З ізалятару на Акрэсціна выйшла працаўніца крамы «Кнігаўка» Наста Карнацкая


З ізалятару на Акрэсціна выйшла Наста Карнацкая, паведамляе «Вясна». Працаўніца кнігарні «Кнігаўка» правяла ў зняволенні 23 дні.

Наста Карнацкая.
Фота: haroshak.by

Наста Карнацкая адбыла арышт паводле двух адміністратыўных пратаколаў. 6 чэрвеня дзяўчына мусіла выйсці на свабоду пасля заканчэння першага тэрміну зняволення.

Наста Карнацкая таксама ёсць аўтаркай папулярнага падкасту «Белліт» і працуе ў выдавецтве «Янушкевіч». Тэлеграм-канал Насты быў захоплены прапагандыстамі. У ім адразу пачалі з’яўляцца паведамленні адпаведнага характару са спасылкамі на праўладныя медыі.

Нагадаем, што дзяўчына была арыштаваная 16 траўня разам з дырэктарам выдавецтва «Янушкевіч» Андрэем Янушкевічам. Насту Карнацкую арыштавалі паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) на 13 содняў, а дырэктару выдавецтва «Янушкевіч» прызначылі 10 содняў арышту. Андрэй Янушкевіч дагэтуль застаецца за кратамі.

Сілавікі прыйшлі ў першы дзень працы кніжнай крамы ў Менску з ператрусам. У той жа дзень, але раней, у краму завіталі адыёзныя прапагандысты Азаронак і Гладкая.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў