Рынак аўтамабіляў скарачаецца. Пацікавіліся наяўнасцю і цэнамі папулярных мадэляў


За пяць сёлетніх месяцаў беларусы купілі аўтамабіляў на 40 % менш, чым год таму – цэны кусаюцца. Эксперты прагназуюць, што яны працягнуць расці, а выбар аўтамабіляў будзе памяншацца. Некаторыя папулярныя мадэлі ўжо цяжка знайсці ў продажы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія ўтамабілі «Lada» – самая папулярная ў беларусаў мадэль.
Фота: lada.ru

Аўтарынак Беларусі ў студзені – траўні 2022 года скараціўся на 41 % да таго ж перыяду 2021 года – усяго беларусы купілі 10 606 аўтамабіляў, паведаміла Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА). Трэнд на скарачэнне продажаў штомесяц узмацняецца. У траўні 2022-га прадалі на 83 % менш машынаў, чым у траўні 2021-га – усяго 629 новых аўтаў. У параўнанні з сёлетнім красавіком у траўні было прададзена на 30 % аўтамабіляў менш.

У БАА бачаць прычыну ў істотным падаражэнні аўтамабіляў і пагаршэнні ўмоваў крэдытавання. Паводле іх звестак, сумарна для беларускіх дылераў цэны выраслі на 95 %.

Больш за 70 % аўтамабіляў, што прадаюцца ў Беларусі, апошнія гады ішлі з Расеі. Цяпер аўтамабільныя вытворчасці праз санкцыі там скарачаюцца і закрываюцца, таму да росту коштаў найбліжэйшым часам дадасца дэфіцыт аўтамабіляў, прагназуюць эксперты БАА.

Напрыклад, расейскі завод, дзе збіралі «Volkswagen», распускае рабочых, а завод, дзе збіралі «Kia», выпраўляў працаўнікоў збіраць трускаўкі замест аўтаў. АвтоВАЗ, што вырабляе «Лады», толькі пачынае аднаўляць працу, якую давялося спыніць з пачаткам поўнамаштабнай вайны.

Чалавек, знаёмы з продажам машынаў і запчастак, тлумачыць «Белсату»: у дадатак да росту цэнаў праз няўпэўненасць у пастаўках прадаўцы аўтаў могуць цяпер асабліва настойліва прапаноўваць дадатковыя опцыі (не заўсёды патрэбныя пакупніку), каб падвысіць выніковую цану на пару тысяч. Дылеру мае якія-небудзь гумовыя дыванкі ці накладкі на бампер ад вытворцы за сабекошт, а пакупніку яны могуць дастацца з нацэнкаю 100 % і болей.

Паводле Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, самымі папулярнымі легкавымі аўтамі ў Беларусі на пачатку гэтага года застаюцца «Lada Vesta», «Volkswagen Polo», «Kia Rio» і «Geely Coolray». Гэтыя ж мадэлі былі найбольш запатрабаванымі летась.

Калі цэны на новыя еўрапейскія і японскія машыны падскочылі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай, то «Geely» патаннелі пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі. А што з іншымі аўтамі?

Аб’ектыў
Аўтарынак Беларусі прасеў – скарыстацца сітуацыяй вырашыла «БелДжы»
2022.06.07 23:00

«Ладу Весту» паспрабуй яшчэ знайдзі! І не пытай пра запчасткі

Купіць самую папулярную машыну Беларусі-2021 усё яшчэ можна, але няпроста: у аднаго дылера засталася толькі адна машына (седан) у Менску і яшчэ адна ў іншым горадзе, у другога – дзве ў Менску. Першы дылер тлумачыць, што гэтых машынаў так мала, бо «іх купляюць проста». Затое ў гэтага дылера вялікі выбар мадэлі «Lada Vesta SW» (універсал), аж 132. І «Lada Granta» (ліфтбэк) таксама даступная: ёсць 58 машынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Lada Vesta» (злева) і «Lada Vesta SW» (справа).
Фота: lada.ru

Другі дылер тлумачыць: пакуль новых «Ладаў» проста не пастаўляюць у Беларусь – што засталося, тое і прадаюць, а ў Расеі заводы стаяць. Гарантыйнае абслугоўванне яшчэ будзе, запэўнівае дылер, запчасткі пакуль ёсць. Але што будзе з запчасткамі пазней, прадказваць не бяруцца.

Таксама цяжка прадказаць, што будзе з цэнамі. Пакуль яны ўзляцелі. Праз «Ўэб-архіў» мы праверылі, колькі каштавала адна і тая ж машына адной і той жа камплектацыі ў менскага дылера да пандэміі, дэфіцыту мікрачыпаў, пратэстаў, санкцыяў і вайны – і як раслі цэны (у рублях і ў пераліку на долары паводле курсу Нацбанку Беларусі): «Весту» можна было купіць за 10-11 тысяч долараў, цяпер каштуе 15,5 тысячы.

Цэны на «Lada Vesta» на сайце менскага дылера. Выява: Белсат

У Расеі сітуацыя падобная: «Lada Vesta» ў мінімальнай камплектацыі на расейскім сайце «Лады» прадавалася ў траўні 2020 года за 533 тысячы расейскіх рублёў, у кастрычніку 2020-га – за 601 тысячу, у лютым 2021-га – за 625 тысяч, у кастрычніку 2021-га – за 796 тысяч, на пачатку лютага 2022-га – за 863 тысячы, а цяпер – за 1 мільён 122 тысячы.

«Фольксвагены» і «Кіі» таксама падаражэлі. Але наконт дэталяў кажуць не хвалявацца

Цэны на другую і трэцюю паводле папулярнасці мадэлі таксама не цешаць. Паглядзелі праз «Ўэб-архіў» цэны на «Volkswagen Polo» ў самай таннай даступнай камплектацыі ў менскім салоне – яны за два гады выраслі ўдвая.

Цэны на «Volkswagen Polo» на сайце менскага дылера. Выява: Белсат

З «Kia Rio» сітуацыя падобная: камплектацыя «Comfort Prize» каштавала ў канцы 2020 года 31 255 беларускіх рублёў, у студзені і сакавіку 2021-га – 35 295 і 36 075 рублёў, а цяпер каштуе аж 63 700 рублёў.

Але машыны прынамсі ёсць у наяўнасці. Аўтаў «Volkswagen Polo» ў аднаго дылера 53, у другога – 78 . «Kia Rio» адзін дылер мае 16 аўтаў, другі – 24.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Volkswagen Polo».
Фота: vw.com

Што да дэталяў, дылер «Фольксвагену» праз тэлефон тлумачыць: дамова не гарантуе, што ўсе запчасткі будуць адразу ў наяўнасці, але калі пры гарантыйным абслугоўванні не знойдзецца дэталяў, іх замовяць.

Дэфіцыту дэталяў цяпер няма, папулярныя пазіцыі накшталт алівы і фільтраў «у наяўнасці». Асобныя дэталі даходзяць «не так хутка, як хацелася б», «ад месяца», але даходзяць – ёсць «белы» і «чорны» спіс лёгка- і цяжкадасяжных дэталяў. Ідуць яны з расейскіх складаў, з Еўропы паставак няма. Ці будуць праз год нейкія дэталі на расейскіх складах, прадказаць не могуць, але калі не будзе ў Расеі, то давядзецца толькі чакаць даўжэй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Kia Rio».
Фота: vw.com

Дылер «Kia» праз тэлефон заспакойвае: усё ў штатным рэжыме, запчасткі і аліва ёсць, тэхнічнае абслугоўванне праводзіцца. Як будзе праз год, тут таксама не ведаюць, але сумняваюцца, што здарыцца нешта, праз што не змогуць абслугоўваць машыны: толькі ў Менску тры сэрвісы. Маўляў, нават калі адзін закрыецца («а такіх размоваў не ідзе»), застануцца іншыя. Запчасткі для «Kia» таксама абяцаюць замовіць, калі іх не будзе, або прапануюць альтэрнатыву арыгінальным.

«На сэрвісе цяпер усё добра, запасныя часткі ёсць, аўтамабілі на складзе таксама ёсць, таму пакуль сур’ёзных пытанняў не паўстае», – кажа прадстаўнік менскага дылера «Kia».

Аналітыка
Перспектывы аўтарынку: рост цэнаў і пераарыентацыя на ўжываныя аўты з Кітаю і Карэі
2022.05.16 19:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў