Onliner.by адключыў каментары на сайце, бо баіцца за чытачоў і за сябе


Пад навінамі «Онлайнера» часта пакідалі сотні каментароў. Рэдакцыі даводзілася іх мадэраваць, але з новымі законамі гэта зрабілася нашмат цяжэй.

Ілюстрацыйная выява. Як сустракалі 2021 год у адным з менскіх двароў. 31 снежня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Партал Onliner.by паведаміў пра адключэнне каментароў на сайце ад 12 ліпеня. Пры гэтым форумы выдання працягваюць працу.

З канца восені мінулага года кожны каментар карыстальніка перад публікацыяй вычытваў мадэратар, каб пераканацца, што тэкст не парушае заканадаўства. Аднак прынятыя ў апошні час законы ўзмацняюць адказнасць за публікацыю «незаконнага» кантэнту, а межы паміж законным і «незаконным» цяпер, як піша рэдакцыя, «часта цяжка вызначыць нават прафесійнаму юрысту».

Праз гэта рэдакцыя не можа гарантаваць бяспекі тых, хто выказваецца пад навінамі, «асабліва на эмоцыях, а парадак дня такі, што па-іншаму, бывае, і не атрымліваецца». Гаворка ідзе і пра крымінальныя артыкулы супраць аўтараў каментароў і пра бяспеку рэдакцыі.

«Мы ўдзячныя ўсім нашым чытачам і ганарымся, што змаглі стварыць самую актыўную пляцоўку для абмену меркаваннямі ў краіне. Але сітуацыя змянілася», – піша рэдакцыя і дадае, што працягвае працаваць у Беларусі і для беларусаў.

Hавiны
Журналісты пакідаюць Беларусь: «Я заставаўся да апошняга, і па грамадскіх, і па асабістых прычынах»
2021.07.11 18:22

18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама дома ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. 15 чалавек, звязаныя з парталам, апынуліся ў няволі, у тым ліку дырэктарка, галоўная рэдактарка і ўдава заснавальніка парталу. Улады хочуць прызнаць увесь партал «экстрэмісцкім». Сайт TUT.by перастаў працаваць у той жа дзень, але 8 ліпеня каманда парталу запусціла новы сайт – Zerkalo.io.

Падчас «зачысткі» КДБ (так гэта назвалі самі ўлады) 8 ліпеня прайшлі ператрусы прынамсі ў пяці выданнях: «Нашай Ніве», «Брестской газете», «Медиа-Полесье», «Intex-Press» і «Orsha.eu». У няволі аказаліся кіраўнікі «Нашай Нівы» і галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя», і галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» збілі пры затрыманні. «Зачыстка» працягнулася і 9 ліпеня – ператрус правялі сярод іншых у журналісткі Onliner.by Настассі Занько.

АА belsat.eu

Стужка навінаў