76-гадовую маці палітвязня Аляксея Іванісава, які праходзіць у «справе «Буслы ляцяць», будуць судзіць за абразу


На 76-гадовую маці палітычнага вязня Аляксея Іванісава, якога судзяць за «тэрарызм» у «справе «Буслы ляцяць», завялі адміністратыўную справу за абразу (ч. 1 арт. 10.2 КаАП). Пра гэта «Белсату» паведаміў блізкі сябар Аляксея. Наталлю Іванісаву будуць судзіць 13 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. У будынку гэтага ж суда ў закрытым рэжыме разглядаюць і справу сына жанчыны.

Палітычны вязень Аляксей Іванісаў. Крыніца фота: prisoners.spring96.org

Наш суразмоўца расказаў, што пасля першага паседжання ў «справе «Буслы ляцяць» 6 чэрвеня, на якім суддзя пастанавіла зрабіць працэс закрытым, адбыўся інцыдэнт паміж маці абвінавачванага Наталляй Іванісавай і незнаёмаю жанчынаю.

Нібыта жанчына ўмяшалася ў размову асобаў, якія прыйшлі на суд падтрымаць абвінавачваных, і заявіла: «Так ім і трэба. Мала! Трэба яшчэ больш перасаджаць. Праз такіх, як вашыя родныя, пакутуюць усе. І вайна праз іх ледзь не пачалася». Наталля Іванісава, пачуўшы гэткія словы на адрас сына, не стрымалася і прамовіла адно толькі слова: «Дз…рмо».

Пасля гэтага незнаёмка запатрабавала, каб дзяжурны супрацоўнік МУС выклікаў нарад міліцыі. На Наталлю Іванісаву склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 10.2 КаАП («Абраза»). Нібыта жанчына наўмысна «прынізіла гонар і годнасць» пацярпелай.

Гэта трэці суд для жанчыны. Раней яна адбыла 25 содняў на Акрэсціна

Паводле ч. 1 арт. 10.2 КаАП, пенсіянерку могуць пакараць штрафам да 30 базавых велічыняў.

Сябар Аляксея Іванісава сцвярджае, што «пацярпелая», якую ён называе «ябацькай», проста справакавала пенсіянерку на вострае слова ў адказ. Паводле крыніцы, Наталля Іванісава таксама падала ў міліцыю заяву на гэтую жанчыну.

Адміністратыўны працэс над маці палітвязня адбудзецца 13 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску (пачатак а 14:30).

Наш суразмоўца нагадвае, што ў лютым 2021 года Наталлю Іванісаву штрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» – чытала ў электравіку кнігу беларускага пісьменніка (разам з ёю тады «ўзялі» яшчэ 15 чалавек). Наступным разам яе затрымалі 27 верасня разам з сынам. Пасля ператрусаў у кватэры і на лецішчы жанчыну на 25 содняў кінулі за краты: на адным са скрыншотаў відэа на падтрыманне Марыі Калеснікавай і Максіма Знака жанчыну нібыта апазналі са спіны. Прысуджанае пакаранне Наталля адбывала ў легендарнай камеры № 15 на Акрэсціна.

У «справе «Буслы ляцяць» прайшло больш за 20 паседжанняў

Сябар палітычнага вязня Аляксея Іванісава расказаў таксама, што новага адбываецца ў закрытым працэсе ў «справе «Буслы ляцяць». Прайшло ўжо больш за 20 судовых паседжанняў. Дэталі невядомыя, бо адвакат не мае права распаўсюджваць інфармацыі.

Са звестак, што даходзіць ад Аляксея да сваякоў, дарогай у суд ён пазнаёміўся з філосафам Уладзімірам Мацкевічам, журналістам Андрэем Аляксандравым, анархістам Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, праваабаронцаю Марфаю Рабковаю.

Партрэт Аляксея Іванісава, які намаляваў яго ў СІЗА № 1 мастак і палітычны вязень Алесь Пушкін. Фота малюнку перадаў «Белсату» сябар вязня

Працэс у «справе «Буслы ляцяць» пачаўся 6 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе. Фігурантаў справы Аляксея Іванісава, Аляксея Гамезу, Мікалая Бібліса, Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва і Аляксандра Сідарэнку абвінавачваюць агулам паводле шасці крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў акце тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага дзеяча (ч. 1 арт. 359). Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 8 да 15 гадоў (ч. 1) ці нават смяротнае пакаранне (ч. 2).

Як паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна», згодна з версіяй абвінавачвання,

  • 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёну: аблілі фарбаю кодаўб, прабілі чатыры колы;
  • з 14 да 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачваных пашкодзіў чатыры апоны аўтамабіля, які належыць карэспандэнту рэспубліканскага выдання;
  • 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае работнік пракуратуры Менску з малалетнім дзіцем;
  • 22 траўня 2021 года аналагічныя дзеянні ўчынілі да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзейныя ўлады;
  • з 2 да 15 чэрвеня 2021 года пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне Менску.

Справу «тэрарыстаў», якім прыпісваюць удзел у арганізацыі «Буслы ляцяць», разглядае Менскі гарадскі суд (суддзя – Анастасія Папко), але паседжанні праходзяць у вялікай зале суда Маскоўскага раёну сталіцы. 13 траўня фігуранты справы былі ўнесеныя ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.

Гісторыі
«Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» Хто такі Аляксей Іванісаў, якога будуць судзіць у справе «Буслы ляцяць»
2022.05.31 10:51

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў