МЗС Украіны распавяло пра падрабязнасці экспарту збожжа


Блізу 30 млн тонаў збожжа падрыхтавалі ва Украіне для экспарту ў 2022 годзе. Пачатак поўнамаштабнай вайны заблакаваў тавар у марскіх партах краіны. Ва ўмовах марской блакады з боку Расеі Украіна наладзіла два каналы экспарту збожжа праз Польшчу і Румынію, а таксама вядзе перамовы з дзяржавамі Балтыі, паведамляе «Reuters».

Поле са збожжам.
Фота: АЗ / Белсат

Намеснік міністра замежных справаў Украіны Дмытро Сэнік заявіў, што пакуль адзіным магчымым варыянтам для экспарту застаюцца наземныя шляхі зносінаў.

«Гэтыя калідоры неідэальныя, бо яны прыводзяць да пэўных лагістычных затрымак, але мы робім усё магчымае, каб развіваць гэтыя шляхі», – растлумачыў Сэнік.

Дыпламат адзначыў, што праз Польшчу ўкраінскае зерне вывозіцца чыгункай, але праз розніцу ў шырыні чыгуначнага палатна на мяжы збожжа неабходна перагрузіць у іншыя цягнікі ва ўмовах дэфіцыту адпаведнай інфраструктуры.

Праз Румынію Украіна вывозіць зерне чыгункай да дунайскіх партоў, пасля чаго перагружае яго на баржы і адпраўляе ў порт Канстанца. Гэты шлях таксама патрабуе шмат сродкаў і часу.

Намеснік кіраўніка МЗС Украіны адзначыў, што Кіеў вядзе перамовы аб адкрыцці трэцяга збожжавага калідору праз краіны Балтыі. Пакуль міністэрства не ўдакладняе падрабязнасцяў плану, як і не агучвае, колькі збожжа ўжо было або будзе вывезена.

Выданне «Handelsblatt» паведамляе, што ўрад Нямеччыны збіраецца стварыць адмысловы фонд для экспарту збожжа з Украіны.

Аналітыка
Недахоп харчоў ва ўсім свеце? Расейская агрэсія ва Украіне можа прывесці да гэтага
2022.06.08 13:02

Нагадаем, што Украіна разам з міжнароднымі партнёрамі абмяркоўвае магчымасць стварыць міжнародную місію для разблакавання экспарту. Як першы крок Украіна патрабуе ад Расеі адвесці свае сілы ў марской акваторыі краіны і даць гарантыі бяспекі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў