Палітвязня Івуліна абвінавацілі ў «перакрыванні дарогі». Былы сукамернік расказаў пра ягоны стан


Журналіст «Трыбуны», блогер і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін не выйшаў на волю пасля 30 дзён арышту. Былы сукамернік расказаў «Трыбуне», за што палітвязню выставілі крымінальны артыкул.

Аляксандр Івулін.
Фота: facebook.com/aleksandr.ivulin

Затрыманага 4 чэрвеня Аляксандра Івуліна цяпер вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ ва ўдзеле ў «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – нібыта недзе знайшлі фота яго на праезнай частцы падчас маршу, цяпер інкрымінуюць яму «перакрыванне руху».

«Ён у парадку, наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы, – расказаў пра Івуліна былы сукамернік у ізалятары на Акрэсціна. – Кожны дзень – зарадка, размінка, расцяжка, як дазваляюць умовы «хаты», прычым у «красаваўскіх» тапках. Вядома, месяц у ЦІП не мог прайсці незаўважна – схуднеў і аброс як маджахед, толькі руды. Але ён моцны духам, трымаецца бадзёра, пазітыўна».

Пад «красаваўскімі» маюцца на ўвазе тапкі з надпісам «красава» – гэта папулярнае ў каляфутбольным слэнгу слова, якое значыць штосьці прыгожае, а таксама назва расейскага футбольнага клубу.

У Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна цяпер не аддаюць перадачаў, не выдаюць матрацаў і падушак, а з камераў выводзяць пераважна «ластаўкай» – закаваўшы рукі ў кайданкі і за спінай і задраўшы рукі вязня дагары. У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе Івулін быў раней, умовы яшчэ горшыя: у камеры на 4–6 чалавек кідаюць 15–20. Пры пераходзе з ЦІП у ІЧУ Івулін змог узяць з перадачы камплект бялізны, ручнік, зубную шчотку і пасту.

У СІЗА № 1, куды Івуліна перавялі ў ноч на суботу, 10 ліпеня, умовы лепшыя: даюць матрацы і бялізну, нават водзяць у душ і дазваляюць глядзець тэлевізар.

5 ліпеня Аляксандра Івуліна прызналі палітычным вязнем.

АА belsat.eu

Стужка навінаў