ліпеня, што беларускі ўрад перадаў Расеі аэрадром Прыбыткі ў Гомельскай вобласці. 11 ліпеня беларуская маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што расейскі самалёт сістэмы папярэджання і кантролю паветранай прасторы ўпершыню з 4 красавіка ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі.

Як адзначае ISW, гэтыя звесткі могуць сведчыць, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе падтрымаць дзеянні Пуціна ва Украіне без беспасярэдняга ваеннага ўмяшання, спрабуючы адказаць на імаверны ціск з боку Пуціна.

Як адзначалі эксперты ISW і раней, верагоднасць беспасярэдняга ўдзелу Беларусі ў вайне застаецца нізкаю праз уплыў, які ваеннае ўмяшанне можа даць на стабільнасць рэжыму Лукашэнкі.

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 139-ы дзень. Пасля захопу Лісічанску і цяжкіх баёў за Севераданецк расейскія войскі ўзялі «аператыўную паўзу». Яны хочуць усталяваць канчатковы кантроль над Луганскаю вобласцю ды акружыць ЗСУ на Данеччыне. Расея працягвае наносіць ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах украінскіх гарадоў. Паводле Збройных сілаў Украіны, на 11 ліпеня ў баях былі знішчаныя больш за 37 тысячаў расейскіх вайскоўцаў і тысячы адзінак тэхнікі.

Hавiны
Старэйшы дарадца ўрадавай камісіі ЗША па бяспецы прапанаваў дазволіць Украіне наносіць удары па Беларусі
2022.07.11 21:12

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў