12 ліпеня дзень народзінаў адзначае палітзняволеная журналістка Ірына Слаўнікава


Палітзняволеная журналістка TVP Ірына Слаўнікава адзначае 12 ліпеня народзіны. Ірына застаецца за кратамі ўжо 255-ы дзень. Суд над ёю пачаўся ў Гомлі 23 чэрвеня і праходзіць у закрытым рэжыме. Зычым Ірыне здароўя, вытрымкі, свабоды!

Журналістка Ірына Слаўнікава.
Фота: Ірына Слаўнікава / Facebook

6 ліпеня ў працэсе над журналісткаю TVP Ірынаю Слаўнікавай абвесцілі перапынак да 14 ліпеня. Журналістку вінавацяць у арганізацыі пратэстаў і кіраванні «экстрэмісцкім фармаваннем». Ёй пагражае да 7 гадоў зняволення.

«З якой прычыны паседжанне пераносіцца, я не ведаю, гэта рашэнне суда, і тут без каментароў. Але я гэтаму вельмі рады! Таму што ў Ірыны 12 ліпеня дзень нараджэння, і мне б не хацелася, каб яна ў гэты дзень была ў шкляной клетцы, без вады і ежы, як гэта адбываецца на пасяджэнні суда», – казаў у каментары TVP Аляксандр Слаўнікаў, бацька Ірыны.

Журналістку затрымалі 30 кастрычніка 2021 году разам з мужам Аляксандрам Лойкам у менскім аэрапорце па вяртанні з адпачынку. Ірыне двойчы прысуджалі 15 содняў арышту. 26 лістапада яна сталася падазраванай у злачынстве паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Пазней супраць журналісткі выставілі абвінавачанне ў кіраванні «экстрэмісцкім фармаваннем» (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Працэс над Ірынаю Слаўнікаваю праходзіць у Гомельскім абласным судзе, ён працягнецца 14 ліпеня. Сведкамі ў справе праходзяць палітзняволеныя журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова. Калі агучаць прысуд, невядома.

Рэдакцыя «Белсату» зычыць палітзняволенай журналістцы ў дзень народзінаў трываласці, здароўя і – свабоды!

  • Віншаванні з народзінамі дасылайце на адрас: Ірыне Слаўнікавай, СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1а, 246003, г. Гомель.
Інтэрв’ю
«Няма нават слядоў злачынства». Бацька Ірыны Слаўнікавай пра суд над журналісткай
2022.07.06 20:09

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў