Святлана Алексіевіч прысвяціла атрыманую чэшскую літаратурную прэмію ўкраінцам


На 27-м міжнародным кніжным кірмашы і літаратурным фестывалі «Свет кнігі» ў Чэхіі ўручылі прэмію Іржы Тайнэра. Прэстыжную літаратурную прэмію здабыла Святлана Алексіевіч. Узнагароду беларуская пісьменніца прысвяціла ўкраінскім дзецям, паведамляе «Чэшскае радыё».

Святлана Алексіевіч.
Фота: Gazeta Wyborcza

На жаль, праз стан здароўя Святлана Алексіевіч не змагла асабіста наведаць імпрэзу і ўласнаручна атрымаць прэмію. Аднак у звароце да арганізатараў кніжнага фестывалю Алексіевіч звярнулася са словамі салідарнасці з украінскім народам:

«Украіна сёння на перадавой барацьбы са злом. І яна павінна ведаць, што мы з ёй», – адзначыла Алексіевіч.

Сёлета арганізатары фестывалю вылучылі для Украіны асобны выставачны стэнд. На ім рэпрэзентаваныя 19 украінскіх выдавецтваў. Украінцы, якія ўцяклі ад вайны, таксама маюць вольны ўваход на кірмаш.

Ва ўкраінскай секцыі праходзяць аўтарскія чытанні. Адразу пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну «Свет кнігі», як і шматлікія іншыя арганізатары культурных імпрэзаў у Чэхіі, скасаваў удзел Расеі.

Нагадаем, што прэмія Іржы Тайнэра ўручаецца дзеячам, якія выступаюць супраць цэнзуры і за каштоўнасці свабоды і дэмакратыі. У 2015 годзе Святлана Алексіевіч была ўганараваная Нобэлеўскай прэміяй за дасягненні ў літаратуры.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў