«Абвінавачанні расплывістыя і галаслоўныя». Што сказалі адвакаты аб «справе студэнтаў»


Працэс у «справе студэнтаў» 12 ліпеня працягнуўся са спрэчкі бакоў. Сёння абвінавачаныя маюць выступіць з апошнімі словамі. «Белсат» перадае, што казалі іхныя адвакаты.

Артыкулы
Пракурор запрасіў у «справе студэнтаў» па два з паловай гады калоніі
2021.07.09 13:05

Адвакатка студэнткі мехмату БДУ Таццяны Якельчык

Са словаў адвакаткі, ейную падабаронную абвінавачваюць у вельмі сур‘ёзным дзеянні без істотных доказаў, а следства падагнала абвінавачанне пад матэрыялы справы ўжо пасля затрымання і так званай «яўкі з павіннай».

Палітзняволеная Таццяна Якельчык.
Фота: prisoners.spring96.org

Ні з кім, акрамя Іллі Трахтэнберга, з якім Таццяна Якельчык вучыцца на адным факультэце, абвінавачаная не была знаёмая. У Zoom-канферэнцыях не ўдзельнічала, адпаведна, заклікаць да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не магла.

Таксама Таццяне ставяць у віну ідэалагічную варожасць, аднак абарона лічыць такое абвінавачанне беспадстаўным, больш за тое, яно «цягне на міністра, але ніяк не на студэнтку другога курсу».

Адвакат просіць апраўдаць Таццяну.

Адвакатка выпускніцы БДМУ Аланы Гебрэмарыям

Адвакатка кажа, што «выстаўленае абвінавачанне складана разабраць нават юрысту, не тое што падсуднай».

Алана Гебрэмарыям.
Фота: Belsat.eu

У Telegram абвінавачаная была падпісаная ўласным імем і прозвішчам, адпаведна, яна не спрабавала схаваць сваю асобу. Ніхто з іншых фігурантаў справы не ведае, каб Алана Гебрэмарыям кагосьці заклікала да ўдзелу ў акцыях.

Адвакатка падкрэслівае, што студэнты выступалі супраць гвалту і парушэння законаў, але ўгледзець тут намер дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, немагчыма. Ёй шкада, што гэтыя маладыя людзі вымушаныя заставацца ўжо так доўга пад вартаю, а яны ж маглі б быць добрымі спецыялістамі. Абаронца лічыць абвінавачанне неабгрунтаваным і просіць апраўдаць сваю падабаронную.

Абаронца студэнткі ФФСН БДУ Ксеніі Сырамалот

Ксенія Сырамалот не прызнала віну, бо нічога з прадпісанага абвінавачаннем не здзяйсняла.

Палітзняволеная Ксенія Сырамалот.
Фота: prisoners.spring96.org

Адвакат удакладняе, што ў матэрыяле справы адсутнічаюць доказы віны падабароннай і папярэдняй змовы, усе абвінавачанні расплывістыя і галаслоўныя. Глеб Фіцнер, які адзіны з 12 фігурантаў справы прызнаў віну, таксама не згадваў што-небудзь аб супольным плане.

Абарона адзначае, што заняткі падчас акцыяў, якія праходзілі на вялікім перапынку, сарваныя не былі, праход быў вольны, таму просіць апраўдаць сваю падабаронную.

Адвакат студэнткі БНТУ Вікторыі Гранкоўскай

Адвакат Вікторыі Гранкоўскай цалкам падтрымлівае сваіх калегаў і лічыць абвінавачанне абагульненым: яно не мае пацверджанняў. Просіць прызнаць Вікторыю невінаватай і апраўдаць.

Палітзняволеная Вікторыя Гранкоўская.
Фота: prisoners.spring96.org

Праца ўніверсітэту парушаная не была, заняткі не прыпыняліся. Звесткі з асабістых ліставанняў Вікторыі не павінны мець юрыдычнай сілы, бо былі атрыманыя без згоды абвінавачанай.

Hавiны
«Маіх сяброў забраў КДБ»: гісторыя студэнткі, якая змагла збегчы ад пераследу па «справе студэнтаў»
2021.06.15 07:50

Спрэчкі бакоў скончаныя, у судзе абвешчаны перапынак да 14:30, дзе пасля абвінавачаныя выступяць з апошнімі словамі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў